Праз 12 гадоў ён вырашыў праверыць, як зьмяніўся выбарчы працэс у Беларусі і выпадкова зноў трапіў у Слуцак. Наш суразмоўца кажа, што краіна за гэтыя гады прыкметна пахарашэла і стала больш эўрапейскай: адноўлена шмат будынкаў, зьявілася багата кавярняў і цікавых месцаў, дзе можна правесьці вольны час.
Мы спыталіся ў Томаша, ці стаў прыгажэйшым і больш эўрапейскім працэс на выбарчых участках? Свой адказ назіральнік выклаў у васьмі фактах, якія зьдзівілі яго падчас назіраньня ў Слуцку.
1. Участковыя камісіі
На маёй акрузе ў Слуцку было 48 участкаў, і толькі ў адным зь іх прадстаўнік апазыцыі быў чальцом камісіі. Апазыцыя прапаноўвала 5 асобаў, але 4 адкінулі. Такі расклад сіл сьведчыць аб тым, што падлік ня можа быць празрыстым.
2. Назіральнікі
Зьдзівіла вельмі малая колькасьць незалежных назіральнікаў. На кожным участку за выбарамі назірала па некалькі асобаў, але гэта былі прадстаўнікі «Белай Русі», Саюзу вэтэранаў, Саюзу жанчын, Саюзу афіцэраў і г. д. Я ня бачыў, каб гэта былі актыўныя людзі. Яны даказвалі нам, што ўсё адбываецца выдатна. Былі выпадкі, што назіральнікі проста не былі зарэгістраваныя. Празь дзіўную выпадковасьць гэта былі настаўнікі ангельскай мовы. Іх саджалі за стол, і яны пільна слухалі, пра што паміж сабой размаўляюць назіральнікі АБСЭ.
3. Парушаная пячатка на скрыні
У нас ёсьць фотадоказ таго, што скрынку для датэрміновага галасаваньня на ўчастку нумар 5 адчынялі. Мы зрабілі здымак пячаткі ўвечары, а потым ізноў на другі дзень. Адназначна бачна, што пячатка сапсаваная.
4. Датэрміновае галасаваньне
У сьпісах датэрміновага галасаваньня былі вельмі падобныя подпісы выбарнікаў. Звычайна, калі на аркушы падпісваюцца розныя людзі, то яны гэта робяць розным стылем. Рука ж рухаецца па-рознаму. На адным з участкаў дата заўжды была зьлева, а подпіс справа ва ўсіх прозьвішчах. А на іншым участку дата была зьверху, а подпісы заўсёды зьнізу.
5. Яўка
На некаторых участках сьпісы для галасаваньня былі падзеленыя на некалькі частак. Перад асноўным днём некаторыя з іх былі практычна пустыя, а ў іншых датэрмінова прагаласавала амаль 100%. Я задаваў старшыні камісіі пытаньне, у чым тут таямніца? Ён на гэта адказаў: гэта патрыёты прыйшлі, выказалі сваю патрыятычную пазыцыю. Мы бывалі на розных участках, і часам за паўгадзіны быў адзін чалавек альбо і ўвогуле нікога. Мы пыталіся, дык а дзе ж выбарнікі? Нам тлумачылі, што яны прыйдуць пазьней, альбо што мы разьмінуліся. А ў пратаколах па выніках тыдня яўка была пад 40%.
6. Субардынацыя
Вельмі часта чальцы выбарчай камісіі былі рабочымі той установы, дзе адбывалася галасаваньне. А старшынём камісіі быў іх непасрэдны начальнік. У такой сытуацыі цяжка казаць пра хоць нейкую незалежнасьць чальцоў камісіі.
7. Падлік
Не было магчымасьці дакладна бачыць, якія лічбы ўпісваюць у раённых камісіях. Прыходзілі ў камісію пратаколы, але мы былі за тры мэтры ад месца, дзе яны лічылі галасы. Паміж сабой яны гаварылі вельмі ціха, амаль шэптам. І выніковыя лічбы яны не называлі ўголас. Невядома, ці ў агульную сыстэму яны ўпісвалі тыя самыя дадзеныя. Па выніковым пратаколе не было бачна, якім было галасаваньне на асобных участках.
8. Вынікі
У датэрміновым галасаваньні, на ўчастку дзе мы сачылі за падлікам, праўладная кандыдатка ў Слуцку набрала каля 50% галасоў, а яе канкурэнт з апазыцыі — 18%. У апошні дзень за яе галасавала ўжо 33%, а за апазыцыянэра — 20%. Розьніца паміж галасамі за праўладную кандыдатку падчас датэрміновага галасаваньня і ў апошні дзень — ненатуральная.