Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Балтыі заклікалі ЗША падтрымліваць сумесную абарону


Канадзкія вайсковыя самалёты над Літвой (архіўнае фота).
Канадзкія вайсковыя самалёты над Літвой (архіўнае фота).

Міністры абароны Латвіі, Літвы і Эстоніі ізноў заклікалі ўзмацняць удзел ЗША ў абароне краінаў Балтыйскага рэгіёну на фоне засьцярогаў з нагоды пазыцыі новай адміністрацыі абранага прэзыдэнта Дональда Трампа.

У заяве, апублікаванай пасьля чарговых перамоваў аб супрацоўніцтве ў галіне абароны, міністры «выказалі гранічную важнасьць» трывалай прыхільнасьці ЗША бясьпецы краінаў Балтыі. Міністар абароны Латвіі Раймандс Бэргманіс, міністар абароны Літвы Раймундас Каробліс, і Эстоніі — Маргус Цахкна заклікалі Вашынгтон забясьпечыць «надзейнае стрымліваньне і прысутнасьць сілаў Злучаных Штатаў у краінах Балтыі».

У 2015 годзе Злучаныя Штаты пагадзіліся разгарнуць танкі, артылерыю і іншую ваенную тэхніку ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, каб павялічыць магчымасьці апэратыўнага разгортваньня ў пэрыяд крызысу. У сваёй заяве міністры абароны падкрэсьлілі, што хочуць доўгатэрміновай паветранай і марской прысутнасьці НАТО ў рэгіёне Балтыйскага мора, у тым ліку працяг пашыранай місіі паветранага назіраньня.

Дональд Трамп заявіў падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША, што разгледзіць уклад той ці іншай краіны ў НАТО да таго, як выступіць у яе абарону, што выклікала неспакой у Эстоніі, Літве і Латвіі, якія баяцца росту ўплыву Расеі. Эстонія выдаткоўвае на абарону каля двух працэнтаў валавога ўнутранага прадукту, у той час як Латвія і Літва заявілі, што будуць імкнуцца дасягнуць гэтага ўзроўню ў працягу наступных некалькіх гадоў.

Раней у сераду было абвешчана, што Злучаныя Штаты вырашылі паскорыць разгортваньне войскаў у Польшчы, краінах Балтыі і Румыніі у рамках павышэньня бясьпекі ў рэгіёне. Пра гэта заявілі ў сераду прадстаўнікі міністэрстваў абароны ЗША і Польшчы.

Міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч зрабіў заяву па выніках перамоваў з камандуючым сухапутнымі войскамі ЗША ў Эўропе, генэрал-лейтэнантам Бэнам Ходжэсам. Бранятанкавая брыгада з Форт Карсан, штат Каларада, будзе разгорнутая ў Польшчы ў пачатку студзеня, яшчэ адно вайсковае падразьдзяленьне ЗША будзе разгорнутае 1 красавіка.

Ходжэс сказаў, што войскі прыбудуць у нямецкі порт Брэмэргафэн 6 студзеня і будуць неадкладна разгорнутыя ў Польшчы, краінах Балтыі і Румыніі. «Іх транспарціроўка будзе разглядацца як праверка таго, наколькі хутка сілы могуць перамяшчацца з порту ў поле», — сказаў ён. Генэрал паведаміў, што танкавая брыгада ўжо выйшла са сваёй базы ў Каларада і пагрузілася на караблі.

Члены НАТО на саміце ў Варшаве ў ліпені ўхвалілі разгортваньне чатырох шматнацыянальных батальёнаў у Польшчы і краінах Балтыі. Нямеччына разьмесьціць шматнацыянальны батальён у Літве, і аналягічныя батальёны на чале са Злучанымі Штатамі зьявяцца ў Польшчы, пад кіраўніцтвам Вялікабрытаніі — у Эстоніі, і пад кіраўніцтвам Канады — у Латвіі.

Балтыйскія дзяржавы і Польшча ўстрывожаныя расейскай анэксіяй Крыму ў 2014 годзе і падтрымкай узброеных прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG