У адказе паведамляецца, што ў горадзе заплянавана паэтапная ўстаноўка шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліц.
У адказе з гарвыканкаму на імя рэдакцыі сайту гаворыцца, што ўжо складзены сьпіс вуліц, якія знаходзяцца ў гістарычным цэнтры гораду. Над высьвятленьнем гістарычных назваў будуць працаваць ва ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы, а таксама ў гісторыка-археалягічным музэі.
Вынікі гэтай працы будуць накіраваныя ў тапанімічную камісію гарвыканкаму, а пасьля плянуецца паэтапная ўстаноўка шыльдаў.
Рэдактар сайту Hrodna.life Аляксей Шота сказаў Свабодзе, што адказам з гарвыканкаму ініцыятары звароту задаволеныя. Праўда, дадае, што ўжо зараней падрыхтаваліся да іншых дзеяньняў.
— Мы ня ведалі, якім будзе адказ, але ўжо пачалі рыхтаваць сьпіс вуліц, дызайн новых шыльдаў, і нават былі гатовыя заняцца зборам сродкаў на тое, каб усталяваць новыя шыльды. А цяпер спадзяёмся, што гэтым зоймуцца гарадзкія ўлады. Праўда, плянуем адсочваць гэты працэс.