Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні пачалі сьвяткаваць 125-годзьдзе Максіма Багдановіча


Гарадзенская паэтка Ала Петрушкевіч чытае лекцыю, прысьвечаную 125-годзьдзю нараджэньня Максіма Багдановіча
Гарадзенская паэтка Ала Петрушкевіч чытае лекцыю, прысьвечаную 125-годзьдзю нараджэньня Максіма Багдановіча

У Горадні прайшла адкрытая лекцыя пра жыцьцё і творчасьць паэта Максіма Багдановіча.

У зале каля 300 слухачоў, пераважная большасьць іх пэнсійнага веку. Цішыня, словы лектаркі чуваць у кожным куточку вялікай залі, ня тое што ў звычайнай студэнцкай аўдыторыі.

На лекцыі, прысьвечанай Багдановічу, у Горадні
На лекцыі, прысьвечанай Багдановічу, у Горадні

Ала Петрушкевіч кажа, што ў абласной бібліятэцы ўжо прайшла канфэрэнцыя, прысьвечаная гэтай даце, але бяз розгаласу. А тут поўная заля зацікаўленых слухачоў.

— Менавіта гэты навучальны год на стыку дзьвюх вялікіх датаў: 125 гадоў з дня нараджэньня Максіма Багдановіча і 100 гадоў без Максіма, але заўсёды зь ім, і з кожным годам яшчэ больш зь ім...

Паводле Петрушкевіч, сёньняшняя лекцыя — практычна першае публічнае мерапрыемства ўшанаваньня памяці Багдановіча ў горадзе. Яна мае спадзяваньне, што рознага кшталту ўрачыстасьці адбудуцца ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах гораду, школах, як гэта заўсёды бывае, паколькі значэньне Багдановіча для Горадні асаблівае:

Гарадзенская паэтка Ала Петрушкевіч
Гарадзенская паэтка Ала Петрушкевіч

— Многія нашы гарадзенскія паэты пачалі тварыць пад зоркай Багдановіча. Ды калі б не было ў нас музэю Багдановіча, то колькі вершаў, магчыма, не напісалі б Анатоль Брусевіч, Данута Бічэль, Алесь Чобат, іншыя. Я сёньня ў руках трымаю іх кнігі і паказваю сваім слухачам, якія вершы напісаны пад ўзьдзеяньням асобы Багдановіча. Багдановіч для нас — пасланец высокага неба. Каб казаць, што мы да зор ляцім разам з усімі; каб казаць, што такія, як усе і ня горшыя; каб сьведчыць, што наша літаратура такая ж эўрапейская і прыйшла ў сусьветны працэс, як і іншыя...

Сярод слухачоў лекцыі гарадзенскі паэт і выкладчык унівэрсытэту імя Янкі Купалы Анатоль Брусевіч. Ён кажа, што на лекцыю ня мог не прыйсьці, паколькі Багдановіч — гэта асоба знакавая, культавая для кожнага беларуса і асабліва паэта.

Гарадзенскі паэт Анатоль Брусевіч
Гарадзенскі паэт Анатоль Брусевіч

— У маім жыцьці Багдановіч адыграў самую вялікую ролю, якую толькі мог адыграць вялікі творца: мой шлях у літаратуру пачаўся з музэю Багдановіча і яго стваральніцы Дануты Бічэль. На маю думку, для гарадзенцаў, людзей творчых Багдановіч заўсёды будзе першым паэтам нараўне з Купалам, Коласам, а можа, нават і вышэйшым...

Цікаўлюся ў слухачоў, што для іх азначае Багдановіч і чаму яны прыйшлі на гэтую лекцыю. Спадарыня Ларыса, напачатку трошкі задумаўшыся, упэўнена адказвае:

— Гэта такая неабсяжная зьява... Я жыву побач з музэем Багдановіча, даволі часта там бываю. Ведаеце, з самага дзяцінства ён для мяне — зорка недасяжная. Мы, гарадзенцы, вельмі ганарымся ім...

А вось спадарыня кажа, што на падобнай лекцыі ёй давялося быць упершыню, паколькі сама расейскага паходжаньня, у Горадню пераехала з Расеі і вельмі зацікавілася беларускай культурай:

— Я вельмі люблю слухаць лекцыі спадарыні Петрушкевіч, у яе цудоўная мова і заўсёды цікава. І дзякуючы ёй я ўжо некалькі разоў была ў музэі Максіма Багдановіча. Мне вельмі цікава даведвацца новае пра беларускую культуру, асабліва пра тое, што адбывалася ў Горадні.

Вітаўт Руднік, адзін з арганізатараў унівэрсытэту Залатога веку, таксама кажа, што імя Багдановіча мае шмат розных сымбаляў у ягоным жыцьці:

— У мае студэнцкія гады беларускае адраджэньне адбывалася ў многім у музэі Максіма Багдановіча, там праводзіліся шматлікія сустрэчы, дыскусіі, сходы. І Багдановіч для мяне быў сымбалем, постацьцю, якой мы ўсе ганарыліся, расказвалі пра яго людзям. На жаль, у сёньняшняй нашай краіне імя Багдановіча адыгрывае нейкую фармальную ролю: у падручніках ёсьць, у школах вывучаюць, але каб у грамадзтве нейкая сур’ёзная ўвага ўдзялялася вывучэньню ягонай творчасьці, каб яго ставілі ў прыклад дзецям студэнтам, моладзі, каб вучылі любіць радзіму, як ён любіў, — такога няма. Ён па-ранейшаму застаецца сымбалям і ідэалам для людзей, якія самі прыйшлі да беларускасьці. І, на жаль, тое пачэснае месца, якога заслугоўвае Багдановіч у беларускай культуры, ён не заняў, бо дзяржава ня мае ў гэтым патрэбы...

Максім Багдановіч нарадзіўся 9 сьнежня 1891 году ў Менску, у дзяцінстве жыў з бацькамі ў Горадні. Памёр беларускі паэт у Ялце (Крым, Украіна), у 1917 годзе.

Ялта Максіма Багдановіча (Рэпартаж Свабоды 2003 году)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG