Дакладней, яны ёсьць, але іх там не відаць – ці то дзейнічаюць таемна, як Чыкаціла, ці то ізаляваныя ад іншых, сядзяць у вар’ятнях і турмах. Як было ў Савецкім Саюзе. Там, маўляў, быў «ідэальны сьвет» – без вар’ятаў і маньякаў, бо галоўнае, каб іх не было – для мяне. Не было на вуліцы, у гандлёвым цэнтры, у СМІ. «Не было» настолькі пераканаўча, што нават аргумэнты асабістае бясьпекі ня браліся пад увагу. Хоць нейкім заднім розумам прызнавалася, што чыкацілы здараюцца, проста яны ня робяць са свайго бясчынства шоў. А гэта галоўнае – каб шоў не было. Шоў разбурае нашу перакананасьць у тым, што іх няма, разбурае ідэальнасьць нашага сьвету. Вось на Захадзе – там так.
Некалі ў піянэрскім дзяцінстве была ў мяне савецкая кніжка пра такія вось амэрыканскія «шоў». Адзін заявіўся ў школу з нажом і пазабіваў сваіх аднаклясьнікаў. Другі ўзарваў бомбу ў цырку. Трэці з кольта расстраляў цэлы бар. У яго наколка была на грудзях – «Народжаны, каб задаць перцу». Так кніжка і называлася. На Захадзе шалёныя забойцы часьцяком робяць са свайго злачынства шоў. Але Захад і не прэтэндуе на тое, каб быць «ідэальным сьветам».
Бо ідэальнага сьвету не было, няма і ня будзе. Ня дай бог, вядома, але абавязкова зьявіцца студэнт з бэнзапілою – прадстаўнік чарговага пакаленьня. Адсачыць усіх немагчыма. Асабліва пры нашай праваахоўнай сыстэме, дзе ўпор робіцца на колькасьць міліцыянтаў, а не на іх прафэсійныя якасьці.
У ГЦ «Эўропа» забойца відавочна рабіў са свайго ўчынку «шоў». Здаецца, першы такі выпадак у Беларусі. Прэцэдэнт. І вось што тут варта адцеміць: нягледзячы на пажаданьне Фрэдзі Мэркуры, любое, самае дзікае і трагічнае «шоў» непазьбежна сканчаецца, а «шоўмэн» нясе пакараньне. Не сканчаецца толькі цёмная вада «ідэальнага сьвету», дзе ў невядомасьці адбываюцца самыя вусьцішныя, самыя непрадказальныя і самыя бясконцыя трагедыі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.