Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы заяўляюць пра фальсыфікацыю ў расьсьледаваньні авіякатастрофы пад Смаленскам у 2010 годзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Запісы чорных скрыняў польскага прэзыдэнцкага самалёта, пацярпелага авіякатастрофу пад Смаленскам у 2010 годзе, былі сфальсыфікаваныя, а шматлікія дакумэнты па гэтай справе былі схаваныя. Пра гэта заявілі экспэрты камісіі, якая расьсьледуе акалічнасьці трагедыі.

Як інфармуе Радыё Польшча, з польскіх рэгістратараў быў выдалены кароткі адрэзак, на месца якога быў устаўлены адрэзак з расейскага рэгістратара. У выдаленым адрэзку зьмяшчалася інфармацыя аб непаладках рухавіка, генэратараў і радыёвысотамераў, якія здарыліся, калі прэзыдэнцкі самалёт пралятаў на вышыні 15 мэтраў.

У 2011 годзе папярэдняе расьсьледаваньне назвала авіякатастрофу сьледзтвам памылак польскіх пілётаў, а таксама дрэннае кіраўніцтва з боку расейскіх дыспэтчараў ва ўмовах шчыльнага туману. Асобная справаздача расейскіх экспэртаў паказвала на верагодную прысутнасьць у кабіне пілётаў камандзіра польскіх Ваенна-паветраных сілаў і утрымлівала здагадку, што ён мог настаяць на пасадцы, нягледзячы на дрэнныя ўмовы надвор’я.

10 красавіка 2010 году ў катастрофе Ту-154 у Смаленску загінулі 96 чалавек, сярод якіх прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі з жонкай, кіраўнікі ўсіх родаў войскаў, начальнік генэральнага штабу, прадстаўнікі Сэйму і Сэнату, канцылярыі прэзыдэнта, апошні прэзыдэнт Польшчы ў выгнаньні Рышард Качароўскі, прадстаўнікі вышэйшага ваеннага камандаваньня, палітычных партыяў, грамадзкія і рэлігійныя дзеячы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG