«Разыходжаньня па міжнародным парадку дня ў дзьвюх дзяржаваў няма»
Аляксандар Лукашэнка пачаў прэс-канфэрэнцыю з таго, што назваў Расею «блізкай і брацкай дзяржавай». Пры гэтым ён адзначыў асаблівую ролю расейскіх рэгіёнаў у двухбаковых адносінах: «Менавіта рэгіёны Расейскай Фэдэрацыі выратавалі братэрства двух славянскіх дзяржаваў».
Лукашэнка падкрэсьліў, што Масква і Менск заўсёды выступаюць адзіным фронтам на міжнароднай арэне. «Разыходжаньня па міжнародным парадку дня ў дзьвюх дзяржаваў няма», — заявіў ён.
Пра вынікі 2016 году
Лукашэнка прызнаў, што 2016 год быў ня лепшым у беларуска-расейскіх стасунках. Паводле ягоных слоў, Беларусь страціла каля 3 мільярдаў даляраў ад дэвальвацыі расейскага рубля. Істотна зьнізіўся двухбаковы таваразварот праз абвал расейскага рынку.
Лукашэнка канстатаваў наяўнасьць крызісных зьяваў у беларускай эканоміцы: «Думаю, на 2% ВУП мы ўпадзем».
22 лістапада Лукашэнка і Пуцін абмяркуюць «прынцыповыя пытаньні»
Лукашэнка заявіў, што яго зьдзіўляе супраціў Расеі ў пытаньні стварэньня безбарʼернай гандлёва-эканамічнай прасторы. «Чаго тут баяцца? Гэта нам трэба баяцца, што такі велізарны монстар паглыне Беларусь», — кажа ён.
Яго зьдзіўляюць абвінавачваньні ў тым, што Беларусь, напрыклад, кантрабандай пастаўляе ў Расею крэвэткі. «Мы з часоў СССР пастаўляем вам крэвэткі і селядзец. Гэта ўсё элемэнтарна», — тлумачыць.
Падводзячы вынікі, Лукашэнка адзначыў, што ў эканамічных адносінах дзьвюх краінаў цяпер «больш нэгатыву».
Лукашэнка таксама паведаміў, што 22-га лістапада адбудзецца ягоная сустрэча з Уладзімірам Пуціным. «Сядзем удваіх і абмяркуем некаторыя прынцыповыя пытаньні».
«Ніколі не лічыў, што Масква — гэта нешта чужое»
Паводле слоў Лукашэнкі, інтэграцыя Расеі і Беларусі тармозіцца не па віне Менску:
«Калі мы да гэтага не стварылі адзіны парлямэнт і адзіны ўрад, да чаго імкнуліся, не прынялі канстытуцыю на рэфэрэндуме, то паверце, не Беларусь зьяўляецца прычынай гэтага».
Лукашэнка кажа, што Беларусь вельмі беражліва ставіцца да агульнай гісторыі:
«У адукацыі дзе-нідзе мы апярэджваем вас у патрыятычным выкладзе матэрыялу. Мы ніколі пад ногі ня кідалі гісторыю, не зьвяргалі помнікі і не пераназывалі вуліцы».
«Ніколі не лічыў, што Масква — гэта нешта чужое. Можа, гэта каго-небудзь з расейскіх кіраўнікоў крыўдзіла або крыўдзіць. Для мяне, як і для любога беларуса, Масква чужой не была і ня будзе», — падкрэсьліў ён.
Пра вынас расейскага сьцяга на Паралімпіядзе
Адказваючы на пытаньне, што адчуў Лукашэнка, пабачыўшы вынас расейскага сьцяга беларускай дэлегацыяй на Паралімпіядзе ў Рыё, ён заявіў:
«Пачуцьцё расчараваньня, што ня так зрабілі, як трэба было. І пачуцьцё радасьці, што ўсё ж такі запасны сьцяг схавалі пад кашуляй, як у гады Вялікай Айчыннай вайны.... Гэта была дэманстрацыя нашага адзінства. Мы ўзьніклі ад аднаго кораня, мы славяне. Як мы раней казалі — мы ж рускія людзі, мы павінны падтрымліваць і абараняць адзін аднаго».
«Калінінград быў фактычна беларускай тэрыторыяй»
Адказваючы на пытаньне журналіста з Калінінграда аб адносінах Беларусі з гэтым рэгіёнам, Лукашэнка заявіў:
«За часамі Савецкага саюза Калінінград быў фактычна беларускай тэрыторыяй. Мы забясьпечвалі Калінінград, мы былі адказныя за гэтую тэрыторыю... Мы дагэтуль не лічым Калінінград чужой тэрыторыяй. Мы, вядома, не прэтэндуем на ўключэньне Калінінграда ў склад Беларусі. Сьвет зьмяніўся. Але мы ня лічым, што гэта чужая зямля».
Чаму разваліўся Савецкі Cаюз
Лукашэнка заявіў, што нельга паўтараць памылкі савецкага часу, калі адчуваўся востры таварны дэфіцыт:
«Чаму СССР разваліўся? Пральнага парашка бракавала. Што мы гэта зрабіць не маглі? ».
«Калі мы ня будзем гэтым займацца, то нас народ і без каляровых рэвалюцыяў скіне», — дадаў ён.
«Як вы, беларусы, выхоўваеце патрыятызм? А ніяк не выхоўваем!»
Паводле слоў Лукашэнкі, аснова патрыятызму — гэта дзяржава, пабудаваная на прынцыпах справядлівасьці.
«Вось кажуць, як вы, беларусы, выхоўваеце патрыятызм. А ніяк не выхоўваем!.. Галоўнае — гэта справядлівасьць. Нельга крыўдзіць людзей. Калі чалавек будзе пакрыўджаны на ўладу, пакрыўджаны на парадкі ў краіне, ён ніколі ня будзе патрыётам».
Пра ЧС-2018: Будзем заўзець за расейскую каманду
Лукашэнка прызнаўся, што расчараваны выступам футбольных зборных Беларусі і Расеі:
«Не хачу груба казаць, але заслугоўваюць яны самі ведаеце чаго. Асабліва Расея».
Лукашэнка расказаў, што будзе заўзець за зборную Расеі на чэмпіянаце сьвету 2018 году:
«Я ўжо за вас заўзею. Нас там ня будзе 100%. Каб хоць ня сорамна было, каб групавы турнір прайшлі. Будзем заўзець за расейскую каманду».
Лукашэнка пра банкаўскі сэктар: «Мы навядзем жалезны парадак»
Лукашэнка выказаўся наконт умяшальніцтва ўлады ў эканоміку.
«Вось кажуць рынак усё адрэгулюе. Ды ні чорта ён не адрэгулюе! Асабліва ў нас, калі яго няма. У нас рынак — гэта жулікі», — заявіў ён.
Аляксандар Лукашэнка таксама паведаміў, што ў найбліжэйшы час улады зоймуцца банкаўскім сэктарам:
«У краіне крызіс, усюды крызіс, Расея абвалілася. Вырашылі, паглядзець, як жывуць банкіры. Някепска жывуць, лепш, чым у мінулыя гады. Вось у найбліжэйшы час мы навядзем там жалезны парадак. Гэтыя банкіры, яны што — грошы зарабляюць? Яны нашы грошы дзеляць!».
Пра «штрафбаты» для чыноўнікаў
Лукашэнка распавёў расейскім журналістам пра практыку памілаваньня карумпаваных чыноўнікаў, каб тыя пасьля працавалі кіраўнікамі калгасаў.
«Амніставаў групу чыноўнікаў-бізнэсмэнаў — накіраваў у калгасы-саўгасы. Паглядзім, як яны ня справяцца».
Лукашэнка ў сувязі з гэтым згадаў лёс памілаванага намесьніка генпракурора Аляксандра Архіпава.
«З маёй радзімы пракурор. Намесьнік генэральнага пракурора — накасячыў. Пайшоў старшынём калгасу. Хочаш — ідзі. Або ў турме сядзі».
Пра любімую лічбу
Лукашэнка ня верыць, што лічба 13 нешчасьлівая.
«13 — гэта мая любімая лічба. Калі займаюся спортам, я 13 кілямэтраў бягу. Калі раблю нейкае практыкаваньне, дык 13 разоў раблю ці некалькі разоў па 13», — распавёў ён.
«У нас палова ўраду рускія»
Лукашэнка адказаў на абвінавачваньні ва ўціску расейскай мовы ў Беларусі і правядзеньне палітыкі беларусізацыі.
«Некаторыя арыентаваныя нібыта на Расею людзі, тыя ж блогеры, кажуць — вось, мяккая беларусізацыя ідзе... Як быццам у Беларусі анямечваньне павінна быць! Ды ў нас палова ўраду рускія, а можа і больш. Я іх ніколі не лічу», — заявіў ён.
Ад рускай мовы беларусы адмаўляцца не зьбіраюцца:
«Калі нашы некаторыя нацыяналісты кажуць — вось расейскую мову... Я пытаюся: чаму мы ад гэтай спадчыны павінны адмаўляцца? Калі мы хочам у сувязі з гэтым спарадзіць і эканамічныя праблемы, то мы можам адмовіцца ад расейскай мовы».
Лукашэнка распавёў пра жаданьне набыць кампанію «Башнефть»
Журналіст зь Цюменскай вобласьці пацікавіўся ў Лукашэнкі, чаму б Беларусі ня ўзяць у распрацоўку адно з нафтавых радовішчаў у Расеі.
«Вашы б словы ды Богу ў вушы. Што перашкаджае? Пазыцыя расейскага кіраўніцтва. А як потым уплываць на Беларусь, калі яна будзе нафту здабываць, а потым і газ?.. Калі б у нас сёньня было 7-8 мільёнаў тон нафты, у нас бы не было ніякіх праблемаў. Гэта была б самая квітнеючая эўрапейская краіна».
Лукашэнка заявіў, што хацеў бы набыць акцыі расейскай кампаніі «Башнефть» — адпаведную прапанову ён накіроўваў расейскаму кіраўніцтву.
«Часта нас крытыкуюць — вось, Лукашэнка ня хоча прыватызаваць 4 прадпрыемствы. Расея хацела б буйныя прадпрыемствы. Напрыклад, прадпрыемствы, якія выпускаюць трэйлеры для перавозкі ракет „Тополь“ (маецца на ўвазе МЗКЦ — РС). „Інтэграл“ расейцы хочуць прыватызаваць — такіх ужо няма на постсавецкай прасторы. Я кажу — добра. У вас ёсьць цікавасьць да гэтых прадпрыемстваў. А ў мяне ёсьць цікавасьць да здабычы нафты, каб 7-8 мільёнаў тон мы маглі здабываць самі. І вось калі была прыватызацыя „Башнефти“, я накіраваў прапанову вашаму кіраўніцтву. Беларусы зразумеюць, калі мы гэтыя прадпрыемствы абмяняем на акцыі „Башнефть“, якія вы перадалі „Роснефти“. Да гэтага часу адказу няма. Значыць, ня хочуць».