27 верасьня ў 15.30 у судзе Чыгуначнага раёну Гомелю мае разглядацца адміністрацыйная справа ў дачыненьні да кіраўніка гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, нядаўняга кандыдата ў дэпутаты парлямэнту і назіральніка на выбарах Уладзімера Няпомняшчых.
Яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.
Два тыдні таму Ўладзімера затрымалі амапаўцы на прыпынку грамадзкага транспарту на Прывакзальнай плошчы Гомелю. Актывіст кіраваўся на цягнік, каб ехаць у Менск і перадаць старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай зафіксаваныя ім на ўчастку № 10 Цэнтральнай акругі прыпіскі яўкі выбарцаў і паўдзельнічаць у акцыі пратэсту «Патрабуем сапраўдных выбараў».
У Гомелі Ўладзімера ведаюць як чалавека, які часьцяком носіць майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі». Гэтым разам актывіст надзеў майку з двайным надпісам: наперадзе — «Астравецкая АЭС — твой выбар?», на сьпіне — яшчэ адно пытаньне да грамады «Дзеці-мутанты таксама?»
Амапаўцы, не тлумачачы прычынаў, хацелі забраць Няпомняшчых у службовы аўтамабіль. Актывіст, паводле складзенага пратаколу, «упіраўся ў зямлю нагамі і хапаўся за форменнае абмундзіраваньне супрацоўнікаў міліцыі». У гэтым і выявілася ягоная «хуліганка» і «непадпарадкаваньне».
У накіраваным у суд суправаджальным да складзеных адміністрацыйных пратаколаў лісьце ад імя начальніка Чыгуначнага РАУС Ігара Цімашэнкі (але падпісаным яго першым намесьнікам Міхаілам Прывалавым) зьмяшчаецца хадайніцтва на вынясеньне Ўладзімеру Няпомняшчых «адміністрацыйнага пакараньня ў выглядзе адміністрацыйнага арышту».
Ніжэй з памылкамі ў напісаньні тлумачыцца, чаму: «В связи с тем, что указанный гражданин самым склонен к совершению иных административных нарушений и имеется возможным предполагать преступлений».
«Раней я сам служыў у міліцыі, — кажа Ўладзімер, — цяпер зьяўляюся пэнсіянэрам МУС. І мне сорамна за цяперашніх супрацоўнікаў, што яны ня здатныя пісьменна аформіць адміністрацыйны пратакол і тое ж хадайніцтва. Усе папярэднія мае адміністрацыйныя правапарушэньні якраз і зьвязаныя з тым, што міліцыянты затрымлівалі мяне, калі я зьбіраўся ехаць у Менск на акцыі пратэсту альбо распаўсюджваў улёткі ў Гомелі. За два з паловай дзесяцігодзьдзі нашай незалежнасьці міліцыя найбольш займалася палітычным перасьледам дэмакратычных актывістаў, а не абаронай канстытуцыйных правоў грамадзянаў».