Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі спэцназ у Беларусі — пагляд з Масквы і Варшавы


Два вайсковыя экспэрты, расейскі і польскі, камэнтуюць нам зьвестку пра ўказ Аляксандра Лукашэнкі, якім ён ухваліў праект сумеснага з РФ пагадненьня аб удзеле сілаў спэцыяльнага прызначэньня ў контратэрарыстычных апэрацыях на тэрыторыі Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі.

Віктар Літоўкін, вайсковы аглядальнік агенцтва ІТАР-ТАСС, палкоўнік у адстаўцы.

РС: Навошта спатрэбілася такое пагадненьне якраз цяпер?

Віктар Літоўкін
Віктар Літоўкін

Літоўкін: Справа ў тым, што Беларусь і Расея — вайсковыя саюзьнікі, ня толькі ў рамках АДКБ, але і на двухбаковай аснове. Таму сумесныя дзеяньні, сумесныя трэніроўкі, сумесныя вучэньні сіл спэцыяльных апэрацый уваходзяць як абавязковая частка падрыхтоўкі ўзброеных сіл саюзнай дзяржавы па абароне нацыянальных інтарэсаў Беларусі ці Расеі. Таму, я думаю, няма нічога дзіўнага ў тым, што будуць трэніравацца разам спэцназаўцы Расеі і Беларусі ў барацьбе з тэрарыстамі, тэрарыстычнымі пагрозамі ці іншымі праявамі агрэсіі супроць абедзьвюх дзяржаваў.

РС: Існуе вайсковае пагадненьне з 2009 году ў рамках АДКБ, сярод іншага аб змаганьні супроць тэрарыстычных пагрозаў. Навошта спатрэбілася яшчэ двухбаковае пагадненьне? Тое пагадненьне недастатковае для Беларусі і Расеі?

Літоўкін: Не. Справа ў тым, што ёсьць заданьні, якія вырашаюцца на двухбаковай аснове. Напрыклад, калі нешта адбываецца на тэрыторыі Беларусі, не абавязкова прыцягваць дзеля гэтага войскі Казахстану або Кіргізстану, калі гэта можна вырашыць на двухбаковай аснове. У НАТО таксама ж ня ўсе 28 дзяржаваў вырашаюць адно і тое самае заданьне.

РС: Расея — вялікая краіна, і там бывае рознае. Бэслан і іншыя жахі... А якія контртэрарыстычныя апэрацыі маюцца на ўвазе ў Беларусі?

Літоўкін: Ну, ведаеце, я думаю, што ў вас у кватэры таксама мэталічныя дзьверы. І я ня думаю, што вы рыхтуецеся да нападу на вашу кватэру нейкіх злодзеяў ці бандытаў. Але, тым ня менш, вы паставілі гэтыя дзьверы на ўсялякі выпадак. Таму і ў Расеі, і Беларусі спэцназ рыхтуецца на ўсялякі выпадак.

Просты прыклад. Украіна не зьвяртала ўвагу на свае ўзброеныя сілы цягам апошніх 20 гадоў. І калі выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны спадар Турчынаў накіраваў войскі ў Данецк і Луганск, каб яны навялі парадак, аказалася, што гэтыя падразьдзяленьні не былі здатныя на гэта. Яны не былі здатныя змагацца нават з паўсталымі шахцёрамі і работнікамі, і так далей. Каб гэтага ня здарылася з узброенымі сіламі Расеі і Беларусі, неабходна падтрымліваць іх баяздольнасьць у высокай ступені гатоўнасьці.

РС: Дык вось, гаворачы пра падобныя сытуацыі, што б вы адказалі на тыя шматлікія галасы зь Беларусі, якія асьцерагаюць, што пасьля падпісаньня гэтага пагадненьня зь Беларусьсю Расея атрымае прававую аснову ўвесьці ў Беларусь так званых «зялёных чалавечкаў»?

Літоўкін: У страху вялікія вочы. На тэрыторыі Беларусі ніхто ня мае права весьці нейкія баявыя дзеяньні без рашэньня кіраўніцтва Беларусі. Расея — ня Злучаныя Штаты, якія могуць урывацца ў чужую краіну бяз згоды гэтага кіраўніцтва, як яны, напрыклад, робяць цяпер у Сырыі, без рашэньня Рады Бясьпекі ААН і без запрашэньня кіраўніцтва Сырыі. Расея вельмі дакладна выконвае міжнародныя дамоўленыя абавязаньні, міжнародныя правілы. Таму выдумваць розныя страхі і палохаць людзей «зялёнымі чалавечкамі», якія раптам прыйдуць у Беларусь — гэта, па меншай меры, наіўна, а па большай меры — подла.

Юльюш Сабак, вайсковы экспэрт польскага інтэрнэт-парталу Defence24.

РС: Чаму плянаванае пагадненьне аб супольным удзеле спэцназаўцаў Беларусі і Расеі ў контртэрарыстычных апэрацыях на тэрыторыі абедзьвюх дзяржаваў усплывае якраз цяпер?

Юліюш Сабак
Юліюш Сабак

Сабак: Я думаю, гэта элемэнт шырэйшага вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі. Але, верагодна, гэта можа быць зьвязанае і зь нядаўнімі спробамі Лукашэнкі стаць нейкім чынам больш незалежным ад Расеі ў вайсковым пляне. Мяркую, што гэтым Масква паказала яму ягонае месца.

Праз гэтае пагадненьне, калі яно будзе ратыфікаванае абедзьвюма краінамі, Расея атрымае права ў любы момант увесьці свае спэцпадразьдзяленьні на тэрыторыю Беларусі згодна зь міжнародным законам. Гэта дасьць ёй магчымасьць праводзіць любыя апэрацыі з удзелам спэцназаўцаў. Тут ня ўзьнікнуць ніякія такія сумневы, якія ўзьнікаюць у сувязі з прысутнасьцю расейскіх вайскоўцаў ва ўсходняй Украіне. Як ведаем, там зьяўляюцца поўныя падразьдзяленьні, і то ня толькі спэцназаўцаў, але і падразьдзяленьні дэсантнікаў ці іншых відаў расейскіх узброеных сілаў. Афіцыйна падаецца, што гэтыя вайскоўцы знаходзяцца ў водпуску. А калі б Расеі спатрэбілася правесьці нейкую апэрацыю ў Беларусі — чаго Лукашэнка крыху пабойваецца, бо ж сёлета ён праводзіў на ўсходзе краіны вучэньні па змаганьні з сэпаратысцкай пагрозай — яна б магла задзейнічаць свае падразьдзяленьні зусім легальна на тэрыторыі суседняй дзяржавы.

РС: Вы лічыце, што Лукашэнка — такі майстар палітычнага манэўраваньня ў адносінах з Расеяй — сапраўды хоча мець пагадненьне, якое давала б расейцам юрыдычнае права ўвесьці свае спэцыяльныя сілы ў Беларусь?

Сабак: Тут, канешне, мы можам абапірацца толькі на домыслы і меркаваньні, наколькі Лукашэнка кіруе Беларусьсю самастойна, а наколькі ён — толькі спадарожнік на арбіце Масквы. У гэтай сфэры ляжыць і адказ на пытаньне, наколькі гэта ягонае самастойнае рашэньне, а наколькі — загад, прысланы яму з Крамля, каб расейскія сілы атрымалі магчымасьць дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі або з тэрыторыі Беларусі. Нельга выключыць, што расейскія войскі, якія апынуцца ў Беларусі ў рамках нейкіх антытэрарыстычных апэрацый, могуць выкарыстаць Беларусь як базу для дзеяньняў, напрыклад, супраць балтыйскіх краінаў.

РС: Калі такое беларуска-расейскае пагадненьне будзе падпісанае, то як яно зьменіць вайсковую сытуацыю ў рэгіёне з пэрспэктывы Польшчы?

Сабак: Гэткі паварот насамрэч прыблізіў бы расейскія войскі да польскай мяжы на значна большай яе даўжыні, чым цяпер. Дагэтуль Лукашэнка — прынамсі ад пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту ў Крыме і на Данбасе — намагаўся захаваць нэўтралітэт, нават калі толькі для вока, і ён, сярод іншага, не дазволіў расейцам увесьці вайсковыя падразьдзяленьні на сталай аснове. З польскай пэрспэктывы гэтая частка нашай усходняй мяжы была больш бясьпечная, чым калі б расейцы атрымалі права свабодна перамяшчаць або дысьлякаваць сваіх спэцназаўцаў у Беларусі. У такім выпадку ўзрасла б вайсковага пагроза і для Польшчы, ня толькі для балтыйскіх краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG