Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жлобінскую змагарку з прыпіскамі высяляюць з службовага дому


Ніна Кароль
Ніна Кароль

У Жлобінскі раённы суд паступіў пазоў за подпісам дырэктара КСУП «Чырвонабярэскі» Карэна Мурадзяна на высяленьне са службовага дому былой начальніцы жывёлагадоўчага комплексу Ніны Кароль.

5 сьнежня ў судзе адбылося папярэдняе слуханьне справы. Прадстаўніца сельгаспрадпрыемства, юрысконсульт Алена Мядзьведзева падтрымала пазоў, матывуючы гэта тым, што дом службовы, а Ніна Васільеўна больш не працуе ў гаспадарцы, жыве адна, таму мусіць пакінуць дом.

«На зіму нават сабаку не выганяюць з двара, — кажа, у сваю чаргу, Ніна Кароль. — Апроч таго, справа аб аднаўленьні на працы ў КСУП яшчэ не разгледжана ў абласным судзе. Таму я прасіла адкласьці маё высяленьне на пазьнейшы тэрмін. Магчыма, суд адновіць мяне на працы».

У верасьні КСУП «Чырвонабярэскі» абвінавачваў былую начальніцу жывёлагадоўчага комплексу ў крадзяжы камбікорму і патрабаваў спагнаць зь яе 972 рублі 87 капеек. Суд адхіліў абвінавачваньні на адрас Ніны Кароль. Устаноўлена, што камбікорм паводле вуснага загаду галоўнага заатэхніка Натальлі Сазончык атрымаў пад подпіс са складу ў вёсцы Радуша кіроўца сельгаспрадпрыемства Юры Патапенка, аднак на жывёлагадоўчы комплекс у Чырвоны Бераг яго не давёз. Суд і абавязаў кіроўцу сплаціць кошт камбікорму. Вынесена таксама прыватнае азначэньне на адрас дырэкцыі КСУП «Чырвонабярэскі» за неахайнае вядзеньне справаздачнай бухгальтарскай дакумэнтацыі.

Ніна Кароль аспрэчвала ў Жлобінскім раённым судзе і сваё звальненьне з пасады начальніцы жывёлагадоўчага комплексу нібыта за прагул у сярэдзіне жніўня. Тлумачыла, што 15 жніўня сапраўды пакідала на пару гадзін жывёлагадоўчы комплекс, бо езьдзіла ў пракуратуру са скаргай — пасьля бальнічнага дырэктар сельгаспрадпрыемства не дапускаў яе да працы. Аднак раённы суд не задаволіў пазоў. Кароль падала касацыйную скаргу ў абласны суд — яна пакуль не разгледжаная.

Перадузятае стаўленьне да сябе з боку кіраўніцтва КСУП Ніна Кароль зьвязвае са сваёй прынцыповай пазыцыяй:

«Я перашкаджаю красьці, прыхарошваць сытуацыю ў гаспадарцы. Не маўчу. Такой была мая пазыцыя, калі я працавала галоўным эканамістам, і пазьней, калі мяне перавялі на жывёлагадоўчы комплекс».

На думку Ніны Кароль, усе беды ў іхнім саўгасе, і ня толькі ў ім, з тае прычыны, што кіраўнікамі прызначаюць выпадковых людзей, без адпаведнай адукацыі, часьцяком хцівых на грамадзкае дабро.

Жлобінскі раённы суд 5 сьнежня прыпыніў разгляд пазову КСУП «Чырвонабярэскі» на высяленьне былой начальніцы жывёлагадоўчага комплексу са службовага дому — да тае пары, пакуль у абласным судзе ня будзе разгледжана касацыйная скарга Ніны Кароль аб аднаўленьні на працы.

Службовы дом у Чырвоным Беразе, дзе жыве спэцыялістка сельскай гаспадаркі Ніна Кароль
Службовы дом у Чырвоным Беразе, дзе жыве спэцыялістка сельскай гаспадаркі Ніна Кароль

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG