У райцэнтры Сянно на Віцебшчыне прайшлі абласныя «Дажынкі».
Праграма «сьвята працаўнікоў сяла», як трафарэтна называюць гэтую імпрэзу, нічым прынцыпова не адрозьнівалася ад мінулагодніх. Найважнейшымі яе пунктамі былі прэзэнтацыі новых аб’ектаў інфраструктуры: спартовага стыдыёну, Палаца шлюбаў з фантанам перад ганкамі, пляцовак з вайсковай тэхнікай у парку і Алеі герояў у самым цэнтры Сянна, дзеля абсталяваньня якой населены пункт страціў яшчэ адзін парк.
Сеньненцы сустракалі «Дажынкі» аптымістычна — і з прычыны анаўленьня роднага паселішча, і як магчымасьць адсьвяткаваць нарэшце скончаныя рамонты. Яны доўжыліся амаль год і абцяжарвалі жыцьцё гараджан, якія былі вымушаны перасоўвацца па перакапаных вуліцах і не зважаць на завалы то будаўнічых матэрыялаў, то проста сьмецьця.
Затое ў дзень «Дажынак» у Сяньне былі абсталяваныя ажно некалькі пляцовак, дзе можна было набыць тавары без гандлёвых нацэнак або хаця б паглядзець на вырабы мясцовай прамысловасьці, калі набыць нешта няма грошай.
Паколькі ў райцэнтры праблемы з працаўладкаваньнем, пра што кажа кожны другі мясцовы жыхар, то і сьвяточныя набыткі найчасьцей абмяжоўваліся парай кілішкаў гарэлкі ды няхітрай закускай, кшталту піражкоў па 25 капеек. І аднаго, і другога было ў асартымэньце — цэнтральныя вуліцы былі ператвораныя ў гандлёва-кульнарныя шэрагі. Зрэшты, для высокіх гасьцей з начальства ды ўдзельнікаў «Дажынак» пачастункі былі іншыя: тут жа, на вуліцы, у гандлёвых павільёнах сэрвіравалі куды багацейшыя сталы, дзе на белых абрусах можна было заўважыць і салаты, і мясныя нарэзкі, і келіхі пад выкшталцоныя напоі.
Тое, што адбывалася на галоўнай сцэне «Дажынак», сеньненцаў цікавіла ня надта. Ніхто дужа ня рваўся трапіць за міліцэйскія кардоны ў імправізаваную глядзельную залю, каб паглядзець на віншаваньні «герояў жніва». Бо ўсім зразумела: насамрэч беларуская сельская гаспадарка сёньня далёка не ў такім добрым стане, што можа пахваліцца надзвычайнымі дасягненьням
Затое мінакі спыняліся каля самадзейных артыстаў, жартавалі зь імі і паміж сабой. І шмат фатаграфаваліся — хто на фоне шматлікіх інсталяцый на сельскагаспадарчую тэматыку, а хто — на фоне новых камбайнаў і трактараў, якія дзяржава перадала пераможцам жніва. «У падарунак», а ня проста дзеля абнаўленьня парку састарэлай тэхнікі ў гаспадарках вобласьці.