Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова і свабода зьвязаныя», — Вінцук Вячорка заклікаў магілёўцаў да моўнага ўчынку


Падчас прэзэнтацыі
Падчас прэзэнтацыі

«Захапіць, зацікавіць і падштурхнуць да моўнага ўчынку»: у Магілёве прэзэнтавалі кнігу, якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды», — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам».

У кнізе сабраныя нарысы пра беларускую мову, якія гучалі на хвалях і публікаваліся на сайце Радыё Свабода ў 2014 −2016 годзе.

Кнігу магілёўцам прадставіў яе аўтар — мовазнаўца Вінцук Вячорка. Імпрэзу арганізавала Таварыства беларускай школы пры спрыяньні грамадзкага цэнтру «Кола».

Замест жывой беларускай мовы русыфікаваны сурагат

«Моўны ўчынак — гэта ключавое слова, якое я вынес у прадмову кніжкі. Зацікаўленасьць мовай — гэта этычны, маральны, эстэтычны ды грамадзянскі выбар. Цікавіцца беларускай мовай азначае адкрываць для сябе мільярды найцікавейшых рэчаў. Гэтым я хачу заразіць іншых», — гэтак патлумачыў мэту сваёй працы Вінцук Вячорка.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

«Мова ў значнай ступені вызначае цывілізацыйную прыналежнасьць пэўнага народу, — казаў ён. — Я імкнуся паказаць, што многія рысы беларускай мовы, якія сьведчылі пра яе адметнасьць і асабліва якія служылі цывілізацыйным маркерам, сьвядома затоптваліся ў гразь. Жывая аўтэнтычная мова падмянялася русыфікаваным сурагатам. Зьмястоўна мая задача — адкрыць кантынэнт, які ад нас хавалі ўсё 20 стагодзьдзе».

У грамадзкі цэнтар «Кола» надвячоркам будзённага дня на прэзэнтацыю свабодаўскай кнігі прыйшлі больш за тры дзясяткі чалавек. Гэта сябры Таварыства беларускай мовы, наведнікі курсаў «Мова Нанова» ды неабыякавыя да лёсу роднай мовы людзі. Некаторыя пасьпелі пачытаць кнігу да сустрэчы зь яе аўтарам.

«Для настаўнікаў гэтая кніга — крыніца натхненьня, тое, чым можна зацікавіць вучняў, — падзяліўся ўражаньнямі ад кнігі настаўнік беларускай мовы і выкладчык курсаў «Мова Нанова» Юрась Каласоўскі. Паводле яго, кожны настаўнік знойдзе ў ёй тое, што прыдасца яму ў практыцы.

«Элемэнтарным камунікацыйным рэчам — як паразумецца, як папрасіць прабачэньня — у школе ня вучаць», — тым часам казаў Вінцук Вячорка.

«Задача прадмета „беларуская мова“ ў цяперашняй школе, — не разбор сказаў, а адваёва прасторы для жывой беларускай мовы», — даводзіў ён.

Прэзэнтаваная кніга
Прэзэнтаваная кніга

«Гэта кніга — практычны дапаможнік для тых, хто хоча гаварыць па-беларуску», — адзначыў адзін з удзельнікаў прэзэнтацыі. Ён прызнаўся, што ў жыцьці мала гаворыць па-беларуску, бо вакол расейскамоўнае асяродзьдзе.

«Аўтар, як мне падалося, ведае ўсе памылкі цяперашняй беларускай мовы, — казаў спадар. — Ён паказвае прыроду гэтых памылак. Мне цікава было дазнацца, як фармулююцца сказы па-беларуску, зь якіх моваў паходзяць запазычаныя словы, як па-беларуску зьвяртацца да людзей».

Ад тых, хто гаворыць па-беларуску, залежыць будучыня нацыі

Кожны сам стварае сабе моўнае асяродзьдзе, казаў Вінцук Вячорка.

«Нехта ж павінен быць першым, — даводзіў ён. — Той, хто пачынае гаварыць па-беларуску, вельмі адважны, і ад такіх людзей залежыць будучыня нацыі».

На імпрэзе яе ўдзельнікі спраўджвалі моўныя веды тэстамі, глядзелі апытаньні, якія праводзіліся для выпускаў свабодаўскай праграмы «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам».

«Вельмі спадабалася назіраць за рэакцыяй менчукоў, якія адказвалі на моўныя пытаньні, — адзначыла адна з удзельніц прэзэнтацыі.— Было крыўдна, што, здаецца, на простыя пытаньні людзі не маглі адказаць. Урэшце падобная сытуацыя, відаць, была б характэрная і для іншых беларускіх гарадоў».

Усе ўдзельнікі імпрэзы займелі свабодаўскую кнігу
Усе ўдзельнікі імпрэзы займелі свабодаўскую кнігу

«Не заўсёды чалавек уяўляе, наколькі векавая традыцыя продкаў на яго ўплывае, — казаў Вінцук Вячорка. — Карані беларускасьці вельмі цяжка вытруціць на працягу двух, трох, чатырох пакаленьняў».

Сваю пазыцыю госьць зь Менску праілюстраваў шэрагам беларускіх словаў, якія многія беларусы лічаць расейскімі, але іх у расейцаў няма. Напрыклад, беларускія словы клямка, ссабойка ды квач. Шырока ўжываны беларускі выраз «цырк на дроце» перакласьці расейцу будзе надта цяжка, казаў Вінцук Вячорка.

«Мяне ўразіў аповед пра паходжаньне імёнаў, — падзяліўся ўражаньнямі яшчэ адзін удзельнік прэзэнтацыі. — Многае з пачутага на сустрэчы можна выкарыстоўваць. Мы чамусьці цураемся нашай ідэнтычнасьці. Многія зь беларусаў на сваю мову глядзяць вачыма замежніка».

«Мова і свабода зьвязаныя», — адзначыў Вінцук Вячорка, адказваючы на пытаньне, ці знойдзе Беларусь сваё месца ў Эўропе безь беларускай мовы.

«Досьвед Эўрапейскага зьвязу, у якім ёсьць цяпер пэўны пласт расейскамоўных грамадзянаў, паказвае, што зьберажэньне расейскамоўнай прысутнасьці цягне за сабою пэўныя палітычныя рызыкі, пэўныя настальгічныя, савецкія імпульсы, — казаў мовазнаўца. — Аб’яднаная Эўропа павінна паказваць прыклад зьберажэньня, культываваньне моваў, нават тых, якія, здавалася б, адсунутыя на маргінэс гісторыі».

«Валійская мова канкуравала з ангельскай, — дадаў ён. — Выкарыстоўваючы дэмакратычныя мэханізмы барацьбы за свае правы, валійцы цяпер могуць сказаць, што будучыні іхняй мовы нічога не пагражае. Так што мова і свабода зьвязаныя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG