Некалькі дзясяткаў літаратараў, а таксама іх чытачы сабраліся ў менскім Палацы мастацтваў, каб павіншаваць літаратурнае аб’яднаньне «Тутэйшыя» з 30-годзьдзем.
Алесь Бяляцкі, які вёў імпрэзу разам з Сяргеем Кавалёвым, зачытаў урывак са свайго дзёньніка — успамін пра першае паседжаньне аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя». Адбылося яно 20 сьнежня 1986 году:
«Старонка пісалася 22 сьнежня. Я напісаў: „Пазаўчора, 20 сьнежня адбылася цікавая падзея ў жыцьці літаратурнага існаваньня Беларусі“».
Замоўчанае пакаленьне
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка) сказаў, што найлепшыя творы «Тутэйшых» яшчэ наперадзе:
«Я ня згодны з тымі крытыкамі і літаратуразнаўцамі, якія нас называюць страчаным пакаленьнем. Гэта абсалютна ня так. Мы ня страчанае пакаленьне, мы пакаленьне замоўчанае. Замоўчанае тымі ж самымі крытыкамі, афіцыйнымі структурамі. Замоўчанае наўмысна. Таму што наша пакаленьне было апазыцыйным да таго часу, да той літаратуры, да афіцыёзу тагачаснага, да цэнзуры, якая тады панавала ў літаратуры.
На жаль, празь некаторы час адносна свабоднай і незалежнай Беларусі зноў вярнуліся часы, падобныя да савецкіх. Як кіраўнік Саюзу беларускіх пісьменьнікаў я магу сказаць, што „Тутэйшыя“ ў пераважнай большасьці засталіся ў сваім саюзе, апазыцыйным афіцыйнаму. Такім чынам яны засталіся вернымі сабе маладым».
Дапамагалі Танк і Гілевіч
Нефармальны касьцяк аб’яднаньня паходзіў з Гомелю: Анатоль Сыс, Алесь Бяляцкі, Сяргей Дубавец ды іншыя. Маладыя літаратары вырашылі стварыць сваю літаратурную суполку. Адбылося гэта пры дапамозе старэйшых творцаў — Максіма Танка і Ніла Гілевіча.
Толькі адзін чалавек на гэты момант напісаў успаміны пра аб’яднаньне «Тутэйшыя» — Алесь Аркуш. Ён адзначыў, што далучыўся да «Тутэйшых» толькі ў пачатку 90-х гадоў, і менавіта на іх паседжаньнях даведаўся імёны выдатных беларускіх літаратурных творцаў:
«„Тутэйшыя“ — гэта мае літаратурныя ўнівэрсытэты. Там я пачуў шэраг імёнаў выдатных беларускіх літаратараў, пра якіх ня ведаў да гэтага. Таксама пачуў пра новую беларускую паэзію, якая толькі пачала паўставаць. Там я сфармаваў кірунак сваёй далейшай дзейнасьці».
Няспраўджаны праект?
Разам з тым Алесь Аркуш сказаў, што лічыць «Тутэйшых» «няспраўджаным праектам»:
«„Тутэйшыя“ мелі магчымасьць выдаць сакральную кнігу. Кожная літаратура абапіраецца ў падмурках на сакральныя кнігі. Напрыклад, для нас ёсьць сакральнай кнігай „Вянок“ Багдановіча. Як нараджаецца сакральная кніга? Трэба спрыяльны час, геніяльны аўтар і трыбуна, зь якой гэтая кніга падаецца. У выпадку зь „Вянком“ — пачатак XX стагодзьдзя з нацыянальным абуджэньнем, геніяльны паэт Максім Багдановіч, газэта «Наша Ніва» ў якасьці трыбуны. Цяпер возьмем канец 80-х гадоў — быў нацыянальны ўздым і былі выбітныя паэты, але не атрымалася сакральнай кнігі».
Бяляцкі паспрачаўся з гэтымі словамі і сказаў, што ў пэрыяд актыўнай дзейнасьці «Тутэйшых» былі напісаныя творы, якія можна лічыць сакральнымі для беларускай літаратуры. Такім маглі б быць нецэнзураваныя зборнікі «Кроў на сумётах» Сержука Сокалава-Воюша, «Пан Лес» і «Агмень» Анатоля Сыса, «Сурма» Алега Мінкіна.
«Наша Ніва» — прадукт «Тутэйшых»
Падтрымаў пазыцыю Бяляцкага і ўкладальнік першага зборніка «Тутэйшых» і аўтар іхнага маніфэсту Сяргей Дубавец:
«Калі мы няспраўджаны праект, то чаму мы тады працягваем сваю творчасьць цяпер? Я б яшчэ дадаў, што ў «Тутэйшых» было дзьве плыні беларускага нацыяналізму: змагарская і творчая. Таму «Тутэйшыя» так актыўна засьвяціліся ў палітыцы, у гісторыі. Пра творчы кірунак можна сказаць, што ўся адроджаная «Наша Ніва» — гэта прадукт «Тутэйшых».
Як біліся Сыс і Глобус
Сяргей Дубавец прыгадаў, што на паседжаньнях аб’яднаньня заўсёды было вельмі весела:
«Памятаю, калі вырашалі адправіць адказнага за паэзію Сыса і адказнага за прозу Глобуса да Ніла Гілевіча, бо трэба было нешта ў яго высьветліць, па дарозе да кабінэта Гілевіча ў іх абавязкова здараўся канфлікт, прычым такі, што даходзіла да бойкі. Сыс і Глобус былі двума нефармальнымі лідэрамі аб’яднаньня. І вось Гілевіч адчыняе дзьверы свайго кабінэта, а там двое тузаюцца і адзін аднаго душаць...»
Міхась Скобла сказаў, што самая значная постаць «Тутэйшых» — гэта Анатоль Сыс.
«І да гэтага часу ў ягонай роднай вёсцы адбываюцца паэтычныя фэстывалі, прысьвечаныя яго памяці. І там гісторыі з жыцьця „Тутэйшых“ абрастаюць мітамі і паданьнямі».
Паэтка Іна Снарская, якая паходзіць з Полацку, але жыве ў Палтаве, сказала, што працягвае пісаць па-беларуску, бо яе да гэтага часу натхняюць часы, калі ў Беларусі паўставалі літаратурныя аб’яднаньні:
«Для мяне „Тутэйшыя“ — гэта нашы наваполацкія „Крыніцы“, літаратурнае аб’яднаньне, куды ўваходзілі, напрыклад, Уладзімер Арлоў і Валянціна Аксак, якім я прыносіла свае першыя літаратурныя і журналісцкія матэрыялы. Таксама з намі былі Сяржук Сокалаў-Воюш, Якуб Лапатка. Той дух нацыянальнай сьвядомасьці жывіць мяне і цяпер, за тысячы кілямэтраў ад роднага Полацку».
Як прасілі ў Гілевіча шафу
Драматург і літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў расказаў, што «Тутэйшыя» ўвесь час прасілі, каб ім далі шафу:
«Мы яе прасілі і казалі, што будзем складаць у яе творы. І на нейкім сходзе, калі зноў мы паднялі пытаньне шафы, Ніл Гілевіч сказаў:
„Навошта вам тая шафа, у вас і твораў пакуль няма“. А мы сказалі: „Няпраўда, у нас ёсьць творы Алега Мінкіна, і мы будзем у шафе іх захоўваць“. І сапраўды, апроч пачаткоўцаў, сярод „Тутэйшых“ былі паэты, якія склаліся. І адным зь іх быў Алег Мінкін».
Цягам імпрэзы Алег Мінкін, а таксама Ўладзімер Сіўчыкаў, Алесь Ліпай, Павал Дзьмітрук і Людка Сільнова прачыталі па некалькі сваіх вершаў.
Першы палітвязень Беларусі Славамір Адамовіч сказаў, што, на яго думку, цяпер у Беларусі няма літаратурнага аб’яднаньня, якое можна было б параўнаць з «Тутэйшымі» ці пазьнейшым «Бум-Бам-Літам»:
«У той час я толькі пачынаў, стараючыся ісьці ўсьлед за старэйшым Мінкіным. Але ўсё тое, што потым стала іміджам радыкала і рэваншыста, ува мне ўжо бушавала. „Тутэйшыя“ сёньня ўжо гісторыя. Але ці то мы недапрацавалі, ці нешта іншае паўплывала. Дзе сёньняшняя моладзь? Сёньня — змрачнейшыя часы, чым тыя, што былі пры нашай маладосьці».
Славамір Адамовіч прачытаў верш, прысьвечаны 30-годзьдзю «Тутэйшых», у якім ёсьць такія радкі:
...І хто там чуў пра бел-чырвона-белы
І знак «Пагоня» як дзяржаўны герб?
Мы толькі праглі вершаў без прабелаў
І ўласнай мовы для сваіх патрэб.
«Тутэйшыя» — больш, чым літаратура
У падтрымку гэтых радкоў Алесь Бяляцкі сказаў, што «Тутэйшыя» займаліся ня толькі літаратурай, але і грамадзка-палітычнай дзейнасьцю:
«„Тутэйшыя“ былі ня толькі літаратурным аб’яднаньнем. І мы зьбіраліся ня толькі, каб пачытаць вершы і пакрытыкаваць адно аднаго. Мы фармавалі сябе як беларусаў. Мы бралі ўдзел у беларускім моладзевым руху, які ў канцы 80-х гадоў быў цэнтравым. Мы бралі ўдзел у мітынгу ў Траецкім прадмесьці ў 1987 годзе, калі Анатоль Сыс скончыў свае вершы поклічам „Жыве Беларусь!“; мы ўдзельнічалі ў адкрыцьці першай беларускай клясы ў Шабанах, дзеля чаго зьбіралі подпісы разам з „Талакой“; мы зрабілі „Дзяды“ ў 1988 годзе — гэта была падзея, якая распачала масавы дэмакратычны рух. Было разуменьне, што „Тутэйшыя“ — гэта больш, чым літаратурнае кола».