Актывісты руху «За свабоду» з Баранавічаў Юры Казакевіч і Ўладзімер Гундар атрымалі па 25 базавых велічыняў (525 рублёў) штрафу за тое, што зьбіралі подпісы за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу культурнай каштоўнасьці.
Судзьдзя Баранавіцкага суду Кацярына Груда прызнала збор подпісаў, якім займаліся Казакевіч і Гундар, несанкцыянаванай масавай акцыяй. Актывісты даводзілі ў судзе, што збор подпісаў яны пікетам ня лічаць.
Юры Казакевіч апавёў Свабодзе, як адбываўся суд:
«Прыйшлі два сьведкі зь міліцыі, расказалі ды пайшлі. Уладзімер Гундар аднаму зь іх выказаў недавер, але апыталі яго. Віну мы не прызналі, лічым, што нічога не парушалі, у нашых дзеяньнях няма складу правапарушэньня. Уладзімер Гундар прасіў зачытаць артыкул, згодна зь якім збор подпісаў забаронены, але ніхто гэтага ня здолеў зрабіць. Мы ня лічым гэта справядлівым судом, а ганебным судзілішчам. Суд праходзіў у адпаведнасьці з указамі нейкіх прарасейска скіраваных сілаў, якія дыктуюць праваахоўнікам, як рэагаваць на выступы нашых грамадзкіх актывістаў».
Пакараныя штрафам актывісты кажуць, што ня ведаюць, ці будуць абскарджваць рашэньне суду, таму што «бачаць у гэтым мала сэнсу, зыходзячы з ранейшых судовых разбораў».
Сябры руху «За свабоду» зладзілі ў кастрычніку збор подпісаў у цэнтры Баранавічаў, зьвяртаючыся да жыхароў гораду з заклікам падпісацца пад зваротам за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Юры Казакевіч і Ўладзімер Гундар сабралі тады некалькі дзясяткаў подпісаў.
Падтрымаць Казакевіча і Гундара ў судзе прыйшлі мясцовыя грамадзкія актывісты, зь Менску прыехаў кіраўнік руху «За свабоду» Юры Губарэвіч.