КАЛЮЧЫ ДРОТ ЯК СЫМБАЛЬ АДНОСІНАЎ ПАМІЖ БЕЛАРУСЬСЮ І РАСЕЯЙ
Малюнак на сьцяне дому па вуліцы Магілёўскай у Менску дапоўнілі калючым дротам — мастак, які пажадаў застацца невядомым, «уплёў» яго ў валасы дзяўчыны (якая сымбалізуе Маскву) і ў кветкі, якія трымае ў руках хлопчык (сымбалізуе Менск). Сам малюнак быў зроблены расейскім графіцістамі да Дня Расеі 12 чэрвеня — але ўрачыстае адкрыцьцё тады фактычна сарвалі «маладафронтаўцы», стаўшы на пікет з плякатамі «НЕ — саюзу з бандай» і «Саюз з агрэсарам — вайна».
БЕЛАРУСЬ ПАДПІСАЛА БЯЗЬВІЗАВАЕ ПАГАДНЕНЬНЕ З АРГЕНТЫНАЙ
І хаця Буэнас-Айрэс зрабіўся больш даступны, цяжка сказаць, колькі грамадзян Беларусі гэта ўзрадуе. Адназначна — такіх будзе куды менш, чым жадаючых наведаць бяз чэргаў у амбасады такія геаграфічна блізкія гарады, як Вільня альбо Варшава. Для паездак Польшчу ці Літву (ды і ў іншыя шэнгенскія краіны) віза патрэбная. А вось для грамадзянаў Украіны, як днямі заявіў Пятро Парашэнка, з канца лістапада візы ў краіны Шэнгенскай зонны ўжо не спатрэбяцца. Такім чынам, Аргентына будзе 25-ай краінай, куды грамадзянам Беларусі не патрэбная віза. Аднак паводле рэйтынгу, які ўлічвае бязьвізавы доступ для кароткачасовых паездак, беларускае грамадзянства горшае, чым альбанскае ці ганскае.
БЕЛАРУСКІ ПАШПАРТ БЕЗ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Затое для іншаземцаў у Беларусі ўводзіцца бязьвізавы ўезд — праўда, пакуль што толькі для наведваньня Аўгустоўскага каналу і толькі на пяць дзён. Кожнаму зь іх выдадуць сымбалічны пашпарт турыста, зь пералікам цікавых і карысных месцаў і інтэрнэт-сайтаў, па якіх можна будзе атрымаць зьніжкі. Пашпарты будуць на ангельскай, польскай і расейскай мовах. Але — не на беларускай: так вырашылі гарадзенскія чыноўнікі.
НА БУДПЛЯЦОЎКУ АСТРАВЕЦКАЙ АЭС ДАСТАВІЛІ СТАТАР
Ён важыць 440 тонаў, і пакуль не паступала зьвестак пра аварыю. Як вядома, нядаўна ўпаў корпус рэактара, а ўсяго за час будаўніцтва АЭС адбылося мінімум дзесяць інцыдэнтаў — ва ўсялякім разе, менавіта пра такую колькасьць вядома грамадзкасьці.
ЗА ПЕРАПІС НАСЕЛЬНІЦТВА НІЧОГА НЕ ЗАПЛАЦЯЦЬ
Сёньня абвешчана, што чарговы перапіс насельніцтва пройдзе ў кастрычніку 2019 году. Пакуль невядома, якія пытаньні будуць прапанаваныя ў анкеце, але перапісчыкам нічога не заплацяць. Затое — працаўнікоў вызваляць ад працы, а студэнтаў — ад вучобы.