Расея не дамаглася пераабраньня ў новы склад Рады правоў чалавека ААН. Згодна з вынікамі сёньняшняга галасаваньня ў групе ад Усходняй Эўропы, за Расею прагаласавалі 112 краін, у той час як перамогу атрымалі Вугоршчына, якая атрымала 144 галасы, і Харватыя са 114 галасамі.
У ходзе галасаваньня сёньня былі абраныя 14 новых
прадстаўнікоў Рады. Усяго ў Раду правоў чалавека ААН ўваходзяць 47 краінаў, якія абіраюцца на тры гады. Беларусь не ўваходзіць у гэты орган ААН.
У панядзелак больш за 80 праваабарончых ды гуманітарных арганізацыяў падпісалі пэтыцыю з патрабаваньнем выключыць Расею з Рады правоў чалавека ААН празь яе палітыку ў Сырыі. Аўтары пэтыцыі заявілі, што «дзеяньні Расеі ў Сырыі выразна кантрастуюць зь яе рытарычнымі заявамі аб прыхільнасьці да правоў чалавека».
У пэтыцыі таксама гаварылася, што вэта Расеі як сталага чальца Рады Бясьпекі ААН на рэзалюцыі з патрабаваньнем спыніць агонь у Алепа і яе падтрымка авіяўдараў па Алепа не адпавядаюць прынцыпам і мэтам Рады правоў чалавека ААН.