Грамадзкая дзейнасьць Алеся Шутава была заўважная ў Воршы з пачатку 1990-х: яшчэ студэнтам хімічнага факультэту БДУ ён далучыўся да БНФ «Адраджэньне». Пазьней стаў заснавальнікам суполкі «Зьвяз», якая дасюль працуе і зьяўляецца адзінай зарэгістраванай моладзевай грамадзкай арганізацыяй у рэгіёне.
У апошнія гады Алесь Шутаў супрацоўнічаў з кампаніяй «Гавары праўду», кіраваў аршанскай гарадзкой арганізацыяй Партыі БНФ, шмат рабіў для кансалідацыі высілкаў мясцовых актывістаў у рэгіянальнай структуры «Аршанская кааліцыя дэмакратычных сіл». Пад офіс, дзе маглі зьбірацца ўдзельнікі аршанскіх дэмакратычных суполак, ён ахвяраваў уласную прыватную хату ў Воршы, якая дасталася яму ў спадчыну, і менавіта там адбываліся ня толькі сходы, але й шматлікія канцэрты, прэзэнтацыі, творчыя сустрэчы.
Сябры заўжды адзначалі, што Алесь Шутаў быў неабыякавы да праблем роднага гораду, удзельнічаў у суботніках па добраўпарадкаваньні, якія ладзілі мясцовыя актывісты, прычыніўся і да ініцыятывы ратаваньня архітэктурнай спадчыны Воршы, удзельнікі якой змусілі гаспадароў зрабіць захады па захаваньні будынка базыльянскага кляштара.
Алесь Шутаў далучыўся і да стварэньня незалежнага сайту www.orsha.eu, аднаго з самых вядомых незалежных інтэрнэт-рэсурсаў рэгіёну, некаторы час быў яго рэдактарам. На жыцьцё ён зарабляў прадпрымальніцкай дзейнасьцю — быў рэпэтытарам па хіміі. Сябры гавораць пра яго як пра надзвычай эрудаванага чалавека: згадваюць, што Алесь меў фэнамэнальную памяць, а свае веды прымяняў у тым ліку і ў інтэлектуальных гульнях «Мазгабойня» і «Бітва розумаў».
На здароўе Алесь Шутаў скардзіўся рэдка. Нечаканае пагаршэньне стану здароўя здарылася на мінулым тыдні, кажа ягоны сябар Ігар Казьмярчак:
«На мінулым тыдні Алесь паскардзіўся, што яму стала цяжка дыхаць — да такой ступені, што праблемай стала нават дайсьці да крамы. Ён зьвярнуўся да лекараў, і спачатку ў яго падазравалі інфаркт. Але дыягностыка выявіла іншую хваробу — пнэўманію. Лекаваньне адбывалася ў шпіталі, і ўсё выглядала, што Алесь ідзе на папраўку. Яшчэ ўчора мы зь сябрамі яго адведвалі, Алесь выглядаў бадзёрым, і мы шмат размаўлялі пра будучыя пляны. Разьвіталіся каля 18.30 вечара. Але пазьней Алесю стала горш, і позьнім вечарам родныя нечакана атрымалі горкую вестку пра ягоную сьмерць».
1 верасьня Алесь Шутаў адзначыў сваё 46-годзьдзе. Сям’і ў яго не было, з блізкіх сваякоў засталася толькі родная сястра.
Разьвітаньне з Алесем Шутавым адбудзецца ў Воршы ў пятніцу, 7-га кастрычніка. Яно распачнецца а 9-й гадзіне ў рытуальнай залі па адрасе: вул. Астроўскага, 18А.