Такіх акругаў, дзе выбары ўжо адбыліся, у Віцебскай вобласьці — 8, у Гомельскай — 6, у Магілёўскай — 4, а вось у Гарадзенскай і Менскай — толькі па адной акрузе.
«Традыцыйна нізкай» назвала Лідзія Ярмошына і актыўнасьць выбарнікаў у Менску, дзе на 12 гадзіну дня прагаласавалі толькі 34%, зь якіх 25% — датэрмінова.
Гэтыя лічбы Ярмошына пракамэнтавала наступным чынам:
«Ведаеце, не заўсёды вольнасьць да месца, калі ў чалавека адсутнічае адказнасьць. Гэта ў вёсцы ўсе адзін аднаго ведаюць, там галасаваньне — паказьнік сумленных паводзін. А ў вялікім горадзе некаторыя лічаць, што можна не галасаваць. Мяркую, гэтыя людзі ня цэняць таго, што маюць», — сказала Лідзія Ярмошына.
Старшыня Цэнтравыбаркаму выказалася на адрас некаторых назіральнікаў, якія паведамляюць пра парушэньні на выбарчых участках:
«У іх загадзя падрыхтаваныя справаздачы, іх аднолькава вучаць, таму яны і справаздачы аднолькавыя робяць», — сказала Ярмошына.