Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: За ўдзел у пікеце са здымкамі зьніклых палітыкаў — штрафы


Пікет 16 верасьня 2016 году ў цэнтры Горадні. Плякат трымаюць Сяргей Верамеенка і Анатоль Мышкевіч
Пікет 16 верасьня 2016 году ў цэнтры Горадні. Плякат трымаюць Сяргей Верамеенка і Анатоль Мышкевіч

Гарадзенскі актывіст Сяргей Верамеенка рашэньнем суду Ленінскага раёну аштрафаваны на 525 рублёў (25 базавых), Анатоль Мышкевіч і Віталь Мойса — на 420 рублёў (20 базавых). Рашэньнем Ленінскага суду Горадні ўсе прызнаныя вінаватымі ў тым, што бралі ўдзел у нібыта несанкцыянаваным пікеце 16 верасьня.

Суд пачаўся ў 10:30, і высьветлілася, што на паседжаньне не зьявіўся адзін з адказчыкаў — Сяргей Верамеенка. Судзьдзя Натальля Козел, якая вяла паседжаньне, загадала даставіць яго ў суд прымусова і перанесла разгляд справы на 14:20.

Пасьля перапынку высьветлілася, што Верамеенка знаходзіцца за межамі Беларусі. Было прынята рашэньне разглядаць справу безь яго.

Паводле міліцэйскага пратаколу, Верамеенка, Мышкевіч і Мойса 16 верасьня на вуліцы Савецкай у Горадні арганізавалі несанкцыянаваны пікет: стаялі на ходніку з плякатамі, на якіх былі здымкі зьніклых апазыцыйных палітыкаў і надпіс «Памятаем!». Да іх, маўляў, падыходзілі людзі і задавалі пытаньні. Усіх трох затрымалі, даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе на іх і склалі пратаколы.

Гэта ж пацьвердзілі і сьведкі-міліцыянты. Нічога новага яны не дадалі.

Мышкевіч і Мойса не адмаўлялі, што стаялі на вуліцы са здымкамі зьніклых палітыкаў і надпісам на плякаце «Памятаем!». Абодва заявілі суду, што не прызнаюць сябе вінаватымі. Мышкевіч патлумачыў, што сваім учынкам падтрымаў родных і блізкіх зьніклых палітыкаў, бо менавіта 16 верасьня — чарговая гадавіна зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Ён таксама падкрэсьліў, што грамадзкага парадку сваімі дзеяньнямі не парушаў. «Больш за тое, мне ня сорамна за свой грамадзянскі ўчынак, і людзі, якія падыходзілі да мяне на вуліцы і цікавіліся — хто на здымках, выказвалі маім дзеяньням падтрымку», — сказаў Мышкевіч у судзе.

Віталь Мойса сказаў суду, што яго паказаньні такія ж, як і ў Мышкевіча, і іх можна папросту скапіраваць у пратакол паседжаньня. Але судзьдзя не пагадзілася.

Тады Мойса дадаў, што, маўляў, у нас свабодная краіна і ён выйшаў на вуліцу з плякатамі ў руках, гэтым самым выказваючы сваё стаўленьне да сытуацыі са зьніклымі палітыкамі. Грамадзкага парадку не парушаў, людзям не перашкаджаў. І пікет, маўляў, доўжыўся ня больш за пяць хвілін, а таму яму незразумела, за што яго судзяць.

Судзьдзя Козел, выслухаўшы адказчыкаў і сьведак, пацікавілася матэрыяльным станам Мышкевіча і Мойсы. Мышкевіч сказаў, што некалькі месяцаў таму страціў працу, бо наймальнік ашукваў пры разьліках, жыве з маці і хворым дзедам, якому пастаянна патрэбны догляд.

У Мойсы сямʼя — двое дзетак і жонка. Ён ІП, працуе, а матэрыяльны стан сямʼі ахарактарызаваў — за мяжой беднасьці.

Адносна Сяргея Верамеенкі быў зачытаны пратакол апытаньня, які склалі ў міліцыі пасьля затрыманьня. Верамеенка адмовіўся ад паказаньняў і не паставіў свайго подпісу пад пратаколам.

Сяргей Верамеенка
Сяргей Верамеенка

Пасьля гэтага суд вынес рашэньне ўсіх пакараць штрафамі.

Анатоль Мышкевіч сказаў Свабодзе, што ў працы судоў адносна тых, хто выказвае думкі, якія не адпавядаюць дзяржаўным, нічога не зьмянілася:

Анатоль Мышкевіч
Анатоль Мышкевіч

— Адзінае, што, спадзяюся, рана ці позна справы зьніклых палітыкаў будуць раскрытыя, і вінаватыя панясуць за гэта адказнасьць. І спадзяюся, што тады адказнасьць панясуць і ўсе прадстаўнікі праваахоўных органаў і судоў за тое, што судзяць сёньня людзей, якія дамагаюцца праўды.

Віталь Мойса, як і Анатоль Мышкевіч, упершыню быў асуджаны, як сам сказаў, па палітычнай справе.

Віталь Мойса
Віталь Мойса

— Я, канечне, моцна памыляўся, калі казаў судзьдзі, што мы жывём у свабоднай краіне. Мы пастаялі ў гэтым пікеце ня больш за пяць хвілін і ўжо сталі злачынцамі. А судзьдзі ўсё роўна, у якім матэрыяльным стане нашы семʼі. Яна невядома дзеля чаго запыталася пра гэта і вынесла сваё ўжо гатовае рашэньне.

У залі суду падчас працэсу знаходзіўся праваабаронца БХК Раман Юргель. Ён зьвярнуў увагу на тое, што хлопцы праводзілі пікет на тым самым месцы, дзе яшчэ колькі дзён таму, падчас выбарчай кампаніі, свабодна праводзілася мноства пікетаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Раман Юргель
Раман Юргель

— Нічога не зьмянілася ў краіне. На нейкі час зрабілі выгляд, што наступіла лібэралізацыя, а потым ізноў пратаколы, суды, штрафы...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG