Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Скарыны да Алексіевіч: надрукаванае застаецца


Сёньня Сьвятлана Алексіевіч наведала Нацыянальны музэй у Празе, дзе ёй прадэманстравалі арыгінальнае выданьне Францішка Скарыны.

Сьвятлану Алексіевіч і праскіх беларусаў прывітаў загадчык аддзелу рукапісаў і старадрукаў Нацыянальнага музэю Чэхіі Рыхард Шыпэк (Richard Šípek).

«У Чэхіі захаваўся адзіны экзэмпляр праскіх выданьняў Скарыны, гэта „Ісус Сірахаў“, 4-я з кніг яго Бібліі, — сказаў Рыхард Шыпэк — Скарына дакладна датаваў дзень выхаду — 5 сьнежня 1517 году. Кніга невялікага памеру — 21 на 15 сантымэтраў, у ёй 60 захаваных старонак, некаторыя, верагодна страчаныя. Адметна, што гэтая кніга вярнулася ў Прагу з Масквы. У 1867-м годзе група чэскіх адраджэнцаў наведвала ў Маскве вядомага навукоўца-славіста Пятра Бяссонава, яны атрымалі ад яго кнігу як падарунак для Нацыянальнага чэскага музэю. Такім велікадушным і шчырым было тады славянскае братэрства».

Дарчы надпіс Пятра Бяссонава.
Дарчы надпіс Пятра Бяссонава.

Сьвятлана Алексіевіч нацягнула белыя баваўняныя пальчаткі — такое правіла. І вось першая беларуская нобэлеўская ляўрэатка дакранаецца да кнігі першага беларускага кнігадрукара. Пісьменьніца асьцярожна перагортвае старонкі, адчуваецца, што яна ўсхваляваная: «Неверагодна!»

«Сьвятлана Алексіевіч першай зь Беларусі ўзяла гэтую кнігу ў рукі — і ўзяла з рук Францішка Скарыны, — дзеліцца ўражаньнямі дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук, — Любоўна аброблены дызайн, найлепшая папера, выдатная фарба, амаль кішэнны фармат — усё выйшла з-пад яго геніяльных рук. Наш першадрукар і наша першая набэлістка сёньня сустрэліся, каб засьведчыць urbi et orbi — надрукаванае застаецца».

Расказвае Рыхард Шыпэк.
Расказвае Рыхард Шыпэк.

У Беларусі няма ніводнага поўнага камплекту скарынаўскіх выданьняў праскага пэрыяду. Ёсьць у Маскве, у Санкт-Пецярбургу, у Кіеве, у Львове. Старшыня суполкі Скарына Алена Ціхановіч выказала меркаваньне, што было б няблага, калі б расейскае кіраўніцтва зрабіла такі самы жэст, які зрабіў у XIX стагодзьдзі Пётра Бяссонаў — падараваў Беларусі кнігу Скарыны.

А пакуль Сьвятлана Аленксіевіч разам з праскімі беларусамі падпісала зварот да дырэкцыі Нацыянальнага музэю з прапановай выставіць скарынаўскае выданьне ў наступным годзе для публічнага прагляду. Таксама нобэлеўская ляўрэатка падаравала музэю сваю кнігу «Алексіевіч на Свабодзе», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XIX стагодзьдзе».

Пісьменьніцу ў музэі суправаджалі дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук і супрацоўнікі радыё Сяргей Абламейка, Багдан Арлоў, Сяргей Навумчык, Алена Ціхановіч і перакладчыца Крысьціна Шыянок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG