Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хворая на дыябэт: ніякі ідэоляг не загадае арганізму ўспрымаць «найлепшы ў сьвеце» беларускі інсулін


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

14 лістапада — Усясьветны дзень барацьбы з дыябэтам. У Беларусі такі дыягназ маюць блізу 300 тысяч чалавек. Хвароба правакуе інфаркты і інсульты, выклікае сьлепату і нярэдка заканчваецца ампутацыяй канечнасьцяў.

Згодна са статыстыкай Міжнароднай фэдэрацыі дыябэту, яшчэ 20 гадоў таму колькасьць хворых з дыягназам «цукровы дыябэт» ва ўсім сьвеце не перавышала 30 мільёнаў чалавек. Сёньня такіх пацыентаў ужо больш за 400 мільёнаў, а да 2040 году гэтая лічба перавысіць 600 мільёнаў.

У Беларусі (зьвесткі на 1 студзеня 2016 году) на дыспансэрным уліку знаходзіліся амаль 288 тысяч дзяцей і дарослых, зь іх з цукровым дыябэтам 1 тыпу — 17 тысяч, 2 тыпу — 268 тысяч, гестацыйным — 400, іншымі спэцыфічнамі відамі — 1800. Летась упершыню выяўлены цукровы дыябэт у 27 тысяч беларусаў, што азначае рост на 10% цягам апошніх 5 гадоў.

«Дзіцячы» дыябэт дарослага маштабу

Адным з прыярытэтных кірункаў сучаснай дыябэталёгіі Міністэрства аховы здароўя Беларусі дэкляруе навучаньне пацыентаў у так званых «школах дыябэту». Гэтая сыстэма запачаткаваная яшчэ на пачатку 1990-х і на гэты час у краіне функцыянуюць 229 устаноў. У 2015-м, паводле зьвестак галіновага ведамства, празь іх прайшлі 47 тысяч чалавек.

Тым ня меней, як кажуць людзі з дыябэтычным дыягназам, існуе шэраг пытаньняў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэньня, іначай хвароба набудзе маштаб эпідэміі.

Культурнай актывістцы беларускай грамадзкай прасторы Крысьціне Вітушцы дыягназ «дыябэт» пастаўлены больш за два гады таму. Гэта да таго, што зусім не абавязкова хвароба выяўляецца ў дзіцячым узросьце. Сёньня Крысьціна ці не найбольш актыўна ўздымае ў СМІ праблемныя моманты, якія не даюць людзям з дыябэтам паўнавартасна жыць, вучыцца, працаваць:

Крысьціна Вітушка
Крысьціна Вітушка

«Раней інсуліназалежны дыябэт традыцыйна называлі „дзіцячым“, бо часьцей за ўсё ён выяўляецца ў дзяцей да 15 гадоў. Аднак гэта ня правіла, ён можа раптоўна „выскокваць“ у дарослых. Такім чынам адбылося і са мной, я ўжо трэці год жыву з дыябэтам. Па першым часе шукала інфармацыю, каб пры дапамозе нейкіх прэпаратаў знайсьці спосабы лекаваньня дзеля працягу звыклага, актыўнага ладу жыцьця. І вельмі хутка зразумела, наколькі ў Беларусі гэта складана. З аднаго боку, гэта немагчыма зрабіць сваімі сіламі, зь другога, немагчыма разьлічваць толькі на сыстэму аховы здароўя. Той выпадак, калі не абысьціся без узаемнай падтрымкі ўсіх людзей з дыябэтам. Калі я пачала пра гэта актыўна пісаць і казаць, шукаючы адказы найперш для сябе, да мяне пачалі зьвяртацца з просьбай дапамагчы. Такіх зваротаў усё больш і больш, што яскрава сьведчыць: на ўзроўні дзяржавы пытаньню надаецца неналежная ўвага».

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя канстатуе: праблема дыябэту — прэрагатыва ня толькі сфэры аховы здароўя, да яе мусіць актыўна падключыцца грамадзкі сэктар, сыстэма адукацыі, СМІ. А галоўнае — забясьпечыць дастатковае фінансаваньне дзеля спыненьня эпідэміі і максымальнай падтрымкі хворых.

Несвоечасовае аказаньне дапамогі пагражае сумнымі наступствамі: у шэрагу выпадкаў хвароба паскарае сыход з жыцьця ці выклікае хранічныя ўскладненьні. У пацыентаў з цукровым дыябэтам агульная сьмяротнасьць падвышаецца ў 2-3 разы, рызыка разьвіцьця ішэмічнай хваробы сэрца і інфаркту міякарду — у 2 разы, паталёгіі нырак — у 15 разоў, гангрэны — у 20 разоў. Цукровы дыябэт застаецца адной з асноўных прычын сьлепаты, у Беларусі штогод фіксуецца блізу паўсотні такіх выпадкаў.

Хоць Міністэрства аховы здароўя і адзначае пазытыўныя зьмены за апошнія паўтара дзясятка гадоў. Так, у 2015-м праведзена 996 апэрацый з адыманьнем ніжніх канечнасьцяў, але калі раней асноўную масу складалі «высокія» ампутацыі на ўзроўні сьцягна, голені, то цяпер на 60% ампутацыі «нізкія» — пальцы ці ступні.

У апошні час дыябэт стаў прычынай сьмерці шэрагу вядомых асобаў, у ліку якіх колішні лідэр моладзевага руху Сяржук Вітушка, музычны крытык Вітаўт Мартыненка, гісторык Віктар Сырыца. Забясьпечыць своечасовую дапамогу людзям з такім дыягназам — значыць уратаваць ім жыцьцё, гаворыць Крысьціна Вітушка:

«Дыябэт ва ўсім сьвеце прызнаны эпідэміяй. Гэта неінфэкцыйнае захворваньне, якое зьяўляецца адным зь лідэраў па сьмяротнасьці. У Беларусі такі дыягназ маюць каля 300 тысяч чалавек, што супастаўна з насельніцтвам вялікага гораду. Разам з тым прадстаўнікі міжнародных арганізацый дыябэтыкаў ацэньваюць гэтую колькасьць нават у паўмільёна, бо ёсьць нюансы пацьвярджэньня дыягназу і пастаноўкі на ўлік. 90% людзей з дыябэтам — гэта хворыя на 2-гі тып, яго на раньняй стадыі можна прадухіліць, спыніць. Але дзеля гэтага трэба як мінімум весьці здаровы лад жыцьця, ужываць ежу, у якой не пераважаюць вугляводы, якая не занадта тлустая, мець дастатковыя фізычныя нагрузкі — мінімум 150 хвілін хады на тыдзень. У гэтым сэнсе пытаньне можа быць вырашанае нават не Мінздравам, а сіламі Міністэрства адукацыі, нашай прамысловасьці, гандлю, каб выпрацаваць звычку здаровага ладу жыцьця».

Эфэктыўнасьць лекаваньня ў магчымасьці выбару

Як удакладняе суразмоўца, адкуль бярэцца дыябэт 1-га тыпу, мэдыцыне да канца так і не зразумела, адпаведна і спосабаў яго прадухіленьня практычна не існуе. Гэта так званы інсуліназалежны выпадак: для таго, каб чалавек проста працягваў жыць, яму штодня патрэбныя іньекцыі. Пры гэтым сучасныя мэтодыкі для большай эфэктыўнасьці прадугледжваюць розныя камбінацыі інсулінаў, што ва ўмовах Беларусі суправаджаецца праблемамі — вылазяць бокам назойлівая ідэя імпартазамяшчэньня ды непразрыстыя ўмовы дзяржзакупак:

«У нас непразрысты закуп інсулінаў і сродкаў маніторынгу. Заявы мэдыцынскага ведамства, што ўсе інсуліны маюць адну формулу, разьлічаныя незразумела на каго. Адну формулу можна атрымліваць розным шляхам: гэта і ступень ачысткі, і якасьць упакоўкі, і праверанасьць пабочных дзеяньняў, усё мае значэньне. З аднаго боку, эндакрынолягі гавораць, што хворыя ведаюць пра дыябэт нават больш, чым мэдыкі: жывуць зь ім штодня, кантралююць свой стан, фармуюць групу ўзаемадапамогі. З другога боку, як толькі дыябэтыкі пачынаюць ставіць пад сумнеў закуп інсулінаў, тут жа мяняецца тон: вы нічога не разумееце, мы прынялі слушнае рашэньне. Але чаму гавораць, што інсуліны беларускія, хоць насамрэч яны кітайскія, тут толькі фасуюцца? Як толькі мы бачым падман і спробу ўтаіць факты, перастаём давяраць таму, што адбываецца».

Але чаму гавораць, што інсуліны беларускія, хоць насамрэч яны кітайскія, тут толькі фасуюцца?

Нават афіцыйная мэдыцына прызнае: значная колькасьць людзей з цукровым дыябэтам не ўсьведамляе сурʼёзнасьці свайго захворваньня, а значыць, не атрымлівае адэкватнага лячэньня. Што, у сваю чаргу, спрыяе разьвіцьцю незваротных ўскладненьняў. У такім выпадку, перакананая Крысьціна Вітушка, захады абмежаваньня імпарту пад выглядам абароны ўнутраных вытворцаў выглядаюць як мінімум негуманна:

«Абмежаваньне імпарту мэдыцынскіх прэпаратаў дыябэтыкаў тычыцца наўпрост. Нават добрыя і сучасныя прэпараты часам людзям не падыходзяць, бо ўсё вельмі індывідуальна. Каб падабраць адпаведную тэрапію, трэба пераспрабаваць шмат розных варыянтаў, далей чалавек будзе залежаць ужо ад канкрэтнага прэпарату. Ніякія ідэолягі не дапамогуць яму ўспрымаць беларускі ці нейкі іншы інсулін, які выгадна пастаўляць дзяржаве. Гэта арганізм. Таму хацелася б мець доступ да набыцьця такіх прэпаратаў, без усялякіх складанасьцяў. На сёньня іх завозіцца недастаткова, аптэкі імі не забясьпечаныя, нават у сталіцы. Гэта квэст — знайдзі і набудзь. А ў рэгіёнах нешта купіць проста нерэальна».

Ёсьць нараканьні ў хворых і на дзейнасьць згаданых школаў дыябэту. Нягледзячы на тры сотні адрасоў па ўсёй краіне, дзе як быццам можна атрымаць неабходную кансультацыю і карысную параду, на самой справе большасьць існуе толькі для птушачкі. Крысьціна Вітушка кажа, што праверыла гэта экспэрымэнтальным шляхам:

«Забарона фарм-бізнэсу працаваць са станцыянарамі прывяла да таго, што школы дыябэту не забясьпечаны нагляднымі матэрыяламі, па якіх можна праводзіць заняткі, вучыць жыць з дыябэтам. Раней бізнэс у якасьці карпаратыўна-сацыяльнай адказнасьці вырабляў макеты ежы, плякаты, цяпер школы гэтым не забясьпечаны. Дый увогуле школы практычна не праводзяцца, існуюць намінальна на паперы. Мы абтэлефанавалі сталічныя паліклінікі, і высьветлілася: толькі 20% час ад часу ладзяць школы дыябэту, прычым для 2-га тыпу. Хоць куды больш востра гэта неабходна для 1-га тыпу. Людзі колюць сабе інсулін самі. І гэта ня той выпадак, калі з малаком маці прыходзяць веды, як самастойна ўкалоць у жывот, у нагу ці ў плячо. А калі шмат разоў на дзень няправільна рабіць уколы, можна займець праблемы ўжо празь няправільныя іньекцыі. Нават пры самых лепшых прэпаратах».

Дыябэтны дыягназ як прысуд

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Асобным пунктам Крысьціна Вітушка акцэнтуе ўвагу на дзецях з дыябэтам. Сытуацыя такая, што грамадзтва намагаецца любым чынам ад іх дыстанцыявацца, карыстаючыся абыякавай пазыцыяй дзяржавы. Напружанае стаўленьне бацькі пачынаюць адчуваць ужо ў самым раньнім узросьце дзіцяці, цягам сталеньня карціна амаль не зьмяняецца:

«Дзіцячыя садкі кажуць, што ня могуць узяць на сябе такую адказнасьць. Праз павышаны ці паніжаны ўзровень цукру ў малога можа здарыцца кома, неабходна хуценька ўсё вызначыць, адпаведна, трэба ўмець карыстацца глюкомэтрам. Ні выхавальнікі, ні іх памочнікі гэтага рабіць ня ўмеюць, мэдсёстрамі нашы ўстановы не забясьпечаныя, яны прыходзяць на пэўны час. У школе пачынаюцца іншыя праблемы. Не прыняць туды ня маюць права, усеагульную адукацыю ніхто не адмяняў. Але пры гэтым няма ўмоваў, каб дзіцё з дыябэтам паўнавартасна вучылася. Калі пра дыягназ даведваюцца настаўнікі, яны палохаюцца; калі даведваюцца аднаклясьнікі, у многіх школах пачынаецца псыхоз. Спэцыяльных месцаў, каб рэгулярна браць кроў з пальца, а потым калоць інсулін, няма. Гэта можна рабіць або ў кабінэце пры ўсіх, або ў прыбіральні. Ідзе ціск: дзіцё колецца ў прыбіральні, зараз усіх заразіць СНІДам. Гэта рэальная гісторыя: Беларусь, ХХІ стагодзьдзе, Менск».

Як вынікае са справаздачы Міністэрства аховы здароўя, у адпаведнасьці з існуючай нарматыўна-прававой базай пацыенты з цукровым дыябэтам бясплатна забясьпечваюцца інсулінам і таблетаванымі цукаразьніжальнымі лекамі за кошт сродкаў рэспубліканскага (інсуліны) і мясцовага (прэпараты ў таблетках) бюджэтаў. Паведамляецца, што цягам 2015 году лячэньне інсулінамі атрымаў 66 881 пацыент, прычым лекі айчыннага вытворцы «Белмедпрэпараты» складаюць звыш 80% ад усёй колькасьці выкарыстаных інсулінаў у фляконах.

Пры гэтым у ведамстве адзначаюць, што паказьнік лятальнасьці, разьлічаны на 100 пацыентаў з цукровым дыябэтам, зьнізіўся з 4,3% у 1995 годзе да 3,4% у 2015-м. Паводле зьвестак рэспубліканскага регістру «Цукровы дыябэт», працягласьць жыцьця пацыентаў з цукровым дыябэтам 2 тыпу па ўсіх зарэгістраваных выпадках сьмерці за пэрыяд 2007-2015 гадоў складае ў жанчын 74 гады, у мужчын — 69 гадоў.

У той ж час прызнаецца, што пацыенты з цукровым дыябэтам 1 тыпу складаюць адну з найбольш складаных частак пацыентаў, якія патрабуюць сыстэматычнага і рэгулярнага навучаньня навыкам самакантролю, ацэнцы фактараў рызыкі і прагрэсіі хранічных ускладненьняў дыябэту.

«Інсуліны былі адкрытыя блізу 100 гадоў таму, і галіна ведаў інтэнсыўна разьвіваецца, — падсумоўвае Крысьціна Вітушка. — Ёсьць правераныя прэпараты, ёсьць менш правераныя; больш зручныя для выкарыстаньня, менш зручныя. У прынцыпе, калі добра падабраць тэрапію з сучасных сродкаў, то чалавек з дыябэтам 1 тыпу можа жыць дастаткова доўга, быць працаздольным, не выходзячы на ўскладненьні. Аднак у Беларусі, на жаль, не стаіць задача захоўваць якасьць жыцьця. Сёньня Мінздраў ганарыцца проста тым, што намінальна захоўваецца жыцьцё. А фактычна дзеяньні, якія прадпрымаюцца, спрыяюць хутчэйшай інвалідызацыі. Чалавек з дыябэтам 1 тыпу не памірае, але ён робіцца прывязаным да пастаянных вымярэньняў, да падліку інтэрвалаў, да складаных іньекцый, да кантролю за пабочнымі эфэктамі, мае патрэбу ў рэгулярнай шпіталізацыі. Гэта ня ёсьць захаваньне якасьці жыцьця, гэта такі самападман».

Крысьціна Вітушка перакананая, што супрацьстаяць цяжкай хваробе немагчыма сіламі толькі аднаго мэдыцынскага ведамства, таму да працы неабходна далучаць усе зацікаўленыя бакі — ад прэсы да саміх хворых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG