Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На лаве падсудных мытнікаў толькі 5, Алесь Юркойць сярод іх (з барадой). Яшчэ 6 мытнікаў знаходзяцца ў залі — ім была зьмененая мера стрыманьня.
На лаве падсудных мытнікаў толькі 5, Алесь Юркойць сярод іх (з барадой). Яшчэ 6 мытнікаў знаходзяцца ў залі — ім была зьмененая мера стрыманьня.

Суд над 11 ашмянскімі мытнікамі. Хроніка першага дня

абноўлена

У судзе Партызанскага раёну Менску 18 лістапада пачаўся суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары.

У Партызанскім судзе сталіцы 18 лістапада пачаўся працэс над 11 супрацоўнікамі Ашмянскай мытні, якіх абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў вялікім памеры ў складзе арганізаванай групоўкі.

Цягам першага дня працэсу зачытвалася абвінаваўчае заключэньне, у якім фігуруюць больш за 50 мытнікаў.

Паводле сьледзтва, агулам за 5 гадоў злачыннай дзейнасьці яны атрымалі хабару на 850 тысяч даляраў. Але ня ў роўных частках: кіраўнікі мытні — па некалькі дзясяткаў тысяч даляраў хабару, шарагоўцы — па некалькі тысяч.

Ня ўсе з абвінавачаных прызналі сваю віну. Назіральнікі за працэсам у Партызанскім судзе мяркуюць, што 6 мытнікаў, якія не знаходзяцца пад вартай, часткова ці цалкам прызнаюць віну, а 5 падсудных, якія знаходзяцца пад вартай, адмаўляюцца, што атрымлівалі хабар.

Гэтак, не прызнаюць віны мытнікі Алесь Юркойць і Тадэвуш Высоцкі. Але ў судзе яшчэ не дапытвалі падсудных, і стаўленьне ўсіх мытнікаў да абвінавачаньня стане вядомым толькі на наступным тыдні.

Адначасова праходзяць працэсы над ашмянскімі мытнікамі таксама ў Кастрычніцкім, Фрунзенскім раённых і Менскім абласным судзе.

09:59 18.11.2016

На працэс прыйшла жонка Алеся Юркойця Ганна Юркойць.

10:09 18.11.2016

Пачатак суду затрымліваецца, сказала сакратарка, на хвілінаў 10-15 праз спазьненьне двух абаронцаў.

11:12 18.11.2016

Ня ўсіх зьмясьцілі ў клетку

Ідзе апытаньне падсудных: дадзеныя, зь якога часу былі затрыманыя, калі атрымалі копію абвінавачаньня... Гэта звычайная працэдура, якая тут расьцягнулася ўжо на 10 хвілінаў, бо падсудных 11 чалавек. Высьветлілася, што 6 зь іх знаходзяцца не ў жалезнай клетцы, а ў залі — ім была зьмененая мера стрыманьня.

Алесь Юркойць установачныя дадзеныя паведаміў па-беларуску.

Алесь Юркойць
Алесь Юркойць

11:22 18.11.2016

Пачалося судовае сьледзтва

Пракурор пачаў зачытваць абвінавачваньне з мытніка А. Лапейкі. Паводле сьледзтва, Лапейка нібыта ўваходзіў у склад злачыннай групы з 2010 па 2015 год, за грашовае ўзнагароджаньне прапускаў транспарт з грузам без адпаведнага афармленьня праз мытны пераход «Каменны лог».

Узгадваецца эпізод з транспартам з кветкамі зь Літвы (ці ў Літву). Называюцца таксама як саўдзельнікі Высоцкі ды іншыя, якіх няма ў гэтай справе.

11:59 18.11.2016

250 даляраў хабару з машыны

Паводле абвінавачаньня, якое зачытвае пракурор, грузы ішлі з краінаў Эўразьвязу ў Расею, Казахстан. Гучаць словы пра злачынную групоўку мытнікаў: што яны разьмяркоўвалі ролі, дамовіліся пра спосабы зносінаў, рэгулярна даводзіліся зьвесткі пра грузы, якія трэба было прапусьціць безь перашкодаў, для кансьпірацыі былі набытыя адмысловыя мабільнікі і сім-карты.

Памеры хабару за аўтамабіль — спачатку 250 даляраў, потым 210. Па другой катэгорыі грузу — 150-100 даляраў. За машыну з кветкамі — 80. Парадак быў такі, што грошы перадаваліся начальніку, які браў сваю долю. Тады грошы ішлі далей, і розныя начальнікі бралі зь іх сваю долю. Начальнікі штомесяц перадавалі з гэтых грошай частку начальніку мытні. Гучаць прозьвішчы мытнікаў (сярод іх Бубноў, іншыя чуваць дрэнна, пракурор чытае вельмі ціха). Таксама гучыць, што начальнік даваў указаньні аб дадатковых захадах мытнага кантролю, каб прымусіць заплаціць хабар. Гэта паведамляецца пра падсуднага Т. Высоцкага. Груз ішоў у Самару.

12:07 18.11.2016

Сума хабараў — 800 тысяч даляраў

Яшчэ гучаць зьвесткі пра падсуднага Высоцкага. Што нібыта паведамляў падначаленым мытнікам назвы фірмаў, грузы якіх трэба вызваліць ад кантролю, каб атрымаць хабар. Сумы гучалі ад 250 да 110 даляраў за аўтамабіль. Эпізоды тычыліся 2010, 2012, 2014, 2015 гадоў. Грошы перадаваліся ў розных месцах, у тым ліку ў Вільні і на дарогах Беларусі. Усяго было атрымана для арганізаванай групы больш за 800 тысяч даляраў. Зь іх Лапейка, якому чытаюць абвінавачаньне, атрымаў, паводле сьледзтва, каля 9 тысяч даляраў.

12:20 18.11.2016

Доўгі пералік машын

Гучыць доўгі пералік транспартных сродкаў, якія «аформіў мытнік Лапейка па ўказаньні Мароз» — называецца дзень, калі гэта было, і колькі атрымана даляраў. У асноўным гучыць хабар у 250 даляраў ЗША. Ужо больш за 20 пазыцыяў.

12:21 18.11.2016

Пракурора кепска чуваць

Адвакаты ўткнуліся ў свае паперы, публіка ў залі — у мабільныя тэлефоны. Пракурор чытае ледзь чутна, здаецца, зараз засьне.

12:42 18.11.2016

Судзьдзя зрабіў заўвагу пракурору

Адбыўся інцыдэнт. Абвінавачаньне пачаў зачытваць другі пракурор, але той чытаў яшчэ цішэй, чым першы. Праз хвіліну публіка абурылася: «Кажыце грамчэй, уключыце мікрафоны!»

Судзьдзя мусіў зрабіць заўвагу пракурору, і тады той пачаў чытаць сапраўды гучней, але мікрафоны ў залі гэтак і не ўключылі. Два мікрафоны стаяць на стале пракурораў, але адвернутыя ў процілеглы бок.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG