Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ад апазыцыі сьведчаць: «Улады ўдасканальваюць мэханізм фальшаваньня»


На наступны дзень па сканчэньні выбараў пачалі зьнікаць абвесткі пра іх. Адзін зь нямногіх плякатаў у вітрыне крамы
На наступны дзень па сканчэньні выбараў пачалі зьнікаць абвесткі пра іх. Адзін зь нямногіх плякатаў у вітрыне крамы

«Гэтыя выбары адрозьніваюцца ад папярэдніх цынізмам», — пра гэта заявілі прадстаўнікі апазыцыйных арганізацыяў Магілёва па выніках свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

Былыя прэтэндэнты на дэпутацтва, назіральнікі правялі прэсавую канфэрэнцыю, на якой выказалі сваё бачаньне хады выбарчай кампаніі і працэдуры галасаваньня. Паводле апазыцыянэраў, выбары не былі справядлівымі і ня могуць лічыцца дэмакратычнымі.

Законнасьцю на выбарах улада не пераймалася

Пра цынізм стаўленьня ўладаў да сёлетніх выбараў заявіў сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і былы кандыдат на дэпутацтва Палаты прадстаўнікоў Алег Аксёнаў:

«Калі на мінулых выбарах рабіліся спробы надаць ім законны выгляд, то цяпер ніхто гэтым асабліва не пераймаўся. Проста пісалі лічбы, і на гэтым усё.

Каардынатар кампаніі «Права выбару» Віталь Макаранка прызнаў, што спадзяваньні на паляпшэньне выбарчага працэсу не апраўдаліся. Ён адзначыў, што большасьць участковых камісіяў праігнаравала парады Цэнтравыбаркаму наконт дазволу назіральнікам падыйсьці да сталоў зь бюлетэнямі на адлегласьць да трох мэтраў.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі: справа налева: Віталь Макаранка, Уладзімер Шанцаў, Алег Аксёнаў, Андрэй Бодзілеў
Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі: справа налева: Віталь Макаранка, Уладзімер Шанцаў, Алег Аксёнаў, Андрэй Бодзілеў

«Спадзяваліся, што на значнай колькасьці ўчасткаў назіральнікаў усё ж падпусьцяць да сталоў і будуць паказваць ім бюлетэні, як было пазначана ў мэтадычцы, якую распаўсюджваў Цэнтравыбаркам. Але нягледзячы на парады назіральнікі практычна былі пазбаўленыя магчымасьці пільнаваць падлік бюлетэняў. Адмяраліся нейкія містычныя тры, дзесяць, пятнаццаць мэтраў. Камісіі сьпінамі закрывалі сталы», — казаў Макаранка.

«Мы разьлічвалі хаця б на мінімальныя пасоўваньні ў бок празрыстасьці, але ўсё было як раней, — прызнаваў ён. — Былі спадзяваньні, што ня будзе загону на датэрміновае галасаваньне. І, што, прынамсі, ня будуць займацца прыпіскамі колькасьці выбарнікаў у дзень галасаваньня».

Улада спалохалася няяўкі

«Улада дужа напалохалася, што можа быць невялікая яўка, — працягваў кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў:

«Шматлікія сыгналы паступалі аб выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу. Людзям масава пагражалі на прадпрыемствах, калі яны не прагаласуюць. Вядомы выпадак, калі студэнтаў сабралі ва ўнівэрсытэце імя Куляшова, і рэктар страшыў іх, што лёгка вылічыць, хто і як галасаваў».

Актывіст АГП прыгадаў ініцыятыву былога сэнатара, а цяпер дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка пра пакараньні штрафамі тых, хто ня будзе ўдзельнічаць у выбарах. Шанцаў выказаў меркаваньне, што рыхтуецца глеба, каб заканадаўча замацаваць такую ініцыятыву:

«Каб людзі не наважваліся ладзіць байкот нагамі, то гэтую праўку вынесуць на разгляд і зацьвердзяць. Так прымаюцца ўсе дурныя законы ў нас», — настойваў ён.

Выбары пераўтварыліся ў прафанацыю

Віталь Макаранка выказаў меркаваньне, што ўлада ад выбараў да выбараў удасканальвае мэханізмы фальшаваньня да «больш прасунутых і тэхналягічных», а яе апанэнты вымушаныя ўвесь час даганяць: «Спрабуем адсачыць, дзе яны нас падманваюць».

Назіральнікі ад АБСЭ на прэсавай канфэрэнцыі
Назіральнікі ад АБСЭ на прэсавай канфэрэнцыі

«Выбары як дэмакратычны працэс згубілі свой сэнс, — казаў ён. — Яны, да жалю, нічога не вызначаюць. Ніхто з нас ня можа сказаць, якімі былі іх вынікі. Грамадзтва ня ведае пра іх. Выбары пераўтварыліся ў прафанацыю. З кожнымі выбарамі ўлады прыдумаюць новыя схемы, займаюцца прыпіскамі, а мы ганяемся за імі і спрабуем злавіць іх за руку».

«У гэтым я браў удзел як назіральнік, каб фактурай давесьці, што гэтыя выбары не былі празрыстымі і справядлівымі. Калі б мы не назіралі, то нашы довады былі б толькі словамі, а так у мяне цэлы сэйф фактуры пра парушэньні», — даводзіў Віталь Макаранка.

«Хрысьціянская дэмакратыя брала ўдзел у выбарах, каб мець легальную магчымасьць стасункаў зь людзьмі, — тлумачыў Алег Аксёнаў.— Наша партыя не зарэгістраваная, шэраг яе сяброў атрымлівалі папярэджаньні ад КДБ за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Вынік гэтай кампаніі: мы павялічылі шэрагі нашых сяброў, павялічылася колькасьць людзей, якія на свае вочы, беручы ўдзел у назіраньні, бачылі, як рэальна праходзяць выбары. Гэтыя людзі перакажуць сваім родным, блізкім пра свой досьвед. Гэта станоўчы вынік нашага ўдзелу ў выбарчай кампаніі».

Алег Аксёнаў пэсымістычна спрагназаваў магчымасьці рэгістрацыі партыі. На ягоную думку, Лукашэнка не хінецца ў бок хрысьціянства. «Яно яму чужое», — зазначыў актывіст.

Нацыянальная сымболіка падчас выбараў

«Многія людзі бачылі бел-чырвона-белыя сьцягі на вуліцах», — зазначыў Уладзімер Шанцаў.

«Цяпер у нас доўга ня будзе такой магчымасьці легальна, без пакараньняў выйсьці на вуліцы з нашымі нацыянальнымі сьцягамі. Людзі бачылі, што ёсьць сьмелыя людзі, якія не баяцца гаварыць тое, пра што думаюць, пра што іншыя наважваюцца казаць на кухнях. На сваіх сустрэчах я даводзіў, што галоўная перашкода на шляху разьвіцьця краіны — гэта знаходжаньне ва ўладзе Лукашэнкі. Пакуль ён будзе пры ўладзе, ніякіх зьменаў ня будзе. Будуць фальшаваньні, ня будзе працоўных месцаў, будуць законы пра дармаедаў. Таму наша праца да пэўнай ступені дасягнула сваёй мэты».

Вынесеныя з участку бюлетэні
Вынесеныя з участку бюлетэні

«Колькасьць людзей, якія прачнуліся, павялічылася, — працягнуў тэму яшчэ адзін былы кандыдат на дэпутацтва, гарадзкі каардынатар камітэту па стварэньні аб’яднаньня «Маладыя хрысьціянскія дэмакраты» Андрэй Бодзілеў.

«Мае давераныя асобы, якія былі на ўчастку назіральнікамі, — гэта маладыя людзі і яны ня ведалі, як і што адбываецца на ўчастках. Як скончыліся выбары, яны запыталіся, што гэта быў за цырк. Трэба ісьці да людзей, да моладзі. Яна таксама павінна прачынацца, і гэтага мы дамагліся», — заключыў актывіст.

Нябожчыка запрасілі прагаласаваць

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі прадэманстравалі дакумэнты, якія сьведчаць, што вынікі выбараў несапраўдныя.

Віталь Макаранка паказаў два бюлетэні, якія вынесьлі з участкаў. Паводле яго, камісіі ў сваіх выніках не засьведчылі, што бюлетэні зьніклі. Лічбы сышліся, казаў ён.

Алег Аксёнаў расказаў, як выявіў фальшаваньне двух выніковых пратаколаў. Старшыня камісіі прызнаў іх несапраўднасьць, але назваў парушэньне «тэхнічнай памылкай».

Актывіст БХД прадэманстраваў запрашэньне на выбары чалавека, які пяць год таму памёр. Яго імя Бродаў Павал Аляксеевіч. «Праверыць, ці прагаласавалі за гэтага выбарца, ў нас няма магчымасьці, паколькі камісіі не даюць спраўдзіць сьпісы», — дадаў Аксёнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG