Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ствараць законы хоча толькі адзін дэпутат, займацца міжнароднымі справамі — у 14 разоў больш


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня ў першы дзень працы
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня ў першы дзень працы

Сэнсацыяў на адкрыцьці першай сэсіі Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня не адбылося. На безальтэрнатыўнай аснове трэці раз запар старшынём Палаты абраны Ўладзімер Андрэйчанка. Дэпутаты выказалі свае пажаданьні, у якой пастаяннай камісіі хочуць працаваць. У асноўнай заканатворчай камісіі — па заканадаўстве і судова-прававых пытаньнях — пажадаў працаваць толькі адзін дэпутат, у камісіі па міжнародных справах — 14. Рэкорд пабіла камісія па адукацыі, культуры і навуцы — 16 ахвотных. Выбіраць намесьніка старшыні і фармаваць камісіі будуць 13 кастрычніка.

11 кастрычніка прайшло першае паседжаньне Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня. На першую сэсію парлямэнту прыйшлі ўсе 110 дэпутатаў. Галасаваць яны ўжо ўмеюць — на мінулым тыдні прайшло арганізацыйнае паседжаньне, на якім вучыліся націскаць кнопкі.

Новых дэпутацкіх значкоў парлямэнтары яшчэ не атрымалі, зь імі былі толькі дэпутаты, якія пераабраныя ў Палату на другі тэрмін. Таму на іх фоне выдзялялася дэпутатка ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая, якая прыйшла ў Авальную залю зь бел-чырвона-белым сьцяжком на сукенцы. Дэпутаты занялі свае месцы згодна са схемай рассадкі. Так, суседам «па парце» той жа Ганны Канапацкай стаў Ігар Камароўскі, дырэктар Менскага вагонарамонтнага заводу.

Сэсію па традыцыі адкрыла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, распавяла, якімі сумленнымі і дэмакратычнымі былі выбары, патлумачыла правы дэпутатаў. Зацьвердзілі склад падліковай камісіі, сакратарыяту. І пачалося вылучэньне прэтэндэнтаў на пасаду старшыні.

Дэпутатка Натальля Гуйвік прапанавала кандыдатуру Ўладзімера Андрэйчанкі, самага сталага і вопытнага парлямэнтара, які абіраецца дэпутатам трэці раз запар, два тэрміны ўжо ачольваў парлямэнт. Іншых прапаноў не было. Андрэйчанка застаўся адзіным кандыдатам.

Цікава, што дэпутаты не задалі будучаму сьпікеру ніводнага пытаньня. Галасавалі таемна, празь бюлетэні. За Андрэйчанку — 109 галасоў, супраць — адзін. Як пазьней высьветлілася, гэта была Ганна Канапацкая. Яна гэта адкрыта казала некалькім журналістам, маўляў, у яе «нават асадка асаблівая, адрозная ад іншых».

Ганна Канапацкая расчараваная першым днём працы сэсіі. Ахарактарызавала коратка: «Сум». Яшчэ ў панядзелак на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі ў Абʼяднанай грамадзянскай партыі яна адкрыта казала, што «Андрэйчанка — ня наш кандыдат на пасаду старшыні. Лепш бы ён туды не вылучаўся».

На пытаньне Радыё Свабода, чаму тады не паступіла прапановы ад яе, адказала, што «сама яна не гатовая да такой пасады», а што да астатніх дэпутатаў, то яшчэ іх добра ня ведае.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Другая дэпутатка ад апазыцыі, намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, прагаласавала за Андрэйчанку. Хацела прапанаваць альтэрнатыўную кандыдатуру (імя не назвала), але той дэпутат не пагадзіўся, сказаў, што возьме самаадвод. Сама да такой пасады не гатовая, бо трэба мець пэўную стратэгію.

Алена Анісім (справа) з памочніцай у Палаце прадстаўнікоў
Алена Анісім (справа) з памочніцай у Палаце прадстаўнікоў

А вось што да працы ў пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, у яе ёсьць плян. У першую чаргу — па прасоўваньні беларускай мовы ў парлямэнце. Спадарыня Анісім будзе дамагацца, каб усе законапраекты з 2017 году рыхтаваліся і на беларускай мове. Паведаміла, што ўжо знайшла ў Палаце аднадумцаў, якія размаўляюць, прынамсі зь ёй, па-беларуску. І прывяла ў прыклад дэпутата Валера Барадзеню, які пажартаваў, што ён апазыцыянэр на 48%. Гісторык Ігар Марзалюк, які прыйшоў у ніжнюю палату зь верхняй — Савету Рэспублікі, таксама выказаў меркаваньне, што найперш прыклад павінны паказаць дэпутаты.

Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Ну, а пасьля выбараў старшыні дэпутаты праз электронную сыстэму выказвалі пажаданьні, у якой камісіі хочуць працаваць. Дарэчы, колькасьць і назвы іх не зьмяніліся — пастаянных камісіяў па-ранейшаму будзе 14, у кожнай — ад 5 да 13 дэпутатаў.

Самая папулярная і запатрабаваная камісія — па адукацыі, культуры і навуцы, ажно 16 ахвотных (у тым ліку мовазнаўца Алена Анісім, сьпявачка Ірына Дарафеева). На другім месцы ў рэйтынгу — камісія па міжнародных справах. На апошнім месцы — камісія па заканадаўстве і судова-прававых пытаньнях. У ёй пажадаў працаваць толькі адзін дэпутат, хоць прафэсійных юрыстаў, сілавікоў у новай Палаце даволі шмат. У кулюарах кажуць, што ў камісію запісалася дэпутатка Натальля Гуйвік, якая ў часы мінулага скліканьня таксама ўваходзіла ў гэтую камісію, а раней была судзьдзёй.

Першы працоўны дзень новай Палаты доўжыўся з 11-й да 14-й гадзіны з трыма 20-хвіліннымі перапынкамі на галасаваньне і падлік галасоў.

12 кастрычніка з кожным з дэпутатаў правядуць індывідуальную працу, каб усё ж такі ўраўнаважыць камісіі. Хто ў якую камісію ўвойдзе, стане вядома на наступным паседжаньні, якое адбудзецца 13 кастрычніка. У чацьвер абяруць намесьніка старшыні Палаты, а таксама старшыняў камісіяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG