Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хабар за кветкі на «Каменным Логу» бралі з 2010 году


Суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары. Фота зробленае 18 лістапада 2016 году
Суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары. Фота зробленае 18 лістапада 2016 году

Былы старшы інспэктар Ашмянскай мытні Віктар Страпко ў судзе адмовіўся ад большасьці паказаньняў, якія напісаў пры яўцы з павіннай.

Яўку з павіннай Віктар Страпко аформіў у красавіку 2015 году ў СІЗА КДБ пасьля арышту. Паводле тых паказаньняў, хабар за кветкі на мытным пункце «Каменны Лог» бралі ўвесь час, які ён там працаваў, з 2010 году.

Гэтак было, паводле Страпко, калі ён працаваў у аддзеле пад кіраўніцтвам Гарыка Срумянца, потым — Марыі Мароз, потым — Аляксандра Букеля, пасьля ў аддзеле пад кіраўніцтвам Ігара Высоцкага, за ім — Карповіча. Плацілі тады прыблізна па 300 даляраў штомесяц. Грошы перадавалі за тое, што ён прапускаў без належнага агляду аўтамабілі з кветкамі, у якіх быў перагруз.

«Усе разумелі, што грошы нам плацілі за аўто з кветкамі, якія ішлі зь Літвы ў Расею з перагрузам», — напісаў у яўцы Віктар Страпко і выказваў думку, што грошы браў ня ён адзін сярод шараговых мытнікаў.

Паводле Страпко, непасрэдна грошы яму перадавалі ягоныя былыя начальнікі Букель, Горбаль, Карповіч, Курневіч. Апошні гэта рабіў у прыватным аўтамабілі Страпко, таксама грошы перадаваліся і ў службовых памяшканьнях. У тым ліку Віктар Страпко прызнаваў у заяве, што ў 2014 годзе сумы хабару, які ён атрымліваў, павялічыліся прыкладна да 600 даляраў. «Аднаго разу атрымаў 1,5 тысячы», — напісаў Страпко.

28 лістапада на працэсе, які ідзе ў Партызанскім судзе, Віктар Страпко ад часткі гэтых паказаньняў адмовіўся.

«Тады я быў у цяжкім псыхалягічным стане, зьвязаным з арыштам, і сказаў шмат таго, чаго насамрэч не было. Зблытаў пэрыяды, начальнікаў аддзелаў, сумы хабару», — патлумачыў адмову ад паказаньняў Віктар Страпко.

Цяпер падсудны пацьвярджае, што атрымліваў грошы ад Букеля, але ня памятае, колькі. Пагаджаецца Страпко і з тым, што грошы яму таксама перадавалі ягоныя начальнікі Высоцкі і Курневіч, але колькі, таксама ня памятае. Больш пэўна Скрапко гаворыць пра грошы ад мытніка Карповіча, якія атрымліваў у 2013-2014 гадах.

Паводле цяперашніх паказаньняў Віктара Страпко, ён атрымаў хабару прыкладна 5,5 тысячы даляраў, але ніяк не 10,9 тысячы, пра што сам казаў у пісьмовым прызнаньні. Прычым, як заявіў суду Віктар Страпко, грошы ён браў, але насамрэч афармляў аўтамабілі з кветкамі так, як патрабавала службовая інструкцыя і загад начальніка аддзелу.

«Начальнік аддзелу вызначае, якім мусіць быць агляд аўтамабіля з перагрузам, не інспэктар. Ён дае загад, а я дзейнічаю», — апраўдваўся Віктар Страпко.

Пры гэтым ён пацьвярджаў, што інфармаваў начальніка аддзелу па тэлефоне, калі здараўся перагруз аўтамабіля з кветкамі. Не прызнаў падсудны Страпко і колькасьць аўтамабіляў з кветкамі, якія аформіў за час, калі атрымліваў хабар. У пісьмовым прызнаньні Страпко падлічыў, што такіх машын на яго рахунку было 66, цяпер кажа прыблізна пра 50:

«Калі я змагу ўбачыць плёмбу з маёй пячаткай альбо базу зьвестак, тады змагу пацьвердзіць, што гэта я афармляў. Інакш не магу», — тлумачыў суду падсудны Страпко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG