8 кастрычніка ў Грузіі адбываюцца парлямэнцкія выбары, якія павінны, акрамя іншага, замацаваць традыцыю мірнай перадачы ўлады.
У Грузіі з 2013 году не прэзыдэнцкае, а парлямэнцкае праўленьне, і ўрад будзе сфармаваны з палітычных сілаў, якія ўвойдуць у парлямэнт.
«Мы ўпершыню ідзем на такія парлямэнцкія выбары, вынікі якіх наўпрост адаб’юцца на тым, які урад у нас будзе, куды ён пойдзе і як гэта паўплывае на пабудову краіны», — нагадвае сьпікер парлямэнту Давід Усупашвілі.
За ўладу ў Грузіі, нароўні з празаходнімі, актыўна змагаюцца палітычныя сілы, якія выступаюць супраць эўраатлянтычнай інтэграцыі і за шчылныя адносіны Грузіі з Расеяй.
8 кастрычніка грузінскі выбаршчык павінен выбраць 150 дэпутатаў — 77 паводле партыйных і 73 паводле мажарытарных сьпісаў. Адначасова з парлямэнцкімі праходзяць выбары ў Вярхоўны савет Аджарскай аўтаномнай рэспублікі, а таксама ў некалькіх выбарчых акругах — прамежкавыя выбары ў мясцовыя органы самакіраваньня. За хадой выбараў і падлікам галасоў назіраюць прадстаўнікі больш як ста мясцовых НДА і 55 міжнародных арганізацый.
Заходнія партнэры неаднаразова адзначалі, што пасьля першага выпадку мірнай зьмены ўлады ў 2012-м за ўсю гісторыю незалежнасьці Грузіі, неабходна замацаваць гэтую традыцыю. Пры гэтым цяперашнія выбары лічацца самымі непрадказальнымі. За ўладу ў Грузіі, нароўні з празаходнімі, актыўна змагаюцца палітычныя сілы, якія выступаюць супраць эўраатлянтычнай інтэграцыі і за шчыльныя адносіны Грузіі з Расеяй.