Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік акупацыі


Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў

Ініцыятыва крымскіх «актывістаў» аб узьвядзеньні ў Крыме помніка расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну здаецца дзіўнай толькі на першы погляд.

Сапраўды, а чаму ў Крыме? Чаму такой «сталінскай» павагі да крамлёўскага кіраўніка не праяўляюць ні ў Маскве, ні ў Пецярбургу, ні ў іншых рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі? Няўжо там мала падлізьнікаў, якія хочуць вызначыцца перад Пуціным і прадэманстраваць яму сваю адданасьць? Ня можа ж так быць, каб усе яны сабраліся толькі ў Крыме?

Вядома, ня можа. Помнікаў Пуціну ў Маскве, Пецярбургу, Яраслаўлі або Ўладзівастоку няма па той простай прычыне, што Масква, Пецярбург, Яраслаўль або Ўладзівасток — гэта Расея. А Крым — не. Здраднікам, якія перайшлі на бок акупанта і ня могуць быць упэўненыя ў сваёй будучыні, неабходныя дадатковыя доказы сваёй легітымнасьці і сувязі з гаспадаром. Ім трэба прывязаць да сябе гаспадара так, каб ён іх ня змог кінуць. Менавіта так — не яны яго, а ён іх. Таму яны хочуць паставіць яму манумэнт з тых жа самых меркаваньняў, зь якіх здраднікі, якія аддавалі свабоду сваіх гарадоў Рыму, неадкладна ўпрыгожвалі гарадзкія плошчы імпэратарскімі статуямі. Маўляў, ня можаш жа ты, імпэратар, кінуць нас на волю лёсу! Тут жа твае статуі стаяць! Прыйдуць ворагі — будуць зьдзекавацца.

І, між іншым, шматлікія статуі Леніна і Сталіна, якія ўспрымаліся савецкімі людзьмі як нешта, само сабой зразумелае, таксама былі ня больш чым знакамі акупацыі. Бальшавікі, як вядома, захапілі ўладу выключна ў Петраградзе — а потым, пасьля разгону Ўстаноўчага сходу, заваёўвалі яе на ўсёй астатняй тэрыторыі Расейскай імпэрыі. Дык вось, заваяваўшы, яны неадкладна ставілі свайго ідала — каб ні ў каго сумневаў не было, чыя тут улада.

Тое, што ў Крыму так і ня зьнесены помнік Леніну, чые вылюдкі літаральна патапілі паўвостраў у крыві, сустрэнецца з помнікам Пуціну, чые найміты арганізоўваюць на кантраляванай тэрыторыі жорсткі рэпрэсіўны рэжым, азначае толькі тое, што адна акупацыя зьмяніла іншую. І тыя, хто выбралі бок акупанта, здрадзілі Ўкраіне і Крыму, выдатна пра гэта ведаюць.

Інакш ідэя пра помнік Пуціну проста не прыйшла б ім у галаву.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG