Кампанія, арганізаваная прадстаўніцтвам ААН у Беларусі, прадугледжвае шэраг захадаў дзеля зьніжэньня няроўнасьці, якія маюць спрыяць далучэньню прадстаўнікоў уразьлівых груп да ўсіх працэсаў у грамадзтве.
У цырымоніі адкрыцьця ўзялі ўдзел прадстаўнікі ААН, дыпляматычнага корпусу і мясцовых уладаў. У сваім выступе сталы прадстаўнік ААН у Беларусі Санака Самарасінха сказаў:
«Калі цяжарнай жанчыне пакласьці руку на жывот, то можна пачуць біцьцё сэрца дзіцяці. Кажуць, што нічога больш кранальнага ў сьвеце няма... Я ня мог зьведаць гэткага пачуцьця, але спадзяюся, што тут, падчас гэтай кампаніі, мы адчуем біцьцё сэрца Беларусі. Мы разам маем магчымасьць зрабіць наша грамадзтва лепшым, і зрабіць гэта ўсім разам, нікога не пакідаючы ўбаку. А калі не зрабіць гэтага зараз, то заўтра можа быць позна. І Беларусь можа паказаць усяму сьвету, што гэта значыць — нікога не пакідаць убаку».
У фае канцэртнай залі «Віцебск» разьмясьцілася супольная выстава, дзе можна пазнаёміцца з тым, што робяць агенцтвы сыстэмы ААН, амбасады розных дзяржаў, грамадзкія аб’яднаньні і мясцовыя ініцыятывы дзеля роўнасьці правоў усіх чальцоў грамадзтва, без уліку ўзросту, стану фізычнага здароўя, полавай або этнічнай прыналежнасьці, паходжаньня, рэлігіі і гэтак далей.
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі, прывітаўшы прысутных па-беларуску, прадставіў віцебскім гледачам фільм «Музыка ўнутры» («Music Within»), зьняты ў 2007 годзе паводле рэальнай гісторыі. Галоўны герой фільму Рычард Пімэнтэль вяртаецца зь Віетнама, страціўшы на вайне слых. Але ён ня хоча мірыцца з тым, што людзі з асаблівасьцямі часта лічацца ў грамадзтве непаўнавартаснымі, і пачынае змагацца за правы вэтэранаў і інвалідаў. Падобныя асабістыя гісторыі сталі падставай для прыняцьця ў 1990 годзе «Закону аб амэрыканцах з абмежаванымі магчымасьцямі» (ADA), які гарантуе, што такіх асобаў ня будуць дыскрымінаваць.
Прэзэнтуючы карціну віцебскім гледачам, Робэрт Райлі сказаў:
«Падобная гісторыя блізкая ўсім — можа, не з уласнага досьведу, а з аповедаў блізкіх ці знаёмых. Побач заўсёды ёсьць людзі, якім цяжка перайсьці вуліцу, падняцца на паверх... Але побач павінны зьявіцца людзі, якія могуць нешта зьмяніць. Таму такая гісторыя можа стацца прыкладам для кожнага».
Падзякаваўшы прадстаўніцтву ААН за запрашэньне ў Віцебск на імпрэзы кампаніі «Інклюзіўная Беларусь», часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі дадаў для Радыё Свабода:
«Я пагаджаюся з тым, што тут прагучала і ад прадстаўнікоў ААН, і ад выступоўцаў зь мясцовай адміністрацыі, што інклюзіўнасьць — гэта істотная рэч для грамадзтва. Ня толькі таму, што яна гуманная па сваёй прыродзе, але й з тае прычыны, што яна робіць грамадзтва больш сталым, больш моцным ва ўсіх галінах. Ёсьць два важныя моманты, на якія я зьвяртаў увагу, прэзэнтуючы фільм „Музыка ўнутры“. Першы — што чалавек насамрэч здольны зрабіць нешта важнае, як для сябе, так і для ўсяго грамадзтва. І калі чалавек гэта зразумее, ён знойдзе й іншых асобаў, зь якімі зможа працаваць супольна. Другі мэсыдж палягае ў тым, што вельмі часта як у нашым грамадзтве, так і ў іншых краінах можна пачуць, як асобным людзям кажуць: „Вы ня здольныя зрабіць тое ці іншае“. А фільм дэманструе адваротнае: што чалавек здольны зрабіць нешта важнае, і ён павінен да гэтага імкнуцца».
Таму, паводле Робэрта Райлі, людзі павінны вучыцца слухаць адно аднаго, абменьвацца рознымі меркаваньнямі, і тады з гэткага «кірмашу ідэяў» можна будзе абраць тое, што будзе карысна для кожнага з бакоў.
Апрача паказу фільмаў у межах кінафэстывалю «Чалавечая годнасьць, роўнасьць, справядлівасьць», арганізатары прапанавалі віцяблянам наведаць круглы стол па праблемах устойлівага разьвіцьця, прэс-клуб «Безбар’ернае асяродзьдзе: мэдыйны ракурс», шэраг адукацыйных пляцовак, праца якіх скіраваная на выхаваньне дзяцей у духу талерантнасьці і ўзаемадапамогі, ІТ-трэнінг па прасоўваньні тавараў, вырабленых людзьмі з інваліднасьцю, турнір па настольным тэнісе для людзей са слабым зрокам і больш за дзясятак розных выстаў. У іх ліку — «Даступнае асяродзьдзе», «Я мігрант», «Беларусь #СБеженцами», фотавыставы ад амбасадаў Ізраіля, Палестыны і Швайцарскага Чырвонага Крыжа. Завершыць віцебскую праграму кампаніі «Інклюзіўная Беларусь» вялікі канцэрт, падрыхтаваны мясцовымі мастацкімі калектывамі.
Кампанія «Інклюзіўная Беларусь» працягвае ініцыятыву «Экспрэс ААН-70». Яна мае спрыяць дасягненьню дзясятай з 17 глябальных мэтаў у галіне ўстойлівага разьвіцьця — зьніжэньня няроўнасьці. Таксама яна мае спрыяць абмеркаваньню ў рэгіёнах прынятага летась ААН Парадку дня ў галіне ўстойлівага разьвіцьця на пэрыяд да 2030 году, дзе і вызначаныя тыя 17 мэтаў.