Гурневіч: На наступным тыдні Зьміцер Дашкевіч зьбіраецца перадаць у Міністэрства культуры каля 10 тысячаў подпісаў сабраных актывістамі «Маладога фронту» за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Некалькі гадоў таму, калі міністрам культуры быў Павал Латушка, гэтае пытаньне ўжо ўздымалася. Падчас зьезду беларусаў сьвету, адказваючы на пытаньне аб наданьні гэтага статусу нацыянальным сымбалям — Пагоні і бел-чырвона-беламу сьцягу, Латушка сказаў, што з «Пагоняй» праблемаў ня будзе, а вось са сьцягам могуць быць. Так і сталася. «Пагоні» гэты статус быў нададзены. Са сьцягам адбылася дзіўная рэч. 3 гады таму Міністэрства культуры пагадзілася надаць сьцягу гістарычна-культурную каштоўнасьць. Гэта была ініцыятыва Арт-сядзібы і некаторых іншых суполак. Але глядзіце як гэта было па-майстэрску зроблена. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці яны пагадзілася надаць канкрэтнаму палотнішчу, а ня сьцягу, як нацыянальным колерам увогуле. Маўляў, знайдзіце той сьцяг і прынясіце, і мы надамо яму статус. Але ж актывісты дамагаліся ня гэтага.
Сумняваюся, што ў Міністэрстве культуры пра гэта ня ведалі. Гэта, на маю думку, была звычайная маніпуляцыя, мэтай якой было элегантна адмовіць актывістам.
Быццам бы, да рэфэрэндуму па зьмене сымболікі Лукашэнка ў сваім асяродзьдзі пагаджаўся пакінуць бел-чырвона-белы сьцяг дзяржаўным
Падобны чынам будзе і цяпер. Чыноўнікі цудоўна ведаюць атмасфэру. Лукашэнка ненавідзіць гэты сьцяг. Ёсьць, дарэчы, такая гісторыя. Ня ведаю наколькі яна праўдзівая. Быццам бы, да рэфэрэндуму па зьмене сымболікі Лукашэнка ў сваім асяродзьдзі пагаджаўся пакінуць бел-чырвона-белы сьцяг дзяржаўным, але хацеў, каб у яго быў нейкі ўласны прэзыдэнцкі сьцяг. За 20 гадоў не было аніводнай прыкметы з боку Лукашэнкі, што нешта зьмянілася. Ну так, на футбольных матчах сьцяг пару разоў не забіралі. Але гэта сумнеўны аргумэнт. Ва ўсякім разе я магу паабяцаць зьесьці уласны капялюш, калі Міністэрства культуры надасьць сьцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Ракіцкі: На наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці я гляджу без аптымізму. Ні пры гэтай уладзе, у якой гісторыка-культурныя каштоўнасьці зусім іншыя. Але кампанія збору подпісаў мяне ўразіла. Гэта была выдатная і добра зладжаная агітацыйная акцыя. Нават тыя людзі, якія не падпісалі пэтыцыі, змаглі падумаць.
Зрэшты, гэтае пытаньне ўжо разглядалася навукова-мэтадычнай радай пры міністэрстве культуры Беларусі. Было і заключэньне Нацыянальнай акадэміі навук. У ім гаварылася, працытую, «што гістарычныя зьвесткі аб характары і ўплыве на гістарычнае і сацыяльна-палітычнае разьвіцьцё Беларусі сьцяга Рэспублікі Беларусь, які існаваў у 1991 — 1995 гадах носяць супярэчлівы характар і на сёньняшні дзень адсутнічаюць важкія падставы для магчымасьці наданьня гісторыка-культурнай каштоўнасьці прапанаванаму аб’екту».
Сфальшаваная савецкімі гісторыкамі яшчэ ў эпоху сталінізму гісторыя Беларусі, паводле Лукашэнкі і ягоных ідэолягаў, не падлягае перагляду
Ня думаю, што нешта вельмі істотнае, прынцыповае зьмянілася ў палітыцы і ідэалёгіі сёньняшняй дзяржавы, улады, каб гэтае меркаваньне, гэты прысуд зьмяніўся. Дзяржава існуе на ранейшым ідэалягічным падмурку, сцэмэнтаваным зь ідэалягемаў і мітаў былой БССР. Сфальшаваная савецкімі гісторыкамі яшчэ ў эпоху сталінізму гісторыя Беларусі, паводле Лукашэнкі і ягоных ідэолягаў, не падлягае перагляду. А ў ёй па-сутнасьці адлік беларускай дзяржаўнасьці пачынаецца з 1919 году, натуральна, з усімі сымбалямі і атрыбутамі. Апагеем гэтай фальшывай гісторыі Беларусі стала гэтак званая Вялікая Айчынная вайна, у гісторыю якой уплялі і міт пра калябарацыянізмам пад бел-чырвона-белым сьцягам. Далей ужо бессаромна запрацавала прапаганда, у якой любая хлусьня падавалася як праўда, аж да таго, што пасьля вайны народжаны Зянон Пазьняк быў паліцаем.
Без Лукашэнкі, які пазбавіў бел-чырвона-белы сьцяг статусу дзяржаўнага, ніхто ня зможа вырашыць пытаньне статусу. Надаць бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці — для Лукашэнкі азначала б адмовіцца ад савецкага, бээсэсэраўскага ідэалягічнага падмурку ягонага рэжыму, а таксама прызнаць памылковасьць і вульгарнасьць свайго стаўленьня да гістарычнай сымболікі, што выяўлялася ў скрайніх яе зьнявагах, а значыць і зьнявагах нацыянальнай гісторыі. Пакуль што ніякіх рухаў у бок прынцыповай зьмены ідэалёгіі ня бачна, дый ня думаю я, што пры гэтым рэжыме яны адбудуцца. А ўжо пра прызнаньне Лукашэнкам сваіх аблудаў казаць нават сьмешна. Ня той гэта чалавек.
Напэўна ж, Міністэрства культуры прыме да разгляду зварот 10 тысячаў людзей, напэўна ж, яшчэ раз Акадэмія навук паўторыць свае аргумэнты, а навукова-мэтадычная рада прыме іх да ведама. Але статус бел-чырвона-белага сьцягу застанецца нязьменным — негалосна забаронены. І яго можна будзе зьневажаць, рваць, паліць. А гэта значыць, і надалей зьневажаць і абплёўваць гістарычную і культурную памяць беларусаў.
Я мяркую, што вяртаньне бел-чырвона-белага сьцяга адбудзецца толькі тады, калі адбудзецца зьмена ўлады, калі кіраваць краінай будуць нацыянальна-дэмакратычныя сілы. І вяртаньне гэтае мусіць адбыцца адразу ж на ўзроўні наданьня бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўнага, без усялякіх рэфэрэндумаў і абмеркаваньняў, бо пазбаўлены гэтага статусу ён быў незаконна. Тады ён стане і гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, фактычнай, а не на паперы, як гэта магло б здарыцца цяпер.
Глод: Зьнешне за апошні час тое-сёе зьмянілася. На футбольныя матчы прыходзяць заўзятары зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, з гербам «Пагоня». Беларускія музыкі правялі шмат фэстаў і канцэртаў — каб паслухаць беларускую музыку, ужо ня трэба ехаць у суседнюю краіну. Можна выразна прасачыць, як цягам 2016 году ўлада зразумела сваё бясьсільле ў змаганьні, прынамсі, з «Пагоняй». Гэта мы пабачылі, напрыклад, падчас футбольнага матчу з Францыяй ці на Фэстывалі нацыянальных культураў у Горадні, дзе міліцыянты адварочваліся ад тых, хто быў з гістарычнымі сымбалямі, але нічога не рабілі. Адбываецца, няхай і павольна, працэс зьменаў. Мне падаецца, што некаторыя людзі нават у кіроўнай сыстэме ўжо разумеюць, што нешта трэба зьмяняць.
на добры лад цяпер уладам варта было б зрабіць наступны крок: афіцыйна прызнаць нацыянальную сымболіку і рэалізаваць такі варыянт. Існы чырвона-зялёны сьцяг захаваць як дзяржаўны, а бел-чырвона-белы абʼявіць нацыянальным сьцягам
Некаторыя аптымісты ўжо кажуць, што існуе кампраміс — на добры лад цяпер уладам варта было б зрабіць наступны крок: афіцыйна прызнаць нацыянальную сымболіку і рэалізаваць такі варыянт. Існы чырвона-зялёны сьцяг захаваць як дзяржаўны, а бел-чырвона-белы абʼявіць нацыянальным сьцягам. І падчас афіцыйных урачыстасьцяў выкарыстоўваць два сьцягі. У некаторых краінах так робіцца. Гэта быў бы важны крок па пераадоленьню расколу беларускага грамадзтва, шлях да агульнанацыянальнага адзінства.
Я у гэта ня веру — таму што вяртаньне беларусам нацыянальных сымбаляў не патрэбнае не толькі Лукашэнку, але і Маскве. І гэта вызначальны чыньнік. Таму што гэта будзе азначаць, што Беларусь набывае рэальную самастойнасьць. Зразумела, што ўведзены Лукашэнкам чырвона-зялёны сьцяг у маральна-псыхалягічным пляне вельмі трымае Беларусь у Савецкім Саюзе і прывязвае да Расеі. А бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль самастойнай незалежнай Беларусі, якая непатрэбная Маскве.
Згодны, што пры Лукашэнку гэта немагчыма. Галоўнае слова будзе за ім. Але я трошкі маю аптымізм. Я згодны, што вяртаньне бел-чырвона-белага сьцяга можа адбыцца толькі пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка перастане быць прэзыдэнтам. Але лічу, пераемнік Лукашэнкі, нават калі ён будзе з намэнклятуры і калі адкрыюцца ўсе справы, якія былі пры Лукашэнку, ён можа таксама пайсьці на вяртаньне бел-чырвона-белага сьцяга і паказаць гэтым, што ён аддаляецца ад Лукашэнкі, ён застаўся ў мінулым, а ў нас будзе ўсё па-новаму.