Разьвітацца зь нябожчыцай прыйшлі яе муж, дачка, родныя, сябры, аднаклясьнікі, а таксама шматлікія прадпрымальнікі. Людзі прынесьлі кветкі і сьвечкі, узялі ўдзел у памінальнай малітве. Беручы слова на разьвітаньне, прадпрымальнікі называлі нябожчыцу героем, які прыняў увесь удар на сябе.
Як сказала адна з прамоўцаў, Алена сваім жыцьцём выратавала многіх іншых, калі шалік, завязаны на яе шыі, ублытаўся ў пілу і спыніў яе.
Лідэр прадпрымальніцкай арганізацыі «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка, які таксама прыйшоў на пахаваньне, адзначыў вялікую ролю прадпрымальнікаў у ратаваньні людзей:
«Сьмярцей было б нашмат больш, каб прадпрымальнікі не спынілі забойцу. Не ахова, не міліцыя, а самі гандляры паўсталі на абарону сябе і наведнікаў цэнтру. „Пэрспэктыва“ ўжо зьвярнулася да міністра ўнутраных спраў, каб гэтыя людзі былі адзначаныя. А далей паўстае пытаньне больш пільнай аховы ня толькі гандлёвых цэнтраў, але і іншых месцаў масавага зграмаджэньня людзей. Як сказала адна з прадпрымальніц, у будынкі дзяржаўнай улады забойца з бэнзапілой не зайшоў бы. Таму галоўнае — зрабіць высновы з таго, што адбылося».
Пасьля разьвітаньня жалобны картэж накіраваўся ў крэматорый.
8 кастрычніка 17-гадовы юнак увайшоў у менскі гандлёвы цэнтар «Эўропа» з бэнзапілой і сякерай, стаў нападаць на наведнікаў, забіў адну жанчыну, яшчэ адну моцна параніў.
Нападніка спынілі прадаўцы і наведнікі, потым яго затрымала міліцыя. Заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 139, часткі 2.