Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На лаве падсудных мытнікаў толькі 5, Алесь Юркойць сярод іх (з барадой). Яшчэ 6 мытнікаў знаходзяцца ў залі — ім была зьмененая мера стрыманьня.
На лаве падсудных мытнікаў толькі 5, Алесь Юркойць сярод іх (з барадой). Яшчэ 6 мытнікаў знаходзяцца ў залі — ім была зьмененая мера стрыманьня.

Суд над 11 ашмянскімі мытнікамі. Хроніка першага дня

абноўлена

У судзе Партызанскага раёну Менску 18 лістапада пачаўся суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары.

У Партызанскім судзе сталіцы 18 лістапада пачаўся працэс над 11 супрацоўнікамі Ашмянскай мытні, якіх абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў вялікім памеры ў складзе арганізаванай групоўкі.

Цягам першага дня працэсу зачытвалася абвінаваўчае заключэньне, у якім фігуруюць больш за 50 мытнікаў.

Паводле сьледзтва, агулам за 5 гадоў злачыннай дзейнасьці яны атрымалі хабару на 850 тысяч даляраў. Але ня ў роўных частках: кіраўнікі мытні — па некалькі дзясяткаў тысяч даляраў хабару, шарагоўцы — па некалькі тысяч.

Ня ўсе з абвінавачаных прызналі сваю віну. Назіральнікі за працэсам у Партызанскім судзе мяркуюць, што 6 мытнікаў, якія не знаходзяцца пад вартай, часткова ці цалкам прызнаюць віну, а 5 падсудных, якія знаходзяцца пад вартай, адмаўляюцца, што атрымлівалі хабар.

Гэтак, не прызнаюць віны мытнікі Алесь Юркойць і Тадэвуш Высоцкі. Але ў судзе яшчэ не дапытвалі падсудных, і стаўленьне ўсіх мытнікаў да абвінавачаньня стане вядомым толькі на наступным тыдні.

Адначасова праходзяць працэсы над ашмянскімі мытнікамі таксама ў Кастрычніцкім, Фрунзенскім раённых і Менскім абласным судзе.

12:53 18.11.2016

У абвінавачаньні гучыць шмат прозьвішчаў мытнікаў, якіх няма ў гэтай залі і, адпаведна, ім не выстаўляецца абвінавачаньне па дадзенай справе. Але яны фігуруюць як удзельнікі эпізодаў, якія сьледзтва кваліфікуе як злачынныя. Прыкладам, як нейкі Мароз, прозьвішча якога гучала нядаўна ў сувязі з абвінавачаньнем падсуднаму Лапейку.

12:58 18.11.2016

Абвешчаны перапынак да 14.30.

13:15 18.11.2016

Начальнікаў мытні судзяць у абласным судзе

Стала вядома, што ўсяго мытнікаў разьбілі на 4 групы. Тут, у Партызанскім судзе Менску, сёньня судзяць Лапейку, Швіта, Высоцкага, Бабровіча, Нагорскага, Чэпіна, Часнойця, Казьмірчука, Курневіча, Страйко, Юркойця. У Кастрычніцкім судзе мусяць судзіць яшчэ адну групу. Начальнікаў судзяць у Менскім абласным судзе. Зь 1 лістапада таксама ідзе працэс у Фрунзенскім судзе.

15:49 18.11.2016

З кожнага аўтамабіля з кветкамі, якія праходзілі празь мяжу без адпаведнага нагляду, мытнікі бралі ад 150 да 250 даляраў, а зь іншым таварам — да 300 даляраў.

Зь іх па 10 даляраў перадавалася кожнаму з начальнікаў на розных узроўнях. На вяршыні гэтай піраміды знаходзіўся, паводле сьледзтва, начальнік Ашмянскай мытні. Відаць, маецца на ўвазе Іван Нівяркевіч, які летась быў асуджаны на 7 гадоў. Але ягонае імя ў абвінавачаньні не называюць.

Гучыць імя мытніка Высоцкага, які, паводле сьледзтва, дамаўляўся з прадстаўнікамі фірмаў, якія перавозілі празь мяжу тавары. У тым ліку дамаўляліся на тэрыторыі Літвы. Гэтак жа ў Літве дамовіўся з расейцам Малаевым мытнік Башлыкевіч (ягонае імя прагучала ў абвінавачаньні, хаця ў гэтай справе яго няма).

Названа больш як 400 транспартных сродкаў, якія мытнікі прапусьцілі празь мяжу з парушэньнямі. Гаворка вядзецца пра пэрыяд з 2011 па 2014 год.

Названыя каля 10 прозьвішчаў мытнікаў, якія гэта забясьпечылі. Юркойця сярод іх няма. Наогул прозьвішча Юркойця ў той частцы абвінавачаньня, якую ўжо зачыталі пракуроры, яшчэ не гучала.

Падсуднаму Высоцкаму сьледчыя налічылі хабар больш як на 19 тысяч даляраў. Яшчэ аднаму мытніку, Курневічу, — больш за 9 тысяч даляраў.

Гучыць нейкае АТ «Міленіюм», на адрас якога накіроўваліся транспартныя сродкі, за якія браўся хабар па 250 даляраў. Афармляў Курневіч на загад Высоцкага. Гэта было ў 2013 годзе, больш за 10 фактаў.

Апроч «Міленіюма» згадваецца яшчэ адна фірма, АТ «Гармонія», якая давала хабар па 250 даляраў за машыну.

За 2014 год фігуруе фірма «Балтыйскі падарунак». Афармляў Курневіч на загад Карповіча, атрымана за гэта па 200–210 даляраў.

15:58 18.11.2016

Пасьля перапынку галасы пракурораў гучаць мацней. На стале, дзе сядзяць абвінаваўцы, зьявіліся гукавыя калёнкі. Вось толькі адзін з пракурораў вымаўляе вельмі хутка і зьядае канчаткі словаў, таму ўсё роўна мала што можна разабраць.

16:14 18.11.2016

Згадваюць пра мытніка Яўгена Бабровіча, які атрымаў агулам больш за 7 тысяч даляраў. Браў хабар па 200–250 даляраў з машыны, афармляў аўтамабілі на загад Мароз (яе судзяць у Кастрычніцкім судзе Менску). Ідзе пералік выпадкаў за 2014 год.

Фірма, якая перамяшчала грузы, называецца «Балтыйскі падарунак». Яшчэ назвалі фірму «Каліпса». Тут бралі па 100 даляраў.

Яшчэ часта гучыць сума хабару ў 210 даляраў.

16:24 18.11.2016

Абвінавачаньне лічыць, што Бабровіч таксама вінаваты паводле 430-га артыкулу Крымінальнага кодэксу — у атрыманьні хабару ў асабліва вялікім памеры ў складзе арганізаванай злачыннай групы.

16:50 18.11.2016

Упершыню прагучала імя Алеся Юркойця як чальца арганізаванай злачыннай групы, якая дзейнічала на Ашмянскай мытні ў пэрыяд з 2010-га па 2015 гады. Усяго прагучала больш за 50 прозьвішчаў. Арганізатарамі пракурор назваў Букеля, Высоцкага і Срумянца.

Абвешчаны перапынак да панядзелка 21 лістапада.

Да журналістаў падышла жанчына з залі і папрасіла зрабіць удакладненьне: у матэрыялах гэтай справы фігуруе інспэктар Тадэвуш Высоцкі, але гэта не арганізатар «злачыннай групоўкі».

Той, гэта Ігар Высоцкі, начальнік аддзелу. Пра Ігара Высоцкага і ішла гаворка ў абвінавачаньні як пра арганізатара. Але яго няма ў гэтым судзе. А Тадэвуш Высоцкі — адзін з шараговых мытнікаў. Пра яго яшчэ ў абвінавачаньні не гаварылася.

XS
SM
MD
LG