Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што сьвяткуюць і супраць чаго пратэстуюць беларусы 7 лістапада


7 лістапада ў Беларусі адзначаецца дзяржаўнае сьвята — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Апроч Беларусі, на афіцыйным узроўні гэты дзень адзначаюць толькі ў Кіргізстане.

У Менску традыцыйна 7 лістапада сьвяткуюць камуністы з савецкімі сьцягамі, партрэтамі Сталіна і Леніна. Нешматлікія мітынгі праходзяць каля помнікаў Уладзімеру Леніну і Фэліксу Дзяржынскаму. Відавочна, што беларусы не адзначаюць гэты дзень з такім размахам, як, напрыклад, 9 траўня ці 3 ліпеня.

У найноўшай гісторыі беларусы афіцыйна не адзначалі 7 лістапада на працягу трох год — з 1992 па 1995. На пачатку існаваньня незалежнай Беларусі законам ад 19 сьнежня 1991 году быў усталяваны новы сьвяточны каляндар, у якім налічвалася 10 сьвятаў. З былых савецкіх у ім засталіся Дзень жанчын 8 сакавіка, Дзень працоўных 1 траўня і Дзень Перамогі 9 траўня. Сьвята 7 лістапада, такім чынам, было тады скасаванае. Але Аляксандар Лукашэнка вярнуў яго ў 1995 годзе, рыхтуючыся да рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі.

ЛДПБ: ня трэба расказваць казкі пра «Вялікі Кастрычнік»


Як паведамляе БелаПАН, 3 лістапада Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі выступіла з прапановай адмяніць сьвяткаваньне 7 лістапада на дзяржаўным узроўні ці хаця б перайменаваць яго паводле расейскага аналягу ў Дзень прымірэньня і згоды.

«Гэта сьвята не нацыянальнага маштабу, а канкрэтнай палітычнай групоўкі — камуністычнай партыі. Яны могуць абсалютна свабодна сьвяткаваць і 7 лістапада, і дзень нараджэньня Ўладзімера Ільіча Леніна. Але скажам проста — гэта карпаратыўнае, а не дзяржаўнае сьвята. Любая рэвалюцыя, у тым ліку і Кастрычніцкая, нясе сьмерць, вайну і гвалт. Добрых рэвалюцыяў не бывае», — гаворыцца ў заяве.

Разам з тым у ЛДП лічаць, што Камуністычнай партыі «час ужо перастаць расказваць казкі пра ідэю Вялікага Кастрычніка».

«Мы не павінны забываць дзень 7 лістапада. Для кагосьці гэта сьвята, для кагосьці дзень смутку», — падкрэсьліваюць у ЛДП.

Акадэмія музыкі: 7 лістапада падзякуем Леніну за ўладкаваньне нашага грамадзтва

Агітацыйны плякат часоў СССР
Агітацыйны плякат часоў СССР


Студэнцкі прафсаюзны камітэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі распаўсюджвае сярод студэнтаў абвестку з запрашэньнем 7 лістапада «аддаць даніну памяці дзядулю Леніну за наша цяперашняе ўладкаваньне».

«7 лістапада — Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі! Раніцай, у 9.30 чакаем усіх прыхільнікаў Свабоды, Роўнасьці і Братэрства, каб аддаць даніну памяці нашаму дзядулю — Уладзімеру Ільічу за наша цяперашняе ўладкаваньне грамадзтва. Збор на пл. Леніна (каля помніка Леніну, каля Дома ўраду)».

Як паведаміў Свабодзе старшыня прафкаму Акадэміі музыкі Вадзім Матлаш, хоць удзел у мерапрыемстве залічваецца як адпрацоўка, звычайна прыходзіць ня вельмі шмат студэнтаў:

«Так склалася, што штогод мы супрацоўнічаем з выхаваўчым аддзелам, са студэнцкай радай і іншымі органамі студэнцкага самакіраваньня Акадэміі музыкі, каб арганізаваць адзначэньне 7 лістапада. Сумесна мы ходзім на плошчу да помніка Леніну, ускладаем кветкі. Гэта ідэалягічнае мерапрыемства, таму мы лічым сваім абавязкам у ім удзельнічаць. Звычайна зьбіраецца чалавек 5–7 — гэта выходны дзень і шмат хто едзе дахаты, а таксама ня ўсім падабаюцца такія імпрэзы».

МТЗ: пакажа новую мадэль трактара і паставіць помнік Леніну


Як перадае БелТА, з нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада Менскі трактарны завод ладзіць маштабнае сьвяткаваньне.

У праграме — прэзэнтацыя новай мадэлі трактара «Беларус-4522» з удзелам байкераў. Таксама адбудзецца спаборніцтва асілкаў зь Беларусі, Расеі, Украіны і Злучаных Штатаў Амэрыкі, якія паспрабуюць усталяваць сусьветны рэкорд па трэк-пулу з дапамогай гэтай цяжкай машыны.

На гэты ж дзень заплянавана адкрыцьцё помніка Леніну. Раней ён стаяў на тэрыторыі заводу, з 7 лістапада разьмесьціцца ў сквэры «70 гадоў МТЗ».

Менгарвыканкам забараніў акцыі Дня памяці і смутку 7 лістапада

Актывісты «Маладога фронту» ўшаноўваюць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў акцыяй каля будынку КДБ ў Менску, 29 кастрычніка 2016 году
Актывісты «Маладога фронту» ўшаноўваюць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў акцыяй каля будынку КДБ ў Менску, 29 кастрычніка 2016 году


Менскія гарадзкія ўлады выказалі сваё стаўленьне да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, забараніўшы старшыні руху «За свабоду» Юрасю Губарэвічу, старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку і аднаму з сузаснавальнікаў БХД Віталю Рымашэўскаму зладзіць жалобную акцыю ў цэнтры гораду.

Палітыкі маюць намер усё ж адзначыць дзень памяці і смутку і заклікаюць прыходзіць 7 лістапада ў 12.00 да будынку КДБ, «каб ушанаваць памяць ахвяраў НКВД, КДБ і злачыннага савецкага камуністычнага рэжыму».

Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсіяў: экскурсія ў Курапаты, фільм пра камунізм


З нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў панядзелак 7 лістапада Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі запрашае наведаць два мерапрыемствы: экскурсію ў Курапаты і прэзэнтацыю фільма Віктара Корзуна «Суд над камунізмам. Пачатак».


Гісторык: Упершыню партыі і рухі зьвярнулі ўвагу на Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў

Гісторык і дасьледнік сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў заўважае, што ў гэтым годзе актывізаваліся і дзяржаўныя ідэолягі, якія «ствараюць пазытыўны вобраз Леніна», і дэмакратычныя сілы, якія выступаюць супраць адзначэньня Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі і за распаўсюд інфармацыі пра ахвяраў камуністычнага рэжыму ў Беларусі:

«Беларусь і Кіргізстан — дзьве краіны з постсавецкіх, якія да гэтага часу афіцыйна адзначаюць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Да таго ж Беларусь — адзіная краіна, дзе ня толькі захаваўся, але і пасьпяхова дзейнічае КДБ.

Доўгія гады 7 лістапада ў Беларусі адзначалі толькі камуністычныя партыі — КПБ і „Справядлівы сьвет“. Яны ўскладалі кветкі да помніка Леніну, і ніякіх іншых імпрэзаў не было. Апазыцыя таксама ніякай актыўнасьці не выяўляла. Напэўна, таму, што была занятая выбарамі, дый увогуле ня лічыць нацыянальную гісторыю сваёй тэмай.

У гэтым годзе назіраем пэўныя зрухі. З аднаго боку, улада актывізавала ідэалягічны складнік — ствараецца і навязваецца моладзі пазытыўны вобраз Леніна як ідэальнага кіраўніка. Зразумела, што ва ўмовах, калі альтэрнатыўнай інфармацыі ў падручніках па гісторыі няма, гэты працэс даволі небясьпечны. Зь іншага боку, упершыню актывізаваліся партыі і рухі, ідэалёгія якіх супярэчыць таму сэнсу, які нясе Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта вельмі добра, хоць няма сыстэмнага падыходу і палітыкі нават ня раяцца з гісторыкамі адносна фармату акцыяў. Станоўчы момант у тым, што людзі пачынаюць разумець: без нацыянальнай самасьвядомасьці для народу няма ніякіх пэрспэктыў. Налета будзем адзначаць 100 год Кастрычніцкага перавароту, праз два гады — 80-годзьдзе Вялікага тэрору. Гэта нагоды для таго, каб яшчэ больш папулярызаваць гэтую тэму ў беларускім грамадзтве».

Ігар Кузьняцоў дадаў, што, на добры лад, у Беларусі трэба больш папулярызаваць адзначэньне Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 29 кастрычніка, чым змагацца супраць адзначэньня 7 лістапада:

«Тут ізноў Беларусь выключэньне. На ўсёй постсавецкай тэрыторыі толькі ў нашай краіне няма афіцыйнага дня ўшанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG