Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка беларускамоўнага мытніка Юркойця: «Алесь нават з „Валадаркі“ здолеў нам дапамагаць»


Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

18 лістапада ў Менску пачнецца суд над былым мытнікам Ашмянскай мытні Алесем Юркойцем, вядомым краязнаўцам, прапагандыстам беларускай мовы і завадатарам культурніцкага жыцьця на Астравеччыне.

Алеся Юркойця арыштавалі больш за паўтара года таму, абвінаваціўшы ў атрыманьні хабару ў вялікім памеры ў складзе групы. Яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня. Вядома, што перад арыштам Алесь Юркойць быў дапытаны як сьведка, але праз дзень яму таксама выставілі абвінавачаньне, якога ён дагэтуль не прызнаў.

«Ужо 20 месяцаў муж пад вартай, але як адразу, так і цяпер вінаватым сябе не прызнае. Думаю, у судзе ён будзе стаяць на тым жа, бо ніякага хабару ня браў і яму няма ў чым прызнавацца», — сказала карэспандэнту Свабоды напярэдадні суду жонка абвінавачванага мытніка Ганна Юркойць. Ганна распавяла тое, што ведае пра ўмовы, у якіх трымаюць мужа:

Ганна Юркойць
Ганна Юркойць

Арышт гэты — нейкі фарс, ён дакладна ні ў чым не вінаваты.

«За паўтара года ў „Амэрыканцы“ і на „Валадарцы“ Алесь зьмяніў камэру. Неяк напісаў, што ўмовы ў „Амэрыканцы“ былі больш жорсткія, чым цяпер на „Валадарцы“. Цяпер яго трымаюць у камэры на 7 чалавек. Ведаю, што тэлевізар у іх быў, і газэты, кнігі ён чытае — мы шмат яму кніг перадавалі. Лістуецца актыўна зь сябрамі, з намі, зь сям’ёй. Настрой, мяркуючы па лістах, у яго добры і аптымістычны. Спадзяецца, і мы разам зь ім на гэта спадзяёмся, што проста ў судовай зале ён выйдзе на волю і паедзе дахаты, бо будзе апраўданы. Арышт гэты — нейкі фарс, ён дакладна ні ў чым не вінаваты».

Першае спатканьне з жонкай Алесь Юркойць атрымаў летась у верасьні, амаль праз паўгода пасьля арышту. Ці бачыліся яны з тых часоў яшчэ?

Ганна сказала, што цягам мінулага году спатканьні былі больш частымі, хоць, зразумела, «іх усё роўна не хапае». Быў пэрыяд, калі Ганна з адной з дачок ляжалі ў шпіталі, тады ім як ніколі была патрэбная дапамога Алеся як таты і мужа.

Ён нават з „Валадаркі“ знаходзіць магчымасьць, каб нам дапамагаць! Там пазнаёміўся з людзьмі, празь якіх на волі нам дапамаглі знайсьці добрых дактароў для дачкі, дапамагаюць з лекамі.

«І вы ведаеце, ён нават з „Валадаркі“ знаходзіць магчымасьць, каб нам дапамагаць! Там пазнаёміўся з людзьмі, празь якіх на волі нам дапамаглі знайсьці добрых дактароў для дачкі, дапамагаюць з лекамі, — з гонарам за мужа прыгадала Ганна і дадала: — Дачцэ штодня патрэбныя лекі».

У Алеся і Ганны Юркойцяў — тры яшчэ зусім малыя дачкі: 3, 7 і 9 гадоў. «Вядома, дочкі вельмі сумуюць па тату, ім яго не хапае. Ён па іх таксама вельмі сумуе. Але давайце пра гэта ня будзем гаварыць — гэта наша сямейнае», — спыніла мяне Ганна Юркойць.

Тады я запытаў пра тое, чым Юркойць займаўся, акрамя службы на мытні: пра курсы беларускай мовы; пра ягоныя лекцыі на краязнаўчыя тэмы, зь якімі выступаў перад школьнікамі; пра імпрэзы, што праводзіў, і помнікі змагарам за Беларусь, якія ўсталёўваў. Ці спынілася гэтая праца на Астравеччыне ў адсутнасьць Алеся Юркойця?

«Усе ягоныя сябры, наколькі там магчыма, зь ім лістуюцца, паведамляюць пра гэтую працу, ён як бы цалкам у курсе ўсяго, што адбываецца. Крыж паўстанцам, які яны з сябрамі ўсталявалі каля Слабодкі, ведаю, што стаіць. Курсы беларускай мовы ідуць, усё астатняе — гэтым усё ж Алесь займаўся. Як ён сам усё рабіў, дамаўляўся, арганізоўваў, сустракаўся, дык, можа, гэтага ніхто так і ня робіць. Але як выйдзе на волю, дык адновіць, калі што пакуль спынілася».

Ці будзе Алесь Юркойць вяртацца на працу ў мытні, калі яго апраўдаюць? На гэтае пытаньне Ганна спачатку расьсьмяялася, а потым сур’ёзна сказала тое, што ведае дакладна:

Ён там больш ня будзе працаваць, гэта дакладна. Вядома, у нас на Астравеччыне добрай працы ня так і шмат, але разумны чалавек без работы не застанецца, а грошы не галоўнае.

«Казаў, калі яго прызнаюць невінаватым, усё выплацяць, што страціў за гэты час, дык, можа, выйдзе на адзін дзень, каб напісаць заяву аб звальненьні, і потым сыдзе. Але тое, што ён там больш ня будзе працаваць, гэта дакладна. Ён і раней казаў, што будзе сыходзіць. Вядома, у нас на Астравеччыне добрай працы ня так і шмат, але разумны чалавек без работы не застанецца, а грошы не галоўнае».

Паводле Ганны Юркойць, матэрыяльна трымацца 1,5 года з малымі дзецьмі бяз мужа ёй было цяжка, але дапамагалі сваякі і сябры. Тое, што мужа трымалі ўвесь гэты час пад вартай, Ганна лічыць наўмыснымі дзеяньнямі з мэтай дамагчыся прызнаньня таго, чаго не было. «Яны вырашылі па максымуме: закон дазваляе трымаць 1,5 года пад вартай да суду, вось яны ў гэты тэрмін і ўклаліся. Ведаю, у Літве калі абвінавачваюць у якім эканамічным злачынстве, дык чалавека трымаюць пад хатнім арыштам, а тут горшае стаўленьне, чым да якога забойцы. Чаму так, зразумела», — сказала Ганна Юркойць.

Паводле зьвестак Ганны, справу 58 ашмянскіх мытнікаў падзялілі на 4 справы і адправілі для разгляду ў розныя суды. 18 лістапада ў Партызанскім судзе разам з Алесем Юркойцем будуць судзіць яшчэ 10 мытнікаў.

Варта дадаць, што яшчэ ў сьнежні 2015 году ў Менскім абласным судзе прайшоў працэс над былым начальнікам Ашмянскай мытні Іванам Нівяркевічам, які кіраваў мытняй, калі там працаваў Алесь Юркойць. Івана Нівяркевіча суд прызнаў вінаватым ў атрыманьні хабару ў вялікім памеры і асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. У справе Нівяркевіча фігураваў хабар на 238 мільёнаў рублёў. А ўсяго ў мытнікаў Ашмянскай мытні, якіх арыштавалі ўвесну 2015 году, было знойдзена больш за 2 мільёны даляраў, паведамляла прэс-служба КДБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG