З пачатку 2016 году да верасьня зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць Беларусі вырасла на 896 млн даляраў альбо на 7,2%, паведамляе Міністэрства фінансаў. Цяпер яна складае 13,3 млрд даляраў ЗША.
За студзень-жнівень Беларусь узяла ў Расеі, Кітаю, Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, Міжнароднага і Эўрапейскага банкаў рэканструкцыі і разьвіцьця і Паўночнага інвэстыцыйнага банку 1,367 млрд даляраў дзяржаўнай запазычанасьці, а аддала Расеі, Кітаю, ЭФCР, МБРР і Злучаным штатам 568 млн даляраў.
На 1,8% вырасла і ўнутраная дзяржаўная запазычанасьць, цяпер яна склала 9,9 млрд беларускіх рублёў. Агулам дзяржаўная запазычанасьць на 1 верасьня склала 36 млрд беларускіх рублёў, з пачатку году вырасла на 9,7%.
Зьвесткі па валавай зьнешняй запазычанасьці за студзень-жнівень 2016 году пакуль не прыводзяцца, але вядома, што на 1 ліпеня валавая зьнешняя запазычанасьць склала 38,2 млрд даляраў, то значыць, ня вырасла за студзень-ліпень.
Зьнешняя запазычанасьць Беларусі расьце амаль няспынна. Найвышэйшыя тэмпы росту былі ў 2007 годзе, калі за год яна амаль падвоілася. Зьнешняя запазычанасьць скарацілася на 4,4% за 2015 год.