Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенская лютэранская кірха будзе сілкавацца альтэрнатыўнай энэргіяй


Сонечныя батарэі на прыбудове лютэранскай кірхі ў Горадні
Сонечныя батарэі на прыбудове лютэранскай кірхі ў Горадні

На прыбудове лютэранскай кірхі ў Горадні ўсталявалі сонечныя батарэі.

Паводле пастара Ўладзімера Татарнікава, праект усталяваньня сонечных батарэй для сілкаваньня храма яны перанялі ад сваіх партнэраў у Нямеччыне.

— Наша царква ўжо два гады займаецца пытаньнямі ўстойлівага разьвіцьця ў галіне экалёгіі. І гэта адзін з кірункаў ідэалёгіі нашай лютэранскай царквы — выкарыстоўваць энэргію, створаную Усявышнім. На працягу двух гадоў мы замянілі ўсе лямпачкі на энэргазьберагальныя і прыйшлі да высновы, што варта паставіць сонечныя батарэі.

Пастар лютэранскай царквы ў Горадні Ўладзімер Татарнікаў
Пастар лютэранскай царквы ў Горадні Ўладзімер Татарнікаў

Пастар Татарнікаў кажа, што гэта толькі пілётны праект, каб спраўдзіць, наколькі эфэктыўна гэта можа працаваць. Менавіта таму ўсталяваны пакуль толькі чатыры батарэі.

— Сродкі на набыцьцё і ўсталяваньне батарэй мы зьбіралі падчас арганных канцэртаў, яшчэ нам дапамаглі партнэры з Нямеччыны. У нашых плянах зрабіць цалкам падсьветку храма на аснове альтэрнатыўнай энэргіі.

Гэтыя чатыры батарэі, паводле пастара Татарнікава, змогуць даваць 150 кВт энэргіі за месяц, а ў сонечны пэрыяд і болей. А цяпер штомесяц на патрэбы кірхі ідзе 260 кВт.

Вядома, што ў Беларусі ўжо больш як 450 аб’ектаў, якія сілкуюцца ад альтэрнатыўнай энэргіі, але лютэранская кірха ў Горадні стала ў гэтым сьпісе першым храмам з сонечнымі батарэямі. Дарэчы, гарадзенская лютэранская кірха — адзіная дзейная ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG