Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік польскай камісіі: Новыя запісы сьведчаць, што экіпаж прэзыдэнцкага самалёта перад катастрофай маглі ўвесьці ў зман


Польская камісія, якая расьсьледуе катастрофу прэзыдэнцкага самалёта Ту-154 пад Смаленскам, атрымала запісы перамоваў расійскіх дыспэтчараў.

Вацлаў Бэрчыньскі, кіраўнік камісіі, якая расьсьледуе авіякатастрофу, у якой загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, заявіў, што ў распараджэньні камісіі аказаліся новыя сьведчаньні таго, што дыспэтчары расейскага аэрапорту пад Смаленскам маглі ўвесьці экіпаж самалёта ў зман. Пра гэта Бэрчыньскі заявіў у эфіры Польскага тэлебачаньня (TVP).

«У нас ёсьць запісы. Яны адрозьніваюцца ад таго, што мы мелі раней. Таксама яны адрозьніваюцца ад запісаў з вышкі і самалёта, якія ў нас ёсьць. Маецца відавочная супярэчнасьць», — заявіў Бэрчыньскі.

Ён не ўдакладніў, якім шляхам камісія атрымала новыя запісы.

Бэрчыньскі кажа, што дыспэтчары маглі перадаць экіпажу няслушную інфармацыю аб адлегласьці да ўзлётна-пасадачнай паласы, што магло паўплываць на ход пасадкі і наступную катастрофу.

10 красавіка 2010 году пад Смаленскам разьбіўся самалёт ТУ-154, на борце якога знаходзілася афіцыйная польская дэлегацыя на чале з прэзыдэнтам Лехам Качыньскім. Дэлегацыя накіроўвалася на цырымоніі, зьвязаныя з 70-й гадавінай расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні. У самалёце ляцела і жонка польскага прэзыдэнта Марыя. Усяго на борце было 88 пасажыраў і 8 членаў экіпажа.

Сьледзтва па справе аб катастрофе пад Смаленскам у Польшчы да гэтага часу працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG