Крымінальная справа байца дабраахвотніцкага палку «Азоў» зь Віцебску 21-гадовага Станіслава Ганчарова па мянушцы «Тэрор-Машына» перададзена ў пракуратуру. Пра гэта паведамілі ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1».
Баец «Азова» быў затрыманы ў Віцебску 15 красавіка. Сьледчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачаньне ў «злосным хуліганстве», якое было ўчынена ў лістападзе 2013 году супраць непаўналетніх. Як паведамлялі раней у прэс-службе МУС, Станіслаў Ганчароў разам з футбольнымі фанатамі пад пагрозай гвалту прымусіў двух 13-гадовых падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і прадэманстраваць нацысцкае прывітаньне. Увесь працэс быў зьняты на відэакамэру і выкладзены ў інтэрнэт.
Як паведамляе цяпер «Беларусь-1», падчас расьсьледаваньня супрацоўнікі ГУБАЗіК прад’явілі Станіславу Ганчарову і яго саўдзельнікам 12 эпізодаў, паводле якіх былі заведзеныя крымінальныя справы. Чатыры зь іх — паводле артыкулу «злоснае хуліганства». Наконт астатніх артыкулы не ўдакладняюцца. Таксама не паведамляецца імёнаў саўдзельнікаў Ганчарова.
Раней прадстаўнікі праваахоўных органаў заяўлялі, што ў дачыненьні да Ганчарова можа быць таксама распачатая крымінальная справа за «распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці». Вядома, што на целе байца «Азова» набіта шмат тату з нацысцкай сымболікай.
«Як высьветлілася яшчэ да свайго адʼезду ва Ўкраіну Ганчароў неаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі за правапарушэньні ў складзе нефармальнай моладзевай групоўкі, удзельнікі якой падтрымлівалі ідэі нацызму. У міліцыі гавораць, што Ганчароў зьяўляўся нефармальным лідэрам і „ідэйным“ натхняльнікам групоўкі, паказваў прыклад і пастаянна заклікаў сваіх аднадумцаў на прыніжэньне і зьбіцьцё людзей неславянскай зьнешнасьці», — паведамляецца ў сюжэце «Беларусь-1».
Цяпер крымінальная справа Ганчарова знаходзіцца ў пракуратуры. Пасьля таго, як зь імі азнаёміцца дзяржаўны абвінаваўца, дакумэнты будуць накіраваныя ў суд.
Раней паведамлялася, што за ўдзел у ваенных дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны ў складзе палку «Азоў» Станіслаў Ганчароў мае два мэдалі «За доблесную службу» і «За мужнасьць». Як мяркуецца, узнагароды беларус атрымаў за баі пад Ілавайскам і ў пасёлку Шырокіна. Таксама вядома, што віцяблянін ваяваў у якасьці кулямётчыка і быў двойчы паранены.