Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякіх пэрспэктываў наш калгас ня мае, бо ўсё наша, а майго не відаць...» — калгасьнікі з ААТ «Орля»


Знак на дарозе
Знак на дарозе

Рабочыя гаспадаркі ААТ «Орля» Шчучынскага раёну атрымліваюць у месяц каля двухсот рублёў. У гаспадаркі вялікія даўгі, людзі ня бачаць ніякіх пэрспэктываў і ня маюць ніякіх ідэй. Новы кіраўнік кажа, што з сытуацыі трэба і можна выйсьці, а людзі працаваць ня хочуць.

Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Орля» — адзіная ў Шчучынскім раёне гаспадарка, якая ўнесеная ў пералік арганізацыяў, у дачыненьні да якіх павінны правесьці працэдуры эканамічнага банкруцтва. У гэты сьпіс, зацьверджаны Саветам Міністраў, уваходзяць 102 гаспадаркі па ўсёй краіне.

Цэнтральная сядзіба ААТ «Орля» — вёска Орля ды і іншыя вёскі, якія ўваходзяць у склад акцыянэрнага таварыства, — зьнешне не выглядаюць на банкрутаў. Пераважна дагледжаныя і добрыя дамы, асобна вылучаюцца домікі, збудаваныя ў межах праектаў аграгарадкоў, газыфікаваныя, з усімі выгодамі. З палёў ураджай сабраны, вывозяць угнаеньні, палі заворваюць. Але ўжо ў вясковай краме адчуваецца, што асаблівага руху тут няма, а людзі настроеныя пэсымістычна.

Вёска Орля
Вёска Орля

Прадавачка ў краме вёскі Ракавічы сумнавата кажа, што гандаль слабы.

— Ну, так, купляюць людзі пераважна хлеб і малако — лічы, самае неабходнае, бо заробкі ва ўсіх слабыя, а жыць неяк трэба. Добра, што яшчэ сваю гаспадарку людзі трымаюць, то гэта ратуе.

Двое спадароў прыходзяць і набываюць хлеб і малако. Адзін зь іх — трактарыст, а другі — палявод. Цікаўлюся, ці ведаюць, што гаспадарку прызналі банкрутам? Аказваецца, ведаюць, толькі ніхто ня кажа, як жыць у гэтых умовах.

На калгасным двары
На калгасным двары

— Я вунь на трактары працую — і два мільёны цяпер не атрымліваю. Хаджу на працу кожны дзень, цэлы дзень у працы — і што? Хто падкажа, як выжываць на гэтыя грошы?

Другі спадар кажа, што ўсім работнікам у калгасе плацяць аднолькавы заробак, які, паводле заканадаўства, складае пражытковы мінімум. — А я вунь палявод, то ў нас апошнім часам працы ня стала. Некаторыя нават і паўтара мільёна не атрымліваюць. Мы нічога толкам ня ведаем, што тут да чаго робіцца, ніхто нічога не тлумачыць. Кіраўнікі апошнім часам мяняюцца, тэхніка ўжо некалькі гадоў не абнаўляецца, моладзь уся практычна зьехала ў горад.

На калгасным двары
На калгасным двары

На рамонтным двары некалькі трактароў, даволі шмат людзей, але працай ніхто не заняты. Калі даведаліся, што зь імі хоча паразмаўляць журналіст, пачалі разыходзіцца хто куды. Старэйшы спадар кажа, што ніхто нічога казаць ня будзе, бо ўсе баяцца.

— Ды і пра што казаць, калі ад нас нічога не залежыць, атрымліваем гэтыя два мільёны. Хто працуе і хто трохі працуе — усе атрымліваем аднолькава, а што будзе з гэтым банкруцтвам, то невядома. Во, пакуль салярка ёсьць, трактар запраўляем і едзем працаваць. А ўмовы, дзе працуем, таксама бачыце. Вунь у майстэрні вокны цыратай прыкрытыя, і яе вецер паразрываў, а мы тут усю зіму працаваць будзем.

Яшчэ адзін спадар пачаў абурацца, што я раблю здымкі, а потым, паглядзеўшы журналісцкае пасьведчаньне, палагаднеў і распавядае, што ў мінулым месяцы меў шмат перапрацоўкі, хадзіў у кантору сварыцца за тое, што налічылі столькі ж, як усім.

Новая калгасная фэрма
Новая калгасная фэрма

— І што вы думаеце? Калі нешта не падабаецца, то ідзі дахаты, іншыя будуць працаваць. Яшчэ год таму ў нас заробкі нармалёвыя былі, гарадзенскае будаўнічае прадпрыемства намі апекавалася, то ўсе былі задаволеныя, а сёлета — мы нават ня ведам, колькі і каму наш калгас вінен. І дзе тыя грошы, бо кожны дзень малако з фэрмаў возяць, быкоў здаём на мясакамбінат, а чаму грошай ня маем?..

Яшчэ адзін старэйшы трактарыст далучаецца да размовы і кажа, што людзі вельмі зьняверыліся апошнім часам, бо папросту ня ведаюць, як выжываць за такія заробкі. Паводле яго, пэрспэктывы ў гаспадаркі няма, нават калі і знойдзецца нейкі інвэстар. Удакладняю: чаму?

— А таму, што тут усё наша, але майго няма. І гэта было ўжо даўно нам усім зразумела. У нас тут вунь фэрмэры працуюць, некаторыя дык і добра зямлі маюць. Яны працуюць самі на сябе, і хоць урадлівы год, хоць неўрадлівы, але ў іх справа ідзе, а ў калгасе — ніяк. І датацыяў ім Лукашэнка ніякіх ніколі не даваў. Вось вам і адказ.

Старая калгасная фэрма
Старая калгасная фэрма

У Орлі размаўляю з жанчынамі. Адна зь іх працуе на адкорме буйной рагатай жывёлы, другая доіць кароў. Заробкі аднолькавыя. Яны таксама скардзяцца на тое, што працуюць шмат, а атрымліваюць амаль аднолькава. Ім па сорак гадоў, ня болей. Адна зь іх кажа, што мае трое дзяцей.

— На працы цэлы дзень, толькі ў абед прыбягаю, пакармлю дзяцей — і ізноў на працу. А нам цяпер пішуць, што толькі шэсьць гадзінаў працуем. Ну то што: пойдзеш дзе скардзіцца, то і гэтых не атрымаеш.

Цікаўлюся: ці ў калгасе праводзяць сходы, ці выказваюць яны якія-небудзь патрабаваньні да старшыні гаспадаркі?

— Ды ў нас старшыні мяняюцца апошнім часам даволі часта. Ну што, ён новы чалавек, прыехаў, паглядзеў — і ўсё. Ня ведаю, што тут будзе далей, але пакуль вунь ходзім хто на адкормку, а хто даіць кароў. Ну жыць то трэба неяк.

Кантора ААТ «Орля»
Кантора ААТ «Орля»

Кіраўнік ААТ «Орля» Віктар Рэгілевіч займае пасаду дырэктара толькі тры месяцы. Ён кажа, што прычынаў, па якіх гаспадарка дайшла да банкруцтва, шмат. Але сярод галоўных — недахоп абаротных сродкаў, гаспадарка закрэдытаваная, шмат даўгоў. Асаблівую ролю, паводле яго, адыгрывае той самы чалавечы фактар. Кажа, што на пасаду дырэктара пагадзіўся толькі таму, што сам паходзіць з гэтых мясьцінаў.

Цікаўлюся, наколькі закрэдытаваная гаспадарка, якія даўгі? На гэтае пытаньне не адказвае, спасылаючыся на камэрцыйную таямніцу. Паводле Рэгілевіча, банкруцтва для гаспадаркі яшчэ не азначае яе канец: маўляў, ёсьць шмат спосабаў выхаду з такой сытуацыі.

— Мне бачыцца, што ў дадзенай сытуацыі павінна адбыцца прыватызацыя, павінен прыйсьці інвэстар і трэба працаваць. І спадзяваньні ёсьць. Вось толькі асаблівасьць нашае тэхналёгіі ў тым, што адразу мы ня зможам падняцца на ногі, нам трэба хаця б год, калі вырасьцім ураджай і прадамо яго. А вось абаротныя сродкі патрэбныя кожны дзень. Калі б у нас цяпер былі такія сродкі, то мы б з часам маглі і самі выйсьці з гэтае сытуацыі.

Віктар Рэгілевіч кажа, што яшчэ адной сур’ёзнай праблемай зьяўляецца тое, што людзі ў гаспадарцы моцна расчараваныя ва ўсім.

— Людзі хочуць атрымліваць добрыя заробкі, але ніхто зь іх не імкнецца іх зарабіць. Я ім колькі разоў ужо казаў: чаму вы патрабуеце высокі заробак, калі ў вас нізкія вынікі працы? Яны ж павінны разумець, што заробак налічваецца з заробленых грошай. А 30-40% зь іх прыходзяць на працу толькі дзеля таго, каб адбыць дзень, маўляў, лепш атрымаю свае 2 мільёны і ня буду сабе заварочваць галавы.

Кожны дзень нехта прыходзіць і просіцца на працу, але праца яго не цікавіць, я бачу гэта. Вельмі цяжка зьмяніць гэтую сытуацыю, каб людзі прыходзілі на працу ня толькі, каб паказаць, што прыйшлі, а каб яшчэ эфэктыўна працавалі.

У нас цяпер у гаспадарцы 270 чалавек працуе, і нават даць ім заробак у два мільёны і яшчэ заплаціць з гэтага падаткі — гэта больш за паўмільярда... Але іх яшчэ трэба і зарабіць... А тут стаіш каля даяркі, то яна працуе, а не стаіш, то робіць як не сваімі рукамі. І ніхто не глядзіць на тое, што ў параўнаньні з мінулым годам прыбыткі ў гаспадаркі значна зьменшыліся. Ёсьць як ёсьць, але нам самім трэба выпраўляць сытуацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG