Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску адзначылі 90-годзьдзе «коласаўскага» тэатра 


21 лістапада споўнілася 90 гадоў, як у Віцебску адкрыўся Другі Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ-2). Цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа. Свой юбілей ён адзначаў некалькі дзён запар — з 18-га да 21-га лістапада.

Праграма сьвяткаваньняў адкрылася навукова-практычнай канфэрэнцыяй «Беларускі нацыянальны тэатар: традыцыі, пошук, экспэрымэнт». 18-га лістапада можны было паслухаць выступы як вядомых тэарэтыкаў тэатральнага мастацтва, так і дасьледчыкаў-пачаткоўцаў.

Выстава творчасьці тэатральных мастакоў
Выстава творчасьці тэатральных мастакоў


19 лістапада адбылася прэзэнтацыя кнігі вядомага віцебскага краязнаўцы Аркадзя Падліпскага «Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа: старонкі мінулага і сучаснасьці», у якой сабраныя ўнікальныя гістарычныя факты, заснаваныя на займальных архіўных матэрыялах.

Выступ навучэнцаў музычнай школы
Выступ навучэнцаў музычнай школы


21 лістапада сьвяткаваньне юбілею завяршылася ўрачыстай вечарынай, а на галоўнай сцэне адбылося прадстаўленьне «Тэатар прызямліўся ў Віцебску», падчас якога і гледачоў, і «коласаўцаў» чакалі падарункі і сюрпрызы.

Сьвяточнае тэатральнае прадстаўленьне
Сьвяточнае тэатральнае прадстаўленьне


Дарэчы, імя Якуба Коласа віцебскаму тэатру было нададзена ў 1944-м годзе, у 1977-м калектыў тэатра быў уганараваны званьнем «акадэмічны». Сёлета 24 кастрычніка споўнілася 15 год з тае пары, як тэатар стаў звацца нацыянальным. І гэта лягічна: віцебскі драматычны тэатар — адзін з двух тэатраў у сьвеце, дзе ўсе пастаноўкі йдуць выключна на беларускай мове.

Будынак тэатра
Будынак тэатра


А пачалася гісторыя тэатра ў 1926-м годзе, калі на базе беларускай драматычнай студыі пра Маскоўскім мастацкім тэатрам імя Максіма Горкага было прынята рашэньне наконт стварэньня ў Віцебску Другога Беларускага дзяржаўнага тэатра. Вельмі плённым было супрацоўніцтва тэатра зь Янкам Купалам і Якубам Коласам, па чыіх творах тут неаднаразова ставіліся спэктаклі. За гады свайго існаваньня на сцэне «коласаўскага» тэатра былі паказаныя сотні пастановак, у тым ліку па творах Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Аляксея Дударава. А своеасаблівай «візытоўкай» тэатру стаў спэктакль «Несьцерка» па п’есе Віталя Вольскага, якім традыцыйна распачынаюцца тэатральныя сэзоны. Першым выканаўцам ролі Несьцеркі быў вядомы актор Аляксандар Ільінскі, які працаваў у віцебскім тэатры ад самага адкрыцьця, і ягоным імем названа адна з вуліц абласнога цэнтра. У 1946 г. за ролю Несьцеркі А.Ільінскі атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. Прэм’ера спэктакля адбылася 18 траўня перадваеннага 1941-га году, так што сёлета ў коласаўскага «Несьцеркі» таксама будзе юбілей — 75-гадовы.

Афіша юбілейнага вечару
Афіша юбілейнага вечару

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG