Польшча гатовая спрыяць разьвіцьцю адносін Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам. Пра гэта заявіў 5 сьнежня ў Менску маршалак сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі.
«Польшча зацікаўленая ў тым, каб стаць мостам у адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Мы гатовыя падтрымліваць імкненьне Беларусі да эўрапейскай супольнасьці, эўрапейскай культуры», — цытуе БелаПАН польскага палітыка.
Ён заявіў, што Польшча падтрымлівае Беларусь у розных міжнародных арганізацыях, напрыклад, у Арганізацыі краін Балтыйскага мора.
«Мы зацікаўленыя ў тым, каб паміж Польшчай і Беларусьсю былі цьвёрдыя парлямэнцкія кантакты. Гэта будзе асновай ня толькі для двухбаковых адносінаў, але і шматбаковых — з ЭЗ», — падкрэсьліў Карчэўскі.
«Мяжа не павінна нас падзяляць, яна павінна абʼядноўваць. У нас ёсьць агульная гісторыя. Мы знаходзімся на агульных гандлёвых шляхах, якія абавязваюць нас супрацоўнічаць», — сказаў Станіслаў Карчэўскі.
Ён адзначыў, што візыт у Менск паказаў, што існуе велізарны патэнцыял супрацоўніцтва ў такіх сфэрах, як эканоміка, гандаль, турызм, грамадзкія адносіны.
Карчэўскі запрасіў старшыню Савету Рэспублікі Міхаіла Мясьніковіча наведаць Варшаву з афіцыйным візытам. Запрашэньне прынята.
Мясьніковіч заявіў пра зацікаўленасьць у тым, каб пазыцыі двух саюзаў палякаў у Беларусі зблізіліся.
Тэма стасункаў «афіцыйнага» і «неафіцыйнага» саюзаў палякаў, мяркуючы па словах абодвух сьпікераў, абмяркоўвалася як паміж імі, так і на сустрэчы Карчэўскага з прэзыдэнтам Беларусі.
«Было б добра, калі б гэта была адзіная арганізацыя, — сказаў Мясьніковіч. — Але гэта справа саміх саюзаў — ісьці на збліжэньне».
Кіраўнік Савету Рэспублікі запэўніў, што з боку ўладаў Беларусі «будзе аказана ўсялякае садзейнічаньне, каб насамрэч інтарэсы грамадзян Беларусі польскай нацыянальнасьці былі задаволеныя ў поўным абʼёме».
Карчэўскі і Мясьніковіч сказалі, што на сустрэчах у Менску абмяркоўваліся таксама тэмы «карты паляка», савецкіх рэпрэсіяў супраць польскіх грамадзянаў, малога прымежнага руху.
Паводле Карчэўскага, «ёсьць добрая воля абодвух бакоў, каб вырашыць гэтыя пытаньні. Больш прадметна яны будуць разгледжаныя ў будучыні».
Паводле Мясніковіча, гэтыя тэмы далікатныя.
«Яны патрабуюць глыбокага разгляду як навуковай супольнасьцю, так і экспэртамі і палітыкамі, — сказаў ён. — Мы дамовіліся, што будзем праводзіць сумесныя кансультацыі і знаходзіць рашэньні, якія задавальняюць і Польшчу, і Беларусь».
Сьпікер сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі прыбыў 4 сьнежня з трохдзённым візытам у Беларусь.
Апроч афіцыйных сустрэчаў, у праграме візыту сьпікера польскага Сэнату ёсьць наведваньне Курапатаў і сустрэча з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.