Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімскі пісьменьнік сабраў вялізную калекцыю запалак і хоча стварыць музэй філюмэніі


Частка калекцыі Сяргея Чыгрына
Частка калекцыі Сяргея Чыгрына

Столькі розных запалак, як у пісьменьніка са Слоніма Сяргея Чыгрына, у Беларусі, бадай ні ў кога няма. Прынамсі, сам ён у гэтым перакананы. У Чыгрына некалькі тысяч карабкоў. З розных краін. Ёсьць наборы.

— А ты не баісься, што яны пажаранебясьпечныя? — цікаўлюся ў яго.

— Не. У мяне яшчэ ў дзяцінстве было сабрана пяць тысяч карабкоў. Але калі паехаў вучыцца, маці ўзяла спаліла ў печцы.

— Дык яны пустыя былі?

— Поўныя! —адказвае Сяргей.

Сяргей Чыгрын
Сяргей Чыгрын

Асабліва цікавяць, канечне, свае, беларускія, — працягвае ён. — Хлопцы, дзяўчаты, калі прыяжджаюць з усёй краіны ў госьці, ведаюць, што трэба прывезьці запалкі. Я пачаў працу над кнігай «Гісторыя беларускіх запалак». І пляную ў наступным годзе выдаць. Працэнтаў на шэсьцьдзесят напісаў. А яшчэ хочацца стварыць беларускі музэй філюмэніі, запалак. У Слоніме. Такога музэю ў Беларусі няма.

Прашу расказаць пра калекцыю. Ёсьць даваенныя экзэмпляры, слонімскія ў тым ліку. Зь некаторымі зьвязаныя цікавыя эпізоды. Чалавек зь Пінску, зусім незнаёмы, знайшоў Чыгрына ў тэатры, дзе той працуе. У яго былі запалкі 1943 году, пінскія менавіта. З жаўнерскай каскай. Надпіс на нямецкай мове і на беларускай — «сярнічкі». І падараваў іх.

— Імі карысталіся і партызаны, і мясцовыя жыхары, і немцы, — кажа пісьменьнік. — Вось ён ахоўвае чыгунку і прыкурвае такімі самымі запалкамі, якімі партызаны падпальваюць шнур, каб узарваць цягнік.

Яшчэ адзін цікавы выпадак. Хлопец са Слоніма скончыў у Кракаве вучэльню, застаўся там. Аднойчы прыйшоў і сказаў, што прынёс падарунак. Прычым сямейную рэліквію. Гэта былі запалкі, выпушчаныя ў Таліне ў 1940 годзе.

Было так. 1944 год. Немцы адступаюць. Чырвоная Армія прасоўваецца наперад. Дзеду было васямнаццаць. Пад’яжджае палутарка, выбягаюць салдаты: зьбірайся, на фронт! Даем табе тры хвіліны, хутчэй! На прыпечку ляжалі запалкі. І ён іх паклаў у кішэню. І толькі суседзі перадалі бацькам, што забралі на фронт.

«Ён не курыў, — пераказвае пачутае ад хлопца Сяргей Чыгрын. — У іх яшчэ нават сёньня серка ня счыркана. І ён зь імі прайшоў да канца вайну і вярнуўся дахаты. Жывы-здаровы. Увайшоў у хату і паклаў іх там, дзе ўзяў, на прыпечак. Калі паміраў, аддаў дзецям: беражыце мае запалкі, яны са мной прайшлі ўсю вайну. А падарыў мне іх унук таго чалавека. Але я яму сказаў: ты можаш іх у любы час забраць».

Істотнае пытаньне: колькі месца займае калекцыя запалак?

«Складаю ў сэкцыі, знаходжу месца. Але ўжо ёсьць праблема, — кажа пісьменьнік. — Запалкі бываюць вельмі дарагія. На аўкцыёнах прадаюцца. Бывае, карабок старых і рэдкіх у цане дасягае ад тысячы да трох тысяч даляраў».

А ў нас бываюць рэдкія?

І ў нас бываюць досыць рэдкія, — адказвае Сяргей Чыгрын.

На пачатку ХХ стагодзьдзя было мноства фабрык на тэрыторыі Беларусі, у асноўным трымалі іх габрэі. Яны давалі добры прыбытак. Напрыклад, у Слонімскім павеце іх было тры. Чыгрын сабраў зьвесткі пра ўсе такія фабрыкі — дзе і калі яны існавалі. У яго ёсьць і выраб слонімскай фабрыкі «Край» 1905 году.

Сёньня ў Беларусі запалкавых фабрык дзьве — барысаўская і пінская. Існуе яшчэ прыватная фірма «Каралева агню» ў Менску, якая выпускае сувэнірныя. Можна замовіць запалкі са сваім партрэтам, напрыклад.

Фірмовы знак Мазырскай фабрыкі часоў Расейскай імпэрыі
Фірмовы знак Мазырскай фабрыкі часоў Расейскай імпэрыі

А замежныя якія ёсьць у калекцыі? Самыя экзатычныя? З вострава Маўрыкій, напрыклад?

Не, такіх няма. Але вялікую калекцыю зь пятнаццаці карабкоў прывезьлі нядаўна зь Вялікай Брытаніі. Яны там захавалі стандарт — памер, таўшчыню — з пачатку ХХ стагодзьдзя. І, канечне, якасьць. А ў нас яна цяпер горшая, чым была ў 1960–70-х гадах, — тлумачыць Чыгрын.

А ці ёсьць нейкія спэцыяльныя запалкі — скажам, для палярнікаў? Ёсьць, адказвае. Ёсьць для вайскоўцаў. Расейскай арміі і беларускай. Існуюць камінныя. Для паляўнічых. Для аквалянгістаў. Для салдат — у плястыкавым пакеціку скручаныя. Ён іх называе «запалкамі зялёных бэрэтаў».

А чаму запалкі часам называюць менавіта швэдзкімі? Першыя зьявіліся ў Швэцыі якраз. Я сам прывозіў — такія вялікія, як і былі раней. Наагул, яны зьявіліся пры канцы ХVІІІ стагодзьдзя, — робіць экскурс у гісторыю слонімскі калекцыянэр. — І ў нас ужо былі ў той час пры апошнім каралю фабрыкі.

Асобная частка калекцыі Чыгрына — карабкі з этыкеткамі на беларускай мове. Найбольш такіх у 1920–30-х гадах выпускалася, калі беларусізацыя праходзіла. Цяпер барысаўская фабрыка пачала сэрыю «Замкі Беларусі». Была сэрыя з гарадзкімі гербамі, праўда, на расейкай мове. На беларускай бывалі этыкеткі і ў 1960-х гадах.

Але што цікава: пасьля вайны на іх ніводзін беларускі нацыянальны герой ня быў надрукаваны. Толькі аднойчы зьявіліся Янка Купала і Якуб Колас, да 90-годзьдзя народных паэтаў. Адно спорт, космас, Гагарын, Церашкова, правілы дарожнага руху, народная гаспадарка, вайна, асабліва Брэсцкая крэпасьць.

Праўда, быў цікавы эпізод: на пачатку 1960-х на этыкетках друкавалі рэкляму кніг. «Чытайце кнігу Івана Мележа!» або «Чытайце кнігу Піліпа Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», набыць можна там і там — прычым гэта на беларускай мове.

Пасьля вайны на пінскай фабрыцы шмат выходзіла і на ўкраінскай. Былі даволі сьмешныя этыкеткі, прысьвечаныя барацьбе з каларадзкім жуком: «Зьнішчайце! Паведамляйце старшыні калгаса — дзе ўбачылі», — кажа калекцыянэр.

Музэй запалак. Дзе і як яго можна зрабіць? Патрэбна памяшканьне, дазвол.

«Я думаю, трэба рабіць з пажарнікамі, — кажа Сяргей Чыгрын. — Напрыклад, у Слоніме ёсьць старая дазорчая вежа, трохпавярховая. Можна было б там. Але калі не зацікавіцца мясцовая ўлада, то ня ведаю».

«Хай гэта ня ў Слоніме нават будзе, няважна, я падару ўсю сваю калекцыю», — падсумоўвае ён.

«Бывала, я засяляўся ў Польшчы ці ў Швэцыі і цікавіўся на рэцэпцыі запалкамі, і мне прыносілі па некалькі карабкоў. Бо ў мяне ёсьць сьпіс, як запалкі гучаць на ўсіх мовах сьвету. Адно слова падрыхтую, і ўсё».

Апошні набытак: сябра прывёз з Уроцлава набор запалак, прысьвечаны Тадэвушу Касьцюшку, як ён ваюе з расейцамі, дваццаць карабкоў. «Запалкі — гэта гісторыя», — падкрэсьлівае слонімскі пісьменьнік, які сабраў некалькі тысяч скрыначак з запалкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG