Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшла прэзэнтацыя кнігі Андрэя Саньнікава


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў

Прэзэнтацыя кнігі кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Андрэя Саньнікава «Мая гісторыя. Беларуская „Амэрыканка“, або выбары пры дыктатуры» адбылася ў Менску 25 кастрычніка.

У кнізе распавядаецца пра падзеі прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году, Плошчу і турму, у якой апынуўся аўтар у межах справы «аб масавых беспарадках». Кніга выдадзена на беларускай, расейскай і ангельскай мовах.

Як раней казаў Свабодзе Андрэй Саньнікаў, ён пачаў пісаць гэтую кнігу прыкладна праз паўтара года пасьля таго, як у красавіку 2012-га выйшаў з турмы.

«Я лічу, што той пэрыяд быў вельмі важны і для гісторыі Беларусі, і асабіста для мяне. Таму я вырашыў напісаць пра тое, што адбывалася ў 2010 годзе і што адбывалася пасьля так званых выбараў», — сказаў ён.

Большасьць прысутных на прэзэнтацыі былі актыўнымі ўдзельнікамі падзей 2010 году, апісаных у кнізе. Сярод іх — драматург і публіцыст Уладзімер Халіп, жонка Саньнікава — журналістка Ірына Халіп, кіраўнік прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, культуроляг Вацлаў Арэшка, эканаміст Леанід Злотнікаў, былы палітвязень Зьміцер Дрозд, рэжысэр Вольга Мікалайчык, грамадзкія актывісты і праваабаронцы, давераныя асобы Андрэя Саньнікава як кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году, паведамляе charter97.org.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG