Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зачараваная Палесьсем. Зорка польскай журналістыкі Малгажата Шэйнэрт падзялілася прафэсійнымі таямніцамі ў Менску


Малгажата Шэйнэрт
Малгажата Шэйнэрт

17 лістапада ў Прэс-клюбе адбылася прэзэнтацыя кнігі «Насыпаць горы» ў перакладзе на беларускую мову. Гэтая кніга — таленавіта закручаны аповед пра рэгіён, дзе поруч жылі беларусы, палякі, літоўцы, украінцы, габрэі, а таксама тутэйшыя — палешукі.

Зь вітальным словам выступілі дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Матэвуш Адамскі, кіраўніца Прэс-клюбу Юлія Слуцкая, вёў імпрэзу старшыня ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч.

Кніга Малгажаты Шэйнэрт «Насыпаць горы. Гісторыі з Палесься» па-польску выйшла летась у кракаўскім выдавецтве «Знак». Пераклад на беларускую мову, які выканалі Марыя Пушкіна і Алена Пятровіч, выйшаў у выдавецтве «Логвінаў» сёлета.

Кніга пра Палесьсе «Насыпаць горы» па-польску і па-беларуску
Кніга пра Палесьсе «Насыпаць горы» па-польску і па-беларуску

Прэзэнтацыя адбылася ў межах «Месяца польскай літаратуры» ў Беларусі.

Алексіевіч: «Я разумею, што я — з агрэсіўнай культуры»

Прывітаць польскую аўтарку завітала нобэлеўская ляўрэатка ў галіне літаратуры Сьвятлана Алексіевіч. Яна сказала, што праз тое, што нарадзілася ва Ўкраіне, а дзяцінства і юнацтва правяла на Палесьсі, тэма кнігі ёй вельмі блізкая. Разам з тым, адзначыла Алексіевіч, погляд звонку на Палесьсе як культурніцкую і сацыяльную зьяву стаўся для яе нечаканым.

Сьвятлана Алексіевіч дорыць кветкі Малгажаце Шэйнэрт
Сьвятлана Алексіевіч дорыць кветкі Малгажаце Шэйнэрт

«Я вельмі люблю Малгажату. Для мяне яна ўвасабляе вобраз Польшчы. Такая прыгожая польская паненка. У ёй грацыя, мяккасьць тону, спакойны позірк. Гледзячы на яе, я разумею, што я — з агрэсыўнай культуры. Як бы мы не хацелі думаць па-іншаму, савецкі вазок яшчэ цягнецца за намі, і вызваліцца ад яго вельмі складана. Асабліва гэта адчуваеш, калі апынаешся ў іншай краіне. Адчуваеш гэта нават у суседняй Польшчы, якая таксама перажыла момант лягернай сыстэмы. Але палякі выйшлі адтуль з годнасьцю. Калі спытаць у паляка, хто ён так, найперш ён скажа: „Я паляк“. Калі спытаць нашага, то пачуеш „я дэмакрат“, „я лібэрал“ ці нешта іншае, але вельмі рэдка пачуеш „я беларус“. Чытаючы па-польску кнігу Малгажаты Шэйнэрт „Насыпаць горы“, я зразумела, што ніхто ўнутры краіны так пра нас не раскажа. У нас проста не разьвітыя рэцэптары, якімі можна заўважыць рэчы, пра якія піша Малгажата. Чытаючы яе, разумееш, што некаторыя зьявы маюць іншую праекцыю, іншае асьвятленьне».

Назву кнігі падказаў гурт TonqiXod

Малгажата Шэйнэрт расказала, што вырашыла назваць кнігу «Насыпаць горы» пасьля таго, як пачула аднайменную песьню беларускага гурту TonqiXod. Адбылося гэта падчас сустрэчы са швэдскай фотажурналісткай Марыяй Содэрбэрг, якая зьяўляецца гераіняй апошняга разьдзелу кнігі і шмат робіць дзеля захаваньня і прамоцыі беларускай культуры і мовы.

«Кнігі будуць папулярныя, пакуль людзям цікавыя іншыя людзі»

Іншы герой «Насыпаць горы», журналіст Радыё Свабода Валер Каліноўскі, прывітаў пісьменьніцу і прысутных на паляшуцкай гаворцы і падзяліўся падрабязнасьцямі адной гутаркі з Малгажатай Шэйнэрт:

Малгажата Шэйнэрт і Валер Каліноўскі
Малгажата Шэйнэрт і Валер Каліноўскі

«Аднойчы, размаўляючы з Малгажатай, я выказаў асьцярогу, што прафэсія журналіста і пісьменьніка можа хутка згінуць, бо людзі перастануць чытаць. На гэта шаноўная аўтарка адказала: «Ня згіне. Пакуль людзям цікавыя іншыя людзі, яны будуць чытаць і нашая прафэсія ня згіне».

Зь Пінску можна даплысьці і да Балтыйскага, і да Чорнага мораў

Аўтарка расказала, чаму яна, народжаная ў Варшаве, вырашыла напісаць кнігу пра беларускае Палесьсе. Сярод прычын — і даніна памяці польскаму рэпартэру Рышарду Капусьцінскаму, і цікавасьць да «крэсаў усходніх» на падставе папулярнага ў Польшчы танга «Polesia czar».

Перакладчыца Марыя Пушкіна
Перакладчыца Марыя Пушкіна

«Па-першае, я напісала кнігу пра Палесьсе з цікаўнасьці. Мной заўсёды кіруе цікаўнасьць. Увогуле, для рэпартэра гэта найважнейшая якасьць. Часам можна выбраць добрую і важную тэму, але нічога не атрымаецца, калі самому аўтару яна не цікавая. Па-другое, гэта ў нейкім сэнсе заслуга нашага вялікага рэпартэра Рышарда Капусьцінскага. Ён нарадзіўся ў Пінску, заўсёды сумаваў аб Палесьсі, думаў пра яго і заўсёды хацеў пра Палесьсе напісаць. Але ня змог гэтага зрабіць. Праўда, ён напісаў пра Пінск пару фрагмэнтаў, якія ўвайшлі ў яго кнігу Imperium і ў тамы Lapidarium, дзе ён зьмясьціў філязофскія думкі пра сьвет. У адным з гэтых тэкстаў пра Палесьсе было нешта вельмі цікавае для мяне, таму Палесьсе прывабіла і мяне. Ён напісаў, што калі ў Пінску сесьці ў човен, то на ім можна даплыць і да Балтыйскага, і да Чорнага мораў. Такім чынам, Пінск ёсьць месцам, адкрытым для сьвету. Мяне гэты факт моцна зацікавіў».

Андрэй Хадановіч, Марыя Пушкіна і Малгажата Шэйнэрт
Андрэй Хадановіч, Марыя Пушкіна і Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт расказала, што ў Польшчы раней было вельмі папулярнае танга «Чары Палесься» («Polesia czar»), і шмат хто яго ведае і сьпявае як сэнтымэнтальную песьню маладосьці.

«Прычым людзі не памятаюць усяго тэксту, але ведаюць мэлёдыю і напяваюць толькі адзін радок — „Polesia czar“. Вось гэтыя чары Палесься мяне вельмі і цікавілі, як там яны выглядаюць. Увогуле, гэтыя чары Палесься былі мне падазронымі, хацелася іх дасьледаваць, мне здавалася, што там нешта ня так».

Рэпартаж, як самагон: яго можна зрабіць хоць з чаго. Але ня факт, што атрымаецца добра

Кніга «Насыпаць горы» ў Польшчы зьяўляецца тэмай шматлікіх літаратурных сустрэч. Аўтарка кажа, што для польскай аўдыторыі найбольш цікавай сталася частка, прысьвечаная не гісторыі Палесься, а сучаснаму жыцьцю людзей.

Напрыканцы сустрэчы журналістку папрасілі падзяліцца сакрэтам прафэсійнага майстэрства і расказаць, як напісаць пасьпяховы рэпартаж.

Малгажата Шэйнэрт
Малгажата Шэйнэрт

«Першае і самае важнае: трэба ўмець карыстацца мовай. Другое: трэба мець добрую тэму, таму што, нягледзячы на тое, што можна гнаць самагонку з ножкі ад крэсла, гэта будзе вельмі кепская самагонка, таму тэма — гэта надзвычай важна. Трэцяе: трэба ведаць, пра што пішаш, і што гэта важна ня толькі для аўтара, але і для чытача. Іншымі словамі, тэма павінна быць цікавай сама па сабе, а ня толькі таму, што яна цікава апісаная. Чацьвёртае: трэба дбайна сабраць матэрыял, размаўляючы з некалькімі героямі, каб былі прадстаўленыя ўсе бакі канфлікту ці выбару. Пятае: калі ўжо ёсьць сабраны матэрыял, яго трэба сканструяваць, зрабіць тэкставы хрыбет; мусяць быць лягічны пачатак, сярэдзіна і канец», — адказала зорка літаратурнага рэпартажу, сузаснавальніца Gazeta Wyborcza, удзельніца руху Салідарнасьці ў Польшчы.

Выдавец кнігі «Насыпаць горы» Ігар Логвінаў
Выдавец кнігі «Насыпаць горы» Ігар Логвінаў

18 лістапада прэзэнтацыя кнігі «Насыпаць горы» з удзелам аўтаркі, а таксама перакладчыц Марыі Пушкінай і Алены Пятровіч, адбудзецца ў Берасьці ў «Прасторы КХ» (вул. Халтурына, 2/1), а 18.00.

Падчас прэзэнтацыі ў Менску
Падчас прэзэнтацыі ў Менску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG