Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніводзін з ашмянскіх мытнікаў не прызнаў віны цалкам


Чацьвёра ашмянскіх мытнікаў цалкам не прызналі віны, сярод іх Алесь Юркойць. Астатнія 7 прызналі віну часткова: што атрымлівалі ад сваіх начальнікаў частку «хабарных» грошай, але «не былі ў арганізаванай групе».

11 ашмянскіх мытнікаў судзяць за атрыманьне хабару ў асабліва вялікім памеры ў складзе арганізаванай групы. Усяго мытнікі нібыта атрымалі больш за 850 тысяч даляраў. Але тым, каго судзяць у Партызанскім судзе Менску, інкрымінуюць ад 8 да 18 тысяч «зялёных» кожнаму, а астатнія грошы прыпадаюць на іх начальнікаў. Падсудным пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

22 лістапада ўсе 11 падсудных выказаліся адносна выстаўленага ім абвінавачаньня. Цалкам не прызналі віну Аляксандар Швіта, Тадэвуш Высоцкі, Дзьмітры Курневіч і Алесь Юркойць. Мытнік Тадэвуш Высоцкі дадаў да адмовы віны, што ня будзе даваць паказаньні і спаслаўся на Канстытуцыю Беларусі.

Алесь Юркойць заявіў, што нават не разумее выстаўленага яму абвінавачаньня:

«Санкцыю і сутнасьць артыкулу 430 аб хабары я разумею, але ў чым мяне абвінавачваюць, не разумею. Ніводнага факту і ніводнага доказу я ня ўбачыў. Мне так і не змаглі давесьці, у чым я вінаваты. Са словаў кажуць то адно, то іншае. Але я проста выконваў сваю працу. Віны не прызнаю зусім».

Часткова прызналі віну пасудныя Аляксандр Лапейка, Яўген Бабровіч, Уладзімер Нагорскі, Сяргей Чэпін, Генадзь Часнойць, Вадзім Казьмірчук і Віктар Страпко. Яны пагаджаюцца, што атрымлівалі ад сваіх начальнікаў па мытні частку хабару з перавозчыкаў грузаў, якіх на загад начальнікаў прапускалі праз пункт «Каменны Лог» «бесперашкодна». Але гэтыя падсудныя ня згодныя, што дзейнічалі ў складзе злачыннай групоўкі. Некаторыя з падсудных, якія «часткова павініліся», зьбіраюцца таксама аспрэчыць сумы атрыманых хабараў і абставіны, названыя сьледзтвам.

У якім парадку будзе далей вывучацца справа?

Абвінавачваныя дружна прапанавалі суду пачаць судовае сьледзтва з допыту кіраўнікоў мытні, якія, паводле пракуратуры, за хабар дамаўляліся з перавозчыкамі аб «бесперашкодным» праходжаньні мытні. Некаторых з гэтых кіраўнікоў цяпер судзяць у Менскім абласным судзе. Але судзьдзя вырашыў пачаць сьледзтва з допыту 11 абвінавачваных мытнікаў, а ўжо потым выклікаць на допыты іх нядобрасумленных начальнікаў.

Першыня допыты прызначаныя на 23 лістапада, але ці прагучаць заўтра паказаньні абвінавачваных? Падсудны Тадэвуш Высоцкі ўжо папярэдзіў, што ня будзе іх даваць. Ці возьмуць зь яго прыклад астатнія, застаецца невядомым.

Паводле прадстаўнікоў пракуратуры, у справе 11 ашмянскіх мытнікаў больш за 30 тамоў. Віна падсудных, як кажуць пракуроры, даказваецца паказаньнямі сьведак і абвінавачваных, апэратыўнымі матэрыяламі, у тым ліку запісамі праслухоўваньня тэлефонаў, іншымі дакумэнтамі, сабранымі сьледчымі. Судовае сьледзтва, лічаць назіральнікі, працягнецца больш за месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG