Лукашэнка заявіў, што гатовы закрыць мяжу паміж Расеяй і Данбасам
Лукашэнка фактычна намякнуў на магчымасьці міратворчай місіі Беларусі ў зоне канфлікту на Данбасе.
«Калі вы хочаце гэтыя 400 кілямэтраў межаў паміж Данбасам і Расеяй, паміж Украінай і Расеяй на гэтым этапе закрыць і навесьці парадак — калі ласка, мы гэта зробім. Калі вы гэтага хочаце. Самі мы туды не палезем — чаго мы палезем у чужую хату, калі мы там нежаданыя госьці? Але лічыць нас людзьмі староньнімі нельга».
Лукашэнка таксама згадаў, што беларусы-ўдзельнікі канфлікту на Данбасе вяртаюцца ў Беларусь, дзе іх «кантралююць».
«Хтосьці ваюе на баку Ўкраіны, хтосьці на баку апалчэнцаў. А куды яны вяртаюцца? Яны вяртаюцца ў Беларусь. Так, мы іх кантралюем. Але гэта каштуе грошай. Нам гэта трэба? Нам гэта ня трэба», — заявіў ён.
«Пераможцаў у гэтай бойні ня будзе. Гляджу часам расейскае тэлебачаньне — ну такі патрыятызм, такія патрыёты. А сам думаю, а вашы дзеці там ваююць? Тыя, хто крычаць перад тэлекамэрамі?» — кажа Лукашэнка.
«Сёньня Данбас не патрэбны Расеі. Ён зьнішчаны цалкам», — падкрэсьліў ён.
«У нас сёньня столькі памылак, што Сталін здрыгануўся б»
Лукашэнка заявіў пра важнасьць беражлівага стаўленьня да гісторыі.
«У нас сёньня столькі памылак, што Сталін бы, калі б убачыў, здрыгануўся. Ня трэба кідаць камяні ў гісторыю», — адзначыў ён.
Лукашэнка таксама ня згодны з тым, што ў свой час адмянілі вывучэньне гісторыі КПСС у ВНУ:
«Якая б партыя ні была... Вазьміце Вялікую Айчынную — камуністы, камсамольцы ішлі ў атаку з партыйным білетам. Гэта ж было. Вось я быў камуністам. Я ня думаў, што будуць агульныя жонкі, што ня будзем працаваць, а толькі спажываць. Я працаваў з раніцы да ночы».
Лукашэнка гатовы сустрэцца з Рамзанам Кадыравым
Адказваючы на пытаньне журналіста з Грознага пра стасункі Беларусі і Чачні, Лукашэнка заявіў, што кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў ужо двойчы зьбіраўся прыехаць у Беларусь, але па тых ці іншых прычынах візыт зрываўся.
«Але я думаю, што ў найбліжэйшы час мы сустрэнемся», — заявіў ён.
Лукашэнка назваў свайго сына «чарнамазым»
«У нас ніхто не пытае пашпарт, калі ён „твар каўкаскай нацыянальнасьці“. У нас усе людзі аднолькавыя. Але быў такі эпізод, у мяне сын „чарнамазы“, ідзе паўз Дом ураду (гадоў пяць таму), да яго падыходзіць міліцыянт, кажа: „Пакажыце свае дакумэнты“. Ён паказаў, а яму: „Ой, прабачце“. Ну, таму што ён на каўказца падобны, напэўна», — распавёў ён, хутчэй за ўсё, маючы на ўвазе старэйшага сына Віктара.
Лукашэнка: Я калісьці спрабаваў пісаць вершы
Лукашэнка распавёў пра тое, што цяпер у яго няма часу чытаць кніжкі.
«Я не скажу, што чытаю шмат кнігі. Больш так — іду міма стала, дзіця там чымсьці займаецца. Гляджу — кніжка ў яго. Ну я пагляджу, што ён чытае, сам яе праглядаю», — кажа ён.
«Я вельмі шмат чытаў у свой час. У прыярытэце ў мяне была гістарычная літаратура, а з мастацкай літаратуры — клясычная. „Вайна і мір“ там, „Паднятая цаліна“ ... Маса кніжак. Я калісьці спрабаваў пісаць вершы, таму я вучыўся ў нашых паэтаў — пачынаючы з Пушкіна, Ясеніна, Маякоўскага. Да Маякоўскага я добра стаўлюся, вельмі цаню гэтага паэта», — распавёў Лукашэнка.
Лукашэнка расказаў пра сваё стаўленьне да сацсетак
Лукашэнка расказаў, што не сядзіць у сацыяльных сетках і ня мае сваёй старонкі: «Я не пакутую, што гэтай старонкі няма. У гэтым пляне я не зьяўляюся паказчыкам прасунутага прэзыдэнта».
Адначасова ён прызнаўся, што спрабуе абмежаваць у карыстаньні інтэрнэтам сына Мікалая.
«У мяне адна праблема — яго адтуль вырваць», — распавёў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, ён ня хоча, каб у сына была старонка ў сацсетках. «Ня трэба сыну прэзыдэнта, асабліва няпоўнагадоваму, траўмаваць псыхіку з гэтымі старонкамі», — кажа Аляксандар Лукашэнка.
Пра ўвядзеньне адзінай валюты Беларусі і Расеі
«Вось кажуць пра ўвядзеньне адзінай валюты. Пытаюся, якая валюта? Расейскі рубель. А чаму не беларускі? Ладна. А эмісійны цэнтар? Расейскі. А як жа пытаньне сувэрэнітэту?», — задаў рытарычнае пытаньне Лукашэнка. Ён падкрэсьліў, што ня супраць увядзеньня адзінай валюты, але адзіная валюта павінна быць уведзена толькі на раўнапраўнай аснове.
Якія жывёлы ёсьць у Лукашэнкі
Лукашэнка апавёў, што мае трох катоў, трох страўсаў, кітайскіх і звычайных курэй, індыкоў, трусоў (было 70 — раздаў, засталося 20), 25 качак, 10 кароў, 10 коз, 15 авечак, 7-8 коней, 4 сабакі (дзьве лайкі, лябрадор і нямецкая аўчарка). «Чалавек павінен любіць жывёл. Калі ён ня любіць — ён не чалавек», — сказаў Лукашэнка.
Сабралі самае забаўнае тут: Кацяняты, «танчыкі» і «чарнамазы сын». Топ-20 цытатаў Лукашэнкі