Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжаліка Борыс абраная новай старшынёй непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў


Дзявяты зьезд Саюзу палякаў Беларусі
Дзявяты зьезд Саюзу палякаў Беларусі

Першыя крокі на пасадзе старшыні СПБ Борыс зьбіраецца зрабіць у накірунку ўзмацненьня арганізацыі, а таксама яе аўтарытэту.

Анжаліка Борыс была абраная новай старшынёй непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў на дзявятым зьезьдзе арганізацыі, які адбыўся ў Горадні.

За яе прагаласавалі 99 дэлегатаў з 189 прысутных. Ейны апанэнт — Мечыслаў Яськевіч, які да гэтага кіраваў Саюзам палякаў, набраў 85 галасоў.

За Анжаліку Борыс галасуе Анджэй Пачобут
За Анжаліку Борыс галасуе Анджэй Пачобут

Падчас абмеркаваньня кандыдатуру Борыс падтрымалі ганаровы старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін, а таксама Анджэй Пачобут, журналіст польскай «Газеты Выборчай». Абодва зазначылі, што ў Беларусі крызісная сытуацыя і добрыя ўмовы для таго, каб арганізацыя, нарэшце, была прызнаная, дзеля гэтага, маўляў, на пасаду старшыні патрэбная моцная асоба.

Анжаліка Борыс
Анжаліка Борыс

«Першае, на што будзе скіравана ўвага на новай пасадзе, — заявіла Свабодзе Анжаліка Борыс, — гэта ўзмацненьне арганізацыі, а таксама яе аўтарытэту». Сярод першых крокаў Борыс таксама плянуе заняцца легалізацыяй арганізацыі — весьці размову зь беларускімі ўладамі адносна яе рэгістрацыі. Вось што адказала Борыс на пытаньне Свабоды аб магчымым аб’яднаньні двух існуючых Саюзаў палякаў.

«Беларускія ўлады мусяць зьмяніць стаўленьне да нашай арганізацыі, паколькі і я, і сябры нашае арганізацыі зьўляемся грамадзянамі Беларусі, а таксама падаткаплатнікамі. І тое, што ўлады робяць выгляд нібы нас няма — гэта стаўленьне мусіць зьмяніцца. Калі гэтага не адбудзецца, то мы будзем працаваць у тым самым рэжыме, як працавалі дагэтуль.

Цяпер ужо былы старшыня Саюзу палякаў Мечыслаў Яськевіч пасьля выбараў падзякаваў дэлегатам, якія аддалі свой голас за яго, а таксама галасавалі супраць.

Мечыслаў Яськевіч
Мечыслаў Яськевіч

«Наш зьезд яшчэ раз засьведчыў, што мы існуем на дэмакратычных умовах і кожны мае права зрабіць свой выбар. Гэтым істотна адрозьніваецца наша арганізацыя ад іншых. А таму ўсім дзякую і запрашаю да далейшай працы».

Сярод гасьцей дзявятага зьезду Саюзу палякаў прысутнічаў амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік. На пытаньне Свабоды ў справе легалізацыі непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў зазначыў, што размовы на гэты конт зь беларускімі ўладамі праводзяцца пастаянна.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік

«Мы чакалі, калі пройдзе зьезд арганізацыі. Гэта чарговы этап. Стаўленьне Варшавы ў гэтым пытаньні застаецца нязьменным — мы хочам легалізацыі Саюзу палякаў Беларусі. Мы таксама хочам весьці перамовы пра маёмасьць Саюзу палякаў, пра Польскія дамы ў Беларусі».

З 2005 году ў Беларусі існуюць два Саюзы палякаў. Адзін зь іх падтрымліваецца беларускімі ўладамі, а другі не прызнаецца ўладамі, але мае падтрымку ад уладаў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG