Валер Кавалеўскі (Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва) разам з Тацянай Хоміч (Асацыяцыя сваякоў і колішніх палітвязьняў) і Вольгай Гарбуновай (Фонд падтрымкі «21 траўня») 18-19 лістапада пабывалі ў ААН у Нью-Ёрку, паведамляе Euro-Atlantic Affairs Agency. Асноўная тэма сустрэч — вызваленьне палітычных зьняволеных у Беларусі.
У прыватнасьці, беларуская дэлегацыя правяла сустрэчу з намесьніцай генэральнага сакратара ААН у пытаньнях правоў чалавека Ілзе Брандс Керіс, а таксама кансультацыі з Сакратарыятам ААН. Акрамя таго, адбыліся кантакты з дыпляматычным корпусам у Нью-Ёрку. Для дэлегацый краін Эўрапейскага Зьвязу ў памяшканьні дэлегацыі Эўразьвязу пры ААН яны правялі брыфінг аб крызісе ў Беларусі.
Тэмы сустрэч:
- новыя падыходы і патрэба ў пошуку практычных крокаў у вырашэньні прыярытэтнай задачы вызваленьня палітычных зьняволеных;
- дзеяньні для больш актыўнага задзейнічаньня мэханізмаў ААН у Нью-Ёрку і Жэнэве;
- тэма ўлічваньня інтарэсаў Беларусі ў мірным працэсе ў вайне Расеі супраць Украіны, магчымыя сцэнары разьвіцьця сытуацыі і роля Беларусі ў гэтым канфлікце;
- патрэба ў захадах міжнароднай супольнасьці для супрацьдзеяння памкненьням Расеі выкарыстоўваць Беларусь у сваіх геапалітычных авантурах і канчаткова падпарадкаваць Беларусь;
- неабходнасьць аднаўленьня магчымасьцяў для паездак грамадзян Беларусі ў краіны Эўразьвязу, у тым ліку спрашчэньне працэдур атрыманьня візаў, аднаўленьне нармальных умоваў перасячэньня мяжы з ЭЗ, аднаўленьне транспартных сувязяў.
«ААН мае ўнікальнае значэньне для сусьветнай палітыкі, і сёлета варта адзначыць падвышаную ўвагу кіраўніцтва арганізацыі да сытуацыі ў Беларусі і вакол яе на самым высокім узроўні. Трэба захоўваць і разьвіваць гэты дыялог з ААН, ён мае істотнае значэньне для вырашэньня сёньняшніх выклікаў і для ўмацаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, якія зьяўляюцца абсалютнай каштоўнасьцю для ўсіх беларусаў, незалежна да палітычных поглядаў», — гаворыцца ў заяве Euro-Atlantic Affairs Agency па выніках сустрэчы.
Форум