Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанцы зладзілі краязнаўчую канфэрэнцыю, якую райвыканкам назваў «немэтазгоднай»


Ацалелы будынак базыльянскага кляштара ў Воршы
Ацалелы будынак базыльянскага кляштара ў Воршы

Арганізатарамі гісторыка-краязнаўчай канфэрэнцыі «Базыльянскі/Пакроўскі манастыр — мінулае, сучаснае, будучае» выступілі мясцовыя сябры ГА «Таварыства беларускай мовы» і неабыякавыя гараджане — тыя, што ўжо не адзін дзясятак гадоў змагаюцца за тое, каб помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ўтрымліваўся ў належным стане.

Аршанскія актывісты ўжо ня першы год ладзяць краязнаўчыя імпрэзы да ўгодкаў наданьня Воршы Магдэбурскага права. Апошняя канфэрэнцыя была адмысловай у гэтым шэразе: яе зладзілі, каб нагадаць пра неабходнасьць рэстаўрацыі помніка архітэктуры.

Імпрэзу хацелі правесьці на гарадзкім узроўні, аднак ніводная бібліятэка гораду не наважылася прадаставіць памяшканьне, нават з умовай платы за арэнду. І хаця спачатку ўзаемаразуменьне было нібыта знойдзена, сытуацыя зьмянілася пасьля пісьмовай заявы арганізатараў на імя намесьніка старшыні райвыканкаму па ідэалёгіі Алега Смірноўскага. Той даслаў адмову: маўляў, «усе мерапрыемствы ў раёне праводзяцца выключна з дазволу райвыканкаму», а ён асабіста лічыць правядзеньне гістарычна-краязнаўчай канфэрэнцыі "немэтазгодным«. Тым ня менш, імпрэза адбылася, а гаварылася на ёй пра вельмі праблемны для гораду аб’ект — колішні жылы будынак базыльянскага манастыра, які месьціцца ў самым цэнтры Воршы і мае вельмі непрывабны выгляд.

Пачатак канфэрэнцыі
Пачатак канфэрэнцыі

Паўзруйнаваны будынак у музэйным завулку побач з гарадзкім аддзелам міліцыі — гэта фрагмэнт цэлага комплексу, збудаванага ў стылі віленскага барока. Аднак царкву Апекі Маці Божай зьнішчылі ў часы ваяўнічага атэізму. Сьведкам тых падзеяў быў мастак Мікола Купава, які падзяліўся сваімі ўспамінамі ў паведамленьні «Гісторыя Аршанскага кляштара базыльянаў — яго поўны заняпад і ўваскрасеньне».

Выступае Мікола Купава
Выступае Мікола Купава

Спадар Купава, карэнны аршанец, выступае за аднаўленьне ўсяго кляштарнага комплексу. І выступае ня толькі на словах: ён ахвяраваў на рэстаўрацыю ўласныя сродкі — ад продажу карцін зь віртуальнай выставы «Сьвятло Бацькаўшчыны». Аднак цяпер гаворка ідзе нават не пра аднаўленьне комплексу цалкам: клопатам аршанскай грамадзкасьці стала захаваньне хаця б астатняга будынка.

Графiчная рэканструкцыя царквы Апекі Маці Божай базыльянскага кляштара (пачатак мiнулага стагодзьдзя) Аўтар А. Невар
Графiчная рэканструкцыя царквы Апекі Маці Божай базыльянскага кляштара (пачатак мiнулага стагодзьдзя) Аўтар А. Невар

Пасьля таго, як у 2005 годзе падчас чарговага зімовага сьнегападу там праваліўся дах, гарадзкія ўлады Воршы вырашылі не займацца яго рамонтам — перадалі будынак Віцебскай япархіі праваслаўнай царквы. Але зьмена ўласьніка плёну ня мела: будынак кляштара больш як 10 гадоў адстаяў бяз даху, гібеючы пад дажджом і сьнегам. Увесь гэты час аршанскія краязнаўцы і проста неабыякавыя людзі заклікалі гаспадароў выконваць заканадаўства аб ахове помнікаў. Аднак пра тое, што будынак знаходзіцца пад аховай дзяржавы, сьведчыла толькі шыльда: міністэрства культуры ў адказ на калектыўныя звароты паведамляла, што ўмешвацца ня можа, бо ў будынка ёсьць уласьнік. А Віцебская япархія зрабіла канкрэтныя захады дзеля захаваньня помніка толькі сёлета: рэшткі гістарычнага будынка нарэшце накрылі дахам.

Выступае прадстаўнік япархіі гераманах Серапіён
Выступае прадстаўнік япархіі гераманах Серапіён

Гаспадары па-ранейшаму абяцаюць адрэстаўраваць будынак. Пра гэта на канфэрэнцыі зноў казаў гераманах Серапіён (Сянкевіч). Аднак канкрэтных тэрмінаў так і не прагучала, хоць пра рэстаўрацыю гаворкі вядуцца ўжо ня першы год. Яшчэ ў 2013 годзе гаспадары будынка абвясьцілі, што створаны дабрачынны рахунак, куды пералічаюцца грошы якраз дзеля гэтае мэты. І што сродкі паступаюць туды нават з выручкі царкоўных шапікаў. Але куды падзелася тое, што было сабрана, дагэтуль ня ясна. Вядома хіба толькі тое, што майстэрня архітэктара Мікалая Лук’янчыка атрымала замову на праект і што эскізны праект рэстаўрацыі базыльянскага кляштара ўжо зроблены. Таксама вядома, што з архітэктурнай майстэрняй замоўнікі дагэтуль не расплаціліся, таму цяжка меркаваць, на якія сродкі гаспадары абяцаюць правесьці рэстаўрацыю.

Між тым, рэстаўрацыя неабходная ня толькі таму, што ў выніку Ворша займее яшчэ помнік архітэктуры, які ня сорамна паказаць гасьцям. Кляшторны будынак мае ўласную гісторыю — як цэнтар духоўнай асьветы і культурніцкі аб’ект. З 1842 году тут разьмяшчаўся Сьвята-Пакроўскі мужчынскі манастыр і Аршанская духоўная вучэльня, зь якой зьвязаныя жыцьцё і дзейнасьць вядомага беларускага этнографа, фальклярыста, лексыкографа Івана Насовіча. Тут вучыліся выбітныя беларускія літаратары Міхась Зарэцкі і Васіль Шашалевіч — пра іх таксама згадвалі выступоўцы на канфэрэнцыі, прысьвечанай базыльянскаму кляштару.

Тацяна Вароніна, былая музэйная супрацоўніца, ініцыятарка канфэрэнцыі
Тацяна Вароніна, былая музэйная супрацоўніца, ініцыятарка канфэрэнцыі

У гэтым самым кляшторным будынку мясьціўся першы Аршанскі краязнаўчы музей, пра што прысутным нагадала Тацяна Вароніна ў сваім выступе «Музэй у Музэйным завулку». Спадарыня Тацяна цяпер на пэнсіі, але шмат гадоў аддала працы ў аршанскай музэйнай сыстэме, і менавіта яна была адной з арганізатарак канфэрэнцыі, задача якой — ізноў прыцягнуць увагу грамадзкасьці да помніка, які не заслугоўвае горкага лёсу стаяць занядбаным.

Ушанаваньня вартая і асоба заснавальніка аршанскай сьвятыні, Івана Ляпкоўскага, пра якога вядомы гісторык Адам Кіркор пісаў у «Живописной России»: «Лепковскаго, как при жизни, так и после смерти, считали почти святым». Пра тое, што гаспадарам варта ня толькі дбаць пра рэстаўрацыю, але й прадугледзець захады па ўшанаваньні памяці выбітных асобаў, чый лёс зьвязаны з будынкам былога кляштара базыльянаў, а цяпер Сьвята-Пакроўскага жаночага манастыра, таксама гаварылася падчас імпрэзы. Пра неабходнасьць адзначыць ролю гістарычнага будынка ў духоўным і культурным жыцьці быў складзены калектыўны ліст, падпісаны прысутнымі, і накіраваны міністру культуры Рэспублікі Беларусь Барысу Сьвятлову і Мітрапаліту Менскаму і Заслаўскаму Паўлу, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі.

Удзельнікі канфэрэнцыі каля кляшторнага будынка
Удзельнікі канфэрэнцыі каля кляшторнага будынка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG