Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы пра абяцаны Лукашэнкам сярэдні заробак у 500 даляраў: «Гэта ён нас так падбадзёрвае»


З плошчы Славы Аляксандар Лукашэнка аглядаў горад, які мусіць да 2020 году стаць прыгажуном
З плошчы Славы Аляксандар Лукашэнка аглядаў горад, які мусіць да 2020 году стаць прыгажуном

Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласьць даручыў у 2017 годзе вярнуць сярэдні заробак на ўзровень 500 даляраў. Цяпер сярэдні заробак у Беларусі складае каля 386 даляраў.

Апытаныя Свабодай жыхары Магілёву пагаджаюцца з кіраўніком дзяржавы, што цяперашні ўзровень заробкаў недастатковы для дабрабыту. Многія, аднак адзначаюць, што і ў лепшыя для беларускай эканомікі часы не зараблялі пяцісот даляраў. Тое, што гэтая сума зноў зьявіцца, ня вераць.

«Ды такіх абяцаньняў было многа, але ў рэальнасьці наблізіцца і застацца на 500 далярах не выпадала, прынамсі ў Магілёве. Я, напрыклад, ня чуў, каб звычайны рабацяга меў такі заробак», — сказаў малады мужчына.

«Лукашэнка які ўжо раз, не падумаўшы, такое кажа, — дадаў суразмоўца. — А, можа, вырашыў падбадзёрыць народ, які зьняверыўся ўва ўсім».

«Якія 500 даляраў?, — перапытаў наступны жыхар Магілёву.

«Ён сёньня быў на прадпрыемстве, на якім я працую. Для многіх працаўнікоў — гэта сума фантастычная. Так, у адміністрацыі ды кіраўнікоў цэхаў, відаць, выходзяць гэтыя 500, а ў рабочых калі да 300 дацягвае, дык ужо радасьць», — патлумачыў сярэдняга веку мужчына.

Да візыту Аляксандра Лукашэнкі замянілі ўсе сьцягі на плошчы
Да візыту Аляксандра Лукашэнкі замянілі ўсе сьцягі на плошчы

Наступны суразмоўца адрэагаваў на заяву Лукашэнкі пра заробак так:

«А што, Лукашэнка лічыць — такога заробку рэальна дасягнуць у наступным годзе? Ды гэта не рэальна! Вы ж паглядзіце, што творыцца ў сьвеце! Сытуацыя ў эканоміцы ня толькі залежыць ад нашага кіраўніцтва. Лукашэнка проста хоча натхніць сваёй заявай людзей. Я так разумею ягоную пазыцыю. Калі не, то ён хутка скажа, што яго ня так зразумелі. Ці за яго пра гэта скажуць».

Адрамантаваны мост цераз Дняпро таксама агледзеў Лукашэнка
Адрамантаваны мост цераз Дняпро таксама агледзеў Лукашэнка

«Ды ў нас усё цяпер стаіць. Калі і працуе якое прадпрыемства, дык на склад. 90% народу абураецца цяперашнім станам эканомікі, а вы пра 500 даляраў. Ня мог ён такога сказаць», — сказаў наступны суразмоўца.

«Такі заробак нерэальны цяпер. Можа, калі-небудзь да яго прыйдзем, але пэрспэктыва гэта туманная. Паглядзіце, што робіцца наўкол. Ва Ўкраіне — вайна, у Расеі — вэрхал. А мы ж завязаныя зь імі. Ня можа ж быць усюды кепска, а ў нас добра. Паўсюль кепска, і ў нас кепска».

«Беларуская эканоміка, пераняла ўсё, што было ў савецкай. Адсюль наша бяда. І кіраўнікі нашы савецкія», — сказаў яшчэ адзін магілёвец.

Каб жыльцы не расслабляліся і ведалі, хто прыехаў
Каб жыльцы не расслабляліся і ведалі, хто прыехаў

«А якія ў СССР былі даляры, хто параўноўваў тагачасныя заробкі з далярамі? Ніхто. Вось і мы зарабляем мізэр, які ня хочацца пераводзіць у даляры, каб сумна не было».

«Рыхтуйцеся набраць сярэдні заробак у 500 даляраў у будучым годзе», — даручыў падначаленым Аляксандар Лукашэнка.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы заявіў, што павышаць заробак бяз росту прадукцыйнасьці працы немэтазгодна.

«Я не кажу, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы да 500 даляраў наблізіліся», — падкрэсьліў ён.

Жыхары паслухаліся. На бальконах лішняга няма. Форткі зачыненыя
Жыхары паслухаліся. На бальконах лішняга няма. Форткі зачыненыя

Лукашэнка таксама даручыў, каб да 2020 году Магілёў стаў прыгажуном.

«Мае быць прыгажуном. Як Гомель, як Горадня, прыгожыя гарады, там мудрагелістага і звышнатуральнага няма. Але Магілёў адстаў, даводзіць варта да розуму».

У мінулы свой візыт кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Магілёве не хапае лоску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG