Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перамога прарасейскага кандыдата ў Малдове — сур’ёзная перасьцярога», — экспэрт з Кішынёва


Ігар Дадон
Ігар Дадон

Малдаўскі палітоляг Анатоль Цэрану лічыць, што перамога на прэзыдэнцкіх выбарах у Малдове прарасейскага кандыдата Ігара Дадона — гэта сур’ёзная перасьцярога праэўрапейскім сілам у Малдове, але гэта ня значыць, што курс на эўраінтэграцыю будзе згорнуты.

Пра гэта ён распавёў у інтэрвію Радыё Свабода.

«Тое, што адбылося ў Рэспубліцы Малдове ў выніку прэзыдэнцкіх выбараў, — гэта вельмі сурʼёзнае папярэджаньне праэўрапейскім сілам наконт таго, што адыход ад рэальнага зьместу эўрапейскай інтэграцыі, які быў прадэманстраваны сіламі, што знаходзяцца ва ўладзе ў Рэспубліцы Малдова, не задавальняе выбарнікаў. Эўрапейская інтэграцыя ня можа абмяжоўвацца толькі рыторыкай. Неабходныя сурʼёзныя рэформы, якія вядуць краіну па аўтэнтычным шляху эўрапейскай інтэграцыі. Малдаўскія выбарнікі проста не знайшлі іншага спосабу выказаць свой пратэст супраць фармальнага падыходу да эўрапейскай інтэграцыі і аддалі сваё перавагу кандыдату, які прадстаўляе іншую геапалітычную стратэгію. Гэта сурʼёзная перасьцярога», — адзначыў экспэрт.

Цэрану падкрэсьлівае, што перамога Дадона не азначае згортваньня курсу на эўрапейскую інтэграцыю краіны — Малдова зьяўляецца парлямэнцкай рэспублікай, а большасьць у парлямэнце цяпер належыць прыхільнікам эўрапейскага выбару:

«Перамога Дадона не азначае, што Малдова адмовілася ад эўрапейскай інтэграцыі — фактычна ва ўладзе ў Рэспубліцы Малдова знаходзяцца партыі, якія афіцыйна вядуць Малдову шляхам эўрапейскай інтэграцыі. Але першая сурʼёзная перасьцярога ўжо прагучала. Цяпер усё залежыць ад таго, наколькі гэтая перасьцярога будзе сурʼёзна ўспрынятая тымі сіламі, якія працягваюць заставацца на праэўрапейскіх пазыцыях».

Буйных акцыяў пратэсту супраць перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Ігара Дадона Цэрану не прагназуе, нягледзячы на тое, што апанэнт Дадона на выбарах Мая Санду заявіла пра фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня.

«У прынцыпе, пратэсты ня выключаны. Але трэба разумець, што перамога Дадона ўсё ж дастаткова пераканаўчая і ў гэтых умовах наўрад ці пратэсты дасягнуць высокага градусу напружаньня. Хутчэй за ўсё, праэўрапейскія сілы будуць вымушаныя прызнаць гэты вынік і цяпер будуць рыхтавацца да наступных электаральных бітваў, каб аднавіць свае пазыцыі», — кажа Цэрану.

У Малдове 13 лістапада прайшлі прэзыдэнцкія выбары, на якіх прарасейскі сацыяліст Ігар Дадон абышоў правалібэральную кандыдатку, прыхільніцу эўрапейскага выбару Маю Санду. На выбарчыя ўчасткі прыйшлі 53% грамадзян — больш за паўтара мільёна чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG